Містычная Радзіма

 

Праўды няма куды падзець — праблема ўкраiнцаў Берасьцейшчыны iснуе i мае доўгую, складаную, часамi страшную гiсторыю. Можна, канечне, назваць гэтых людзей насельнiцтвам i заявiць, як гэта робяць некаторыя дзеячы з АН РБ: “Да гранiцы з Украiнай насельнiцтва гаворыць на дыялектах беларускай мовы, а пасьля яе — на дыялектах украiнскай”, — але гэта ня будзе мець нiчога агульнага зь iсьцiнай. Хто мае вушы, той пачуе: “Батько, маты, хлiб, ходыты, робыты”, — гэта мова не адной сотнi тысячаў чалавек пад Берасьцем i ля Пiнску, на Кобрыньшчыне i ў Маларыце, у Іванаўскiм раёне i ля Гарадной... За любым бяседным сталом, на кожнай лаўцы пад старой грушай ты зможаш пачуць: “На Украiне е долына, а в тый долынi е хатына...” — рэч толькi ў тым, як да гэтага паставiсься.

Мiнецца гора?

Жыхары гэтых месцаў раптоўна ператварылiся з “маларосаў” у “беларусаў” пад час усяпольскага перапiсу насельнiцтва 1921 году, калi польскiя ўлады з ўсяе моцы iмкнулiся перамагчы ў неабвешчанай вайне супраць украінцаў на “крэсах всходнiх” сваёй дзяржавы.

Мая бабуля (дай Бог ёй здароўiца), колькi сябе памятаю, усялякiя выбары камэнтавала фразай: “Мынэцця лыхо, мынэцця горэ, як дэв’ятнаццятка поборэ”, — i iранiчна хiтала галавой. А рэч у тым, што пад такiм лёзунгам iшоў на выбары ў польскi сэйм украiнскi Сельроб у нашых месцах. Галасавалi тады за партыi, i нумар украiнскага сьпісу быў 19. “Дзевятнаццатка” тады сапраўды перамагла. Гора вось не мiнулася.

Амаль у кожнай вёсцы мелiся перад вайной сябры “Просвiты” — украiнскага культурнiцка-адукацыйнага таварыства, якiя шчыравалi дзеля таго, каб узьняць узровень жыцьця людзей на гэтых балотных абшарах, а таксама арганiзоўвалi бiблiятэкi, ставiлi спэктаклi, ладзiлi канцэрты... З пажоўклых фотак таго часу глядзяць прыгожыя хлопцы i дзяўчаты — у народных строях пасьля iмпрэзы, у элеганцкіх гальштуках ды камiзэльках, у каралях i хустачках, павязаных пад падбародзьдзем, з роварамi i на конях — гэтымi тагачаснымi знакамi дастатку... Гэта настаўнiкi, фэльчары, сяляне-“господарi”, камэрсанты. Людзi мiжваеннага гарту. Амаль усiх потым зьнiшчылi — немцы, саветы. Тыя, хто здолелi ўцячы, як правiла, добра ўладкоўвалiся ў Амэрыцы, Аўстралii, Канадзе — працы не баялiся. Але шляху дадому для iх не было.

Адна сьмерць — гэта Сьмерць, тысяча сьмярцей — статыстыка. З гэтага сьсечанага лесу, памiж спарахнелых камлёў паўставаў кволы падлесак нашага пакаленьня. Колькi бачна, не засталося вакол нiводнага старога дрэва — нам няма было ў каго спытацца, зь якога мы кораню.

Беларусы, што так многа пацярпелi ад афiцыйнага вялiкадзяржаўнага шавiнiзму тых часоў, у адносiнах да ўкраiнцаў Берасьцейшчыны i самi павялi сябе несправядлiва, робячы выгляд, што нават праблемы такой не iснуе. Нясправядлiвасьць жа гэтая бумэрангам (i як балюча!) ударыла па самiх беларусах. Спробы беларусiзацыi гэтага краю сваёй маральнасьцю нiчым не адрозьнiвалiся ад спробаў русiфiкацыi ды палянiзацыi. Такiя нечаканыя ды горкiя вынiкi травеньскага рэфэрэндуму 95-га году што да Берасьцейскай вобласьцi зусiм зразумелыя — а тут за Лукашэнкавы прапановы галасавала амаль столькі ж, як на Магілёўшчыне. Адна зь мясцовых настаўнiц сельскай школы, стаж работы якой больш за 40 гадоў, на пытаньне, як яна тады галасавала, адказала: “Як i ўсе дурнi. Вось i разумею, што ў дзяржаве Беларусь дзецi павiнны вучыцца па-беларуску, але як успомню, як яны пыкаюць-мыкаюць...” А як бы яна прагаласавала, калi б дзецi ў яе класе вучылiся на той мове, на якой яны гавораць i дома? Цi гэта рытарычнае пытаньне?

Калі заплюшчыць вочы…

За ўсю гісторыю Берасьцейская вобласьць толькі непрацяглы час была ў складзе Ўкраіны (УНР) — у 1918 годзе, а затым у 1941—44 у складзе райхскамісарыяту “Ўкраіна”…

Польшча і саветы кожны па-свойму вырашалі праблему памежных украінцаў.

У сорак шостым годзе ўкраінцам, якія спрадвеку жылі на левым беразе Буга і цяпер апынуліся ў Польшчы, было прапанавана “рэпатрыявацца” ў Савецкі Саюз. Сялян з Кастамалотаў, дзе жыла сям’я дзеда, вывезьлі пад Адэсу, у стэп, які трэ было асвойваць. Там панаваў цар-голад. Каб неяк яго падмануць, бацька, якому тады было восем, разам зь сябрамі бег у лесапаласу і еў гронкі белай акацыі…

Аднавяскоўцы выправілі дзеда ў Кіеў да Хрушчова — прасіцца назад. Той даў дазвол. “Праезд па тэрыторыі Ўкраіны я вам гарантую, — сказаў, паводле сямейнай легенды, Хрушчоў. — Вас ніхто не зачэпіць. А далей — дабірайцеся, як самі сабе знаеце”...

Калі заплюшчу вочы, бачу, як па замуравелай дарозе, упрэгшы ў падводы кароваў, вяртаюцца дадому зь бязводнага пададэскага стэпу кастамалоцкія аднавяскоўцы. Хаваючыся ад міліцыі і чырвонаармейцаў, каб не завярнулі назад, хаваючыся ад аунаўцаў, што шасталі па лясох і маглі адабраць тое з майна, што яшчэ засталося пасьля пераездаў… Ехалі, дакладней, ішлі, ужо месяц. На другі дзень Тройцы падарожнікі былі ў глухой вёсачцы Башні каля Янова, дзе пуставала некалькі хат — іх гаспадароў, палякаў, “рэпатрыявалі” ў Польшчу. Вырашылі застацца тут, мяркуючы перажыць зіму, а тады дабірацца далей.

Але так ня стала.

У той час, як кастамалотцы садзілі бульбу пазычанымі ў башнян лупінамі, саветы ўзводзілі па Бугу жалезную агароджу — мяжу, а палякі праводзілі апэрацыю “Вісла”. Як потым паведамілі аднавяскоўцы, у Кастамалотах раптоўна зьявіліся польскія жалнеры і ў гадзіну вывезьлі ўсіх, хто тут яшчэ заставаўся, у Альштынскае ваяводзтва, адкуль, у сваю чаргу, “рэпатрыявалі” немцаў… Мая стрыечная бабуля пекла на той час хлеб, дык нават не дазволілі дачакацца, пакуль сьпячэцца, пагналі, у чым была, на падводы…

 

За нашу й вашу…

Калі б беларускія нацыяналісты былі больш прадбачлівыя, дык не аспрэчвалі б відавочных фактаў (“У мяне ў Маларыце жыве цесьць. Там ніхто не гаворыць па-ўкраінску!”), а імкнуліся б набыць сабе саюзьнікаў (у той жа Маларыце). Контрапрадуктыўна гаварыць пра нейкую маргінальнасьць берасьцейцаў, што зараз надзвычай модна сярод, так бы мовіць, пэўных беларускіх колаў. Бо прайшло зусім нямнога часу, як гэтыя “маргіналы” давалі такога перцу НКВД, а потым МГБ, што тут ёсьць чаму павучыцца “немаргіналам” (згодна з архіўнымі зьвесткамі, на тэрыторыі сучаснай Беларусі дзейнічала каля 300 груп УПА лікам кожная ад 10 да 500 чалавек).

Да ідэі Беларускага Дому, Беларускай Дзяржавы, да ідэі супрацьстаяньня русіфікацыі ўкраінцы Берасьцейшчыны могуць дайсьці толькі праз усьведамленьне сваіх каранёў, празь вяртаньне да ўкраінскасьці. Іншага ня дадзена.

У Беларусi шмат людзей, якiм я хацела б сказаць: берасьцейскія ўкраiнцы — ня злобныя сэпаратысты, якiя сьпяць i бачаць, як бы адарваць ад Беларусi кавалак. Не. Проста мы трохi больш багатыя за вас: у нас дзьве Радзiмы, як бывае ў чалавека дзьве мацi. Адна — далёкая, амаль невядомая, амаль мiстычная, якая згубiла дзiця адразу пасьля таго, як нарадзiла, амаль забытая — але мацi не забываюць, i сэрца цягнецца да яе заўжды. Другая — тая, што гадавала, якую любiш больш розумам. Якую, як i вы, мы ня хочам заўтра згубiць.

Натальля Бабiна


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0