cлоўнік паняцьцяў

Валерка БУЛГАКАЎ

13. Пра немагчымасьць беларускага нацыяналізму.

 

Іван Шамякін неяк аднаго разу прынагодна сказаў, што беларускі нацыяналізм — рэч зусім немагчымая, дзікая і праціўная ягонаму ўяўленьню. Няясна, з чаго канкрэтна пры гэтым сыходзіў Шамякін, але нельга адмовіць яму ў страшнай празарлівасьці.

Што толькі ні ўважалі за «беларускі нацыяналізм» дагэтуль! І якім жаданым для юрлівых імпэрскіх ідэолягаў было гэтае паймо! У самыя жудасныя часы дастаткова было недарэчы сказаць па-беларуску некалькі словаў або мець у доме якуюсь «няправільную» кніжку, каб быць абвінавачаным у «беларускім нацыяналізме», кінутым да вязьніцы і расстраляным. Цяпер жа за кніжкі нібыта не страляюць, але дастаткова быць усяго толькі носьбітам мовы, слухаць беларускую музыку, хадзіць у беларускую царкву etc, як за табой прычэпіцца гнюснаватая-такі мянушка «нацыяналіста». Так наша расейскамоўная бальшыня ў гарадах ратуецца ад беларусізацыі, а сельскае насельніцтва ўвогуле ад якой-небудзь мазгавой актыўнасьці.

На тэрміналягічна аформленай мове гэтыя канстатацыі загучаць так: пад «беларускім нацыяналізмам» да нядаўняга часу разумеліся: 1) усьвядомленыя праявы этнічнай адметнасьці, 2) радыкальныя этнічныя маніфэстацыі; зь нядаўняга ж часу пад «беларускім нацыяналізмам» пачалі разумець і «нацыяўтваральны праект», дакладней, спробы зрэалізаваць «нацыяўтваральны праект».

Аднак думаць так — азначае рабіць грубую лягічную памылку, «праектаваць будучыню на цяпершчыну». Прычым некаторыя робяць гэта незнарок, але бальшыня вызнаўцаў такой візіі «беларускага нацыяналізму» культывуюць яе сьвядома, як сродак захаваньня свайго дамінуючага статусу. Нацыяналізм у строгім сэнсе ня можа разглядацца як буджэньне, часта правакацыйнае і нават камічнае, нацыянальнай сьвядомасьці; нацыяналізм ня можа таксама разглядацца як стварэньне нацыянальнай ідэнтычнасьці. Нацыяналізм — гэта спараджэньне ўжо сфармаванай нацыянальнай ідэнтычнасьці, якая падтрымліваецца інстытуцыйна, а не фармальна. Іншымі словамі, нацыяналізм адпавядае ня фазе разгарненьня нацыянальнай ідэнтычнасьці, а фазе яе дагарненьня, калі яна ўжо канчаткова ўстанавілася і здольная агрэсіўна ўплываць на хаду падзеяў.

Распаўсюджанае ў нас паймо «беларускага нацыяналізму» — гэта страшна вульгарызаванае паймо, пакліканае трымаць беларусаў у стане культурнай і моўнай меншыні.

Значыць, беларускі нацыяналізм наагул немагчымы? Зусім не. Ён ператворыцца зь фікцыі ў факт неўзабаве пасьля таго, як на зьмену Беларусі як нэакаляніяльнай дзяржаве прыйдзе Беларусь як дзяржава нацыянальная.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0