каляндар

150 гадоў таму

 

1849. «Груша цьвіла апошні год...» Гэта час Караткевічавых «Каласоў пад сярпом тваім». Па краіне хаваецца самотны змаганец Чорны Война — ад паўстаньня 1831-га да паўстаньня 1863-га. Народ слаба разумее расейскую мову акупантаў. Сялянка з-пад Менску няўцямна пазірае ў адказ на пытаньне іспраўніка: «Чья это лошадь?»

 

Дзевяць гадоў, як на тэрыторыі Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губэрняў скасаваны Статут ВКЛ, дзесяць — як скасавалі царкоўную Ўнію.

 

Царскія ўлады «накрылі» Братні Саюз Літоўскай Моладзі, заснаваны Р. і А.Далеўскімі. Назва сьведчыць пра тое, што мы яшчэ больш літоўцы, чым беларусы, а наша краіна — яшчэ больш Літва, чым Беларусь. Канчатковая падмена паняцьцяў наперадзе.

 

У гэтым годзе расейскія ўлады выступаюць у ролі «жандара Эўропы». Задушанае вугорскае паўстаньне. Праглядаецца пераемнасьць расейска-савецкай імпэрыі — наступнае вугорскае паўстаньне будзе задушанае ў 1956-м.

 

У Вільні выходзіць першая частка «Pamietnika Naukowo-Literackiego», выдадзенага Рамуальдам Друцкім-Падбярэскім. Культ гуманітарных навук занепадае марудна і дасьць яшчэ некалькі магутных усплёскаў. Па-ранейшаму кіпіць праца ў асяродках гісторыкаў, фальклярыстаў, краязнаўцаў. Там нараджаецца ідэалёгія барацьбы за незалежнасьць.

 

У Гомелі акадэмік пекных мастацтваў А.Дзікоўскі заканчвае фармаваньне парку. Забытая навука сёньня ледзьве нагадвае пра сябе згібамі ляндшафту і разьмяшчэньнем старых дрэваў. Цікава, што за некалькі кілямэтраў ад парку, у раёне Валатава, была збудаваная царкоўка — ня столькі каб маліцца, колькі для прыгожай «карцінкі» з вакна палацу. Гадоў дзесяць таму царкоўка ляжала ў руінах, а як цяпер — ня ведаю. Можа хто пабачыць ды напіша.

 

Гадуюцца «дзеткі» для апошняга ў ХІХ ст. Паўстаньня, да якога застаецца чатырнаццаць гадоў.

Севярын Квяткоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0