Сяргей ХАРЭЎСКІ

Месца ў перапісе

 

Мая бабуля распавядала пра ўкраiнцаў, што зьявiлiся пад Менскам за царом. Гэта былi моцныя гаспадары, якія пабралi ў ваколiцах Мiханавiчаў зямлю ў арэнду. Былi й вэтэраны, што атрымалi казённыя землi за службу. Iх запомнiлi як надта працавiтых i надта шумных людзей. Яны ж завезьлi сюды i памiдоры. Вялiкiя, чырвоныя. Але неўзабаве вайна, нiбы паводкаю, зьнесла гэтых людзей з нашых мясьцiнаў.

Другая хваля ўкраiнцаў зьявiлася ў Беларусi пасьля вайны. Гэта былi ўжо iншыя людзi. Перадусiм савецкiя. Iнжынэры, прарабы, геолягi... I iхнай рупнасьцью таксама паўставала паваенная БССР. Абсалютная большасьць украiнцаў пасела ў гарадах. Апагей гэтае эмiграцыi прыпаў на 70-я гады. У 60-х колькасьць жыдоў i ўкраiнцаў зраўнялася. А вось ужо ў 70-я ўкраiнцы склалi больш за 2% насельнiцтва Беларусi — 4-я па колькасьці нацыянальная група.

Паводле перапiсу 1979 г. украiнцаў у БССР было ўжо 231 тысяча. Пры тым, аднак, толькi менш паловы зь iх лiчылі ўкраiнскую мову роднай. Нашы ўкраiнцы ператвараліся ў савецкi народ хутчэй за самiх беларусаў. Яны не жылi ў Беларусi кампактна, як, напрыклад, палякi цi лiтоўцы. Не вылучалiся яны зьнешне, як жыды цi цыганы.

У 1989 годзе ўкраiнцы склалi ўжо амаль 3% насельнiцтва Беларусi. Для параўнаньня, беларусы ў Вiльнi таксама складаюць больш за тры працэнты яе жыхароў i таксама трывала займаюць чацьвертае месца па сваёй колькасьці.

Пры канцы лiстапада будуць вядомыя папярэднiя вынiкi апошняга перапiсу... Хоць адна лiчба ёсьць ужо сёньня. У беларускiм войску ўкраiнцы складаюць 15 працэнтаў сярод афiцэраў. І гэта ўжо трэцяе месца...

А на Берасьцейшчыне ёсьць пашпартныя беларусы, якія лічаць сябе ўкраінцамі...


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0