Весткі зь Вільні

 

Урок гісторыі

9 лістапада ў віленскім Пэдагагічным унівэрсытэце прайшла прэзэнтацыя новай беларускай кнігі. Гэта доўгачаканы плён працы двух аўтараў — Уладзімера Арлова і Генадзя Сагановіча — «10 вякоў беларускай гісторыі».

На імпрэзу сабралася багата народу. Найперш — віленскія студэнты-беларусісты, а таксама вучні старэйшых клясаў з тутэйшае школы імя Францішка Скарыны. Усе яны слухалі Ўладзімера Арлова.

...Барадаты пісьменьнік жмурыўся ад зыркіх тэлевізійных лямпаў. За вакном цякла рака Вяльля. А далёка, за рачною выгбаю, у лістападаўскай смузе патанала сіняя гара з Гедымінавым замкам.

 

На Малой Пагулянцы

У мінулы аўторак, 9 лістапада, у Вільні адкрылася новая выстава братоў Покладаў. Сяргей і Алесь выставілі блізу тыя самыя працы, што нядаўна паказвалі ў Менску.

Сяргей Поклад выставіў працы з двух сваіх апошніх цыкляў, «музычнага» і «вулічнага». «Музычны» абуджае згадкі пра Шагала. «Вулічны» цалкам прысьвечаны Вільні. Хоць у ім цяпер і няма гэтак пазнавальных эрзацных аб’ектаў, а толькі сьвятло віленскіх двароў ды завулкаў. Алесь Поклад пачуваецца ўпэўнена ў жанры караценькіх прыпавесьцяў — пра віленчукоў, пра менчукоў, пра жыцьцё. Пэрсанажы ягоных твораў пастаўленыя ў сытуацыі па-за часам і, зрэшты, па-за прастораю. Але любы глядач пазнае ў іх часьцінкі ўласнага досьведу.

Выстава экспануецца ў галерэі «Amatininku», што на Малой Пагулянцы, вуліцы, якая носіць цяпер імя Кастуся Каліноўскага.

 

Мужчынская праца

10 лістапада ў вядомай віленскай галерэі «Znad Wilii» адчынілася чарговая выстава беларускага мастацтва. Гэтым разам —пэрсанальная экспазыцыя Юр’я Якавенкі. Мастак жыве й працуе ў Горадні, а таму ягоная творчасьць пакуль мала знаёмая менскай публіцы.

Юры Якавенка творыць у рэдкай цяпер тэхніцы мэцатыны (mezzotinto). Гэткую тэхніку рыцінаў, мала што італьянская назва, вымысьліў у XVIII ст. нямецкі графік Зыген. Спачатку мядзяны ліст апрацоўваецца кіслатою і набывае шурпатую паверхню, якае дае глыбокі, бархацісты тон пры друку. Затым мастак алоўкам і іголкаю робіць на медзі малюнак. Пасьля тое, што мусіць быць сьветлым, асьцярожна чысьціцца, прасуецца й паліруецца. Адным словам, няпроста. «Гэта сапраўдная мужчынская работа. Для моцных і цярплівых. Для майстроў», — сказаў падчас адкрыцьця выставы Юры Якавенка.

На адкрыцьці выставы прысутнічалі беларускія й польскія дыпляматы, тутэйшыя мастакі і замежныя журналісты. «Адразу відаць — беларуская школа», — дзяліліся думкамі гледачы. Яны мелі на ўвазе, што плойма вобразаў і цытатаў, зь якіх тчэцца мастацтва Якавенкі, можа нагадаць нам і іншых вялікіх беларускіх фантазёраў — Селяшчука, Славука ці Батальёнка. Хоць у адным ён апярэдзіў іх пэўна — у найлепшым штукарстве мэцатыны.

Ліцьвін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0