Лісты ў рэдакцыю

 

Хто рабіў гісторыю?

У матар’яле «Пярэдні край» у мінулым нумары «НН» былі істотныя недакладнасьці. Перадусім гэта тычыцца ступені ўдзелу розных патрыятычных арганізацыяў у падзеях Маршу Свабоды 17 кастрычніка. Слушная расстаноўка акцэнтаў у гэтай справе патрэбная для папярэджаньня чутак і легендаў.

«Малады Фронт». Тэлевізія растыражавала выяву расьцяжкі з назваю арганізацыі, а газэты завіхаліся, кажучы аб прыналежнасьці да МФ трох маладых людзей, на якіх заведзеныя справы (насамрэч два зь іх ад МФ адышлі яшчэ ў 1997-м). Але радыкальная адмова сп.Севярынца ад любога гвалту (у нашых умовах — чытай: дзеяньня) паспрыяла выхаду з МФ дужае хлапечае часткі. У выніку 17-га групаю шкаляроў з МФ кіравалі дзьве дзяўчыны (sic!). Паказальна, што таму дзясятку падлеткаў з расьцяжкаю МФ шыхты на чале калёны зьедліва кідалі: «Збочце, раздушым».

«Партыя Свабоды». С.Высоцкі зноў разводзіць рыторыку пра «нацыянал-рэвалюцыйны эфэкт» падзеяў 17-га. Праўда, сам партыйны лідэр у часе кожнае апошняе радыкальнае акцыі чамусь пэрманэнтна зьяжджае ў Варшаву (паднабрацца сьмеласьці?). Як ён кажа, «кантраляваць варшаўскі этап барацьбы з дыктатурай» (газэта «Згода»). Тады як тузін яго партыйцаў, якія ўзялі ўдзел у першай частцы Маршу, на скрыжаваньні праспэкту з Варвашэні-Казлова арганізавана селі ў трамвай і зьехалі ў адваротным ад Маршу кірунку. Потым сп.Высоцкі скажа, што «мэтай удзелу сяброў БПС у акцыі 17-га было падвесьці масу да месца магчымага сутыкненьня зь міліцыяй». Выдатна! І адпавядае абвешчанаму лідэрам БПС курсу на тое, каб «самі маскалі, убачыўшы наш супраціў, не схацелі б яднацца» (газэта «Згода»).

Наяўнасьць зялёных банданаў на тварах хлапцоў першых двох шыхтоў сьведчыць аб актыўным удзеле ў Маршы Свабоды ўжо крыху падзабытага «Белага Легіёну». Зялёны бандан меў і чалавек, які шыхтаваў і вёў арганізаваную галаву калёны.

Побач зь легіянэрамі шыхты складалі й сябры арганізацыі «Край». Праўда, была заўважаная адсутнасьць кіраўніка, які б каардынаваў удзел «краёўцаў».

І напрыканцы будзе дарэчнаю цытата з С.Высоцкага: «І нічога, што нехта набраў палітычныя балы, скарыстаўшы мужны парыў беларускае нацыі да жыцьця і ўласнае волі. Хіба гэта галоўнае? У справе нацыянальна-вызвольнага супраціву альбо ўсе перамогуць, альбо ўсе ж і прайграюць».

Сказана добра.

Драб

 

Палітыка — гэта наркотык

Палітыка, мітынгі, пастарункі — гэта наркотык, які траўмуе псыхіку чалавека. Каб любіць гэты сьвет такім, якім ён ёсьць, трэба аддацца Хрысту, а не выбіраць «паміж воляй і сьмерцю, паміж воляй і страхам», як піша П.Севярынец. Бо калі гэты выбар робім бяз Бога, гэта выбар паміж нічым і нічым. Нельга казаць, што я ў Цябе веру, Госпадзе, але зараз ня той час, каб слухацца Цябе. Маўляў, вось пераможам, а пасьля буду маліцца і выконваць Тваю Волю. У такім выпадку мы крочым у нікуды і нічым не адрозьніваемся ад людзей на тым баку барыкадаў.

Мы так баімся быць прыніжанымі, а Хрыстос казаў: «Каб быць першымі, станьце апошнімі». Трэба радавацца магчымасьці жыць тут, у Беларусі, магчымасьці быць прыніжанымі, як Хрыстос. Калі сапраўды зьвярнуцца да Бога, тады і Ён нешта зьменіць тут, на нашай зямлі. Ня трэба кідацца высокімі фразамі аб хрысьціянскай годнасьці, бо фарысэі, калі расьпіналі Хрыста, таксама лічылі, што іхная праўда.

Я сама калісьці марыла аб тым, як БНФ прыйдзе да ўлады, але хутка стамілася ад палітычных амбіцыяў. Паступова даравала ўсім, нават судзьдзю, які даў майму мужу паўтара году зьняволеньня. І Госпад праз маю слабасьць паказаў усю моц маёй душы. Я шчасьлівая, што жыву ў Беларусі, нават калі ёй кіруе Лукашэнка. Таму і Паўлу Севярынцу, які робіць першыя крокі ў пазнаньні Бога, я хачу параіць ня кідацца высокімі фразамі аб моцнай Веры. І пажадаць, каб калі-небудзь на пытаньне «Ці дараваў я ўсім?» яго сэрца адказала: «Так».

Іна Піменава-Шыдлоўская

 

Ператвараюся ў анархіста

Растыражаваны вобраз анархіста — махновец з чорным сьцягам у адной руцэ і маўзэрам у другой. Маўляў, вольнаму — воля, шалёнаму — поле. Насамрэч няма на сьвеце нічога больш бруднага і страшнага за вайну, акрамя рабства. І няма для сапраўднага анархіста большае каштоўнасьці за свабоду.

За свабоду і дзеля свабоды перабілі на сьвеце безьліч людзей. Майго прадзеда ад любові да роднага краю дваццаць гадоў вызвалялі на сібірскай катарзе. Майго дзеда вызвалілі ад царызму. Бацьку — спачатку ад польскай акупацыі, потым ад бальшавіцкай, фашыстоўскай, потым ад уласнай зямлі, ад культу асобы і валюнтарызму. Мяне вызвалілі ад сацыялізму, камуняк, СССР і жудасных ныянал-дэмакратаў. Але ж сапраўднага вызваленьня няма і няма.

Няма радасьці ад дымку над крэматорыем, брыдка глядзіцца патрыятычны заклік над баракам, не дадаюць шчасьця шыхты з роднымі сьцягамі і шыхты з бляшанымі шчытамі. Найболей не хачу, каб мяне яшчэ ад нечага вызвалялі. Найменей хачу вызваляць каго-небудзь. Хачу сам. І раблюся падобным да анархіста.

Калі нешта замінае зьмяняцца да лепшага, спытайся ў свайго сумленьня, як пазбавіцца перашкоды: самому ці то разам зь некім. І адсунь перашкоду. Гэта анархія.

Калі размаўляеш, а не чакаеш Закону аб мовах, атрымліваецца анархія.

Калі ня кажаш «я бяссрэбнік», а імкнесься зарабіць болей — гэта анархія.

Калі страшна ісьці біцца, але ты не балбочаш пра «пацыфізм», а моўчкі дапамагаеш, чым здольны — дык і гэта таксама анархія.

Калі ў цябе адзіны начальнік — сумленьне, дык ці ёсьць на сьвеце большы за цябе анархіст?

Таму кажуць: «Анархія — матка ладу». Таму ейных дзетак так няшмат.

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0