Вызначыўся пераможца найбольш прэстыжнага каманднага хакейнага турніру сьвету. Упершыню ў гісторыі ўладальнікам Кубку Стэнлі стаў клюб «Анагайм Майты Дакс». «Качарам» спатрэбілася пяць гульняў, каб перамагчы ў фінальнай сэрыі «Атаву Сэнатарс» і завалодаць трафэем.

Нагадаем, што яшчэ летась за «Анагайм» выступаў беларускі легіянэр Руслан Салей. Летам 2006 году кіраўніцтва «качараў» адмовілася заключаць з нашым хакеістам доўгатэрміновы кантракт. Салей зьмяніў узьбярэжжа Ціхага акіяну на ўзьбярэжжа Атлянтычнага, перабраўшыся ў «Фларыду Пантэрз». «Пантэры» сёлета нават не змаглі патрапіць у плэй‑оф Кубку Стэнлі, а «Анагайм» стаўся яго пераможцам.

Аднойчы Салей ужо гуляў у фінале Кубку Стэнлі, у 2004 годзе. Тады «Анагайму» супрацьстаялі «д’яблы» зь Нью‑Джэрсі. У напружанай сяміматчавай сэрыі «качары» саступілі. Тады Салей адзначыўся пераможнай шайбай у адной з сустрэч.

У гэтыя дні таксама мусіць вызначыцца ўладальнік Кубка Колдэра, другога па рангу хакейнага турніру Новага сьвету. У фінальнай сэрыі «Гамільтан» беларуса Міхаіла Грабоўскага зь лікам 3:1 выйграе ў «Хершы».

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0