Навіны зь Беларусі за суботу й нядзелю

 

 

Краёўцы прайшлі шэсьцем у Вызьне

У мінулую суботу акцыю ў гонар угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну правяла ў мястэчку Вызьне (цяпер Чырвоная Слабада) арганізацыя “Край”. 60 чалавек у камуфляжнай форме з сымболікай БНР прайшлі шэсьцем ад ускрайку мястэчка да ягонага цэнтру. Краёўцы ўсталявалі жалезны крыж у парку ды ўсклалі вянкі з надпісамі: “Тым, хто пайшоў паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”. Мясцовая міліцыя зьявілася толькі па сканчэньні акцыі, але пабачыўшы арганізаваныя шэрагі, дала драла. Над крыжам прачытаў малітвы адзін са сьвятароў Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай (народнай) царквы — ярэй Леанід. Удзельнікі акцыі раскідалі па паштовых скрынках улёткі і правялі нефармальную гутарку з вызьненцамі.

Тацяна Сьнітко

 

 

Слуцак—Лёндан

27 лістапада ў Лёндане адбылася вечарына, прысьвечаная ўгодкам Слуцкага Збройнага Чыну. Айцец Надсан адправіў малебен. Сярод эмігрантаў паваеннай хвалі і новых палітуцекачоў, а таксама беларускіх студэнтаў на навучаньні ў Брытаніі вылучаўся японскі студэнт з Манчэстэра, што вывучае беларускую мову. 10 сьнежня ў Лёндане Беларуска-Ангельскае таварыства ладзіць паэтычны вечар.

Зь Лёндану — Алесь Нешчарда

 

У Вярхоўным Савеце

У суботу засядала сэсія Вярхоўнага Савету, піша БелаПАН. Заслухалі генэрала Савічава, які даклаў пра пошукі сьлядоў Ганчара. Вырашылі: папярэдзіць, што подпіс Лукашэнкі пад саюзнай дамовай ня будзе мець юрыдычнай сілы, абралі на намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету і сябра Прэзыдыюму дэпутата Лябедзьку. Васіля Капітана вызвалілі ад абавязкаў Генэральнага пракурора, а прызначылі Рыгора Пракаповіча, цяперашняга старшыню камісіі па заканадаўстве. Мабыць, нешта рыхтуюць.

 

Пасол Марыніч заклікаў да рэформаў

Пасол Беларусі ў Латвіі Міхаіл Марыніч заявіў, што Беларусі трэба асобнае Міністэрства замежнаэканамічных сувязяў, а ня проста аддзел гэткіх сувязяў у МЗС, бо сумяшчэньне замежнагаспадарчых і замежнапалітычных функцыяў можа дрэнна адбіцца на гаспадарцы. Пасьля прыезду Марыніча ў Рыгу рэзка ўзрос аб'ём гандлю Беларусі з Латвіяй і асабліва беларускі экспарт туды, прытым што агулам беларускі экспарт рэзка скараціўся за два апошнія гады. Пасольства ў Латвіі падрыхтавала таксама прапановы ўраду па рэформе сельскай гаспадаркі на прыбалыйскі ўзор — прыбалты экспартуюць збожжа нават у тыя гады, калі ў Беларусі няўрода. Міхаіл Марыніч узначальваў МЗЭС да 1998 году, а тады яго адправілі паслом у Латвіі, а міністэрства аддалі Латыпаву. У 1994 годзе апазыцыя ў Вярхоўным Савеце падтрымлівала кандыдатуру Марыніча проці Грыба, які йшоў тады ад большасьці.

 

Міліцыя налічыла

26 лістапада судзьдзя Барысёнак засудзіў кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна-96» Алеся Бяляцкага за тое, што ў сядзібе цэнтру знайшлі 316 асобнікаў бюлетэня "Права на волю", друкаванага органу арганізацыі. А.Бяляцкі абвінавачаны ў парушэньні закону аб друку (без рэгістрацыі можна выдаваць накладамі ня больш за 300 асобнікаў). На судзе праваабаронца казаў, што раз ніхто з супрацоўнікаў «Вясны» не прысутнічаў пры падліку колькасьці асобнікаў, дык можна лічыць, што доказаў абвінавачаньня няма. Барысёнак жа пастанавіў лішнія бюлетэні зьнішчыць, а Бяляцкага ўкараў на 14 з паловай мільёнаў лукашэнкаўскіх рублёў. У "Праве на волю" многія беларускія вязьні сумленьня і сваякі няпраўдаю засуджаных друкавалі свае лісты і астрожныя ўспаміны.

Б.Т.

 

Ваўчаку прыз

Алег Воўчак, кіраўнік праваабарончай арганізацыі "Прававая дапамога насельніцтву", стаў ляўрэатам прэміі Міжнароднай лігі па правах чалавека. Але ці дадуць яму паехаць яе атрымаць? На ім жа крымінальная справа вісіць за 21 ліпеня.

Аляксей Шыдлоўскі

 

Арт-кавярня трактарнага заводу

23 лістапада ў арт-кавярні «Дом ля дарогі» (ДК МТЗ) самыя маладыя з маладых беларускіх паэтаў, празаікаў ды выканаўцаў бардаўскай песьні правялі чарговую літаратурна-мастацкую вечарыну. Дзяўчаты і юнакі чыталі свае літаратурныя практыкаваньні ня толькі па-беларуску, але й на замежных мовах, найперш па-расейску. Хоць маладыя жывуць пераважна ў расейскамоўным асяродзьдзі, найбольш удалыя тэксты ствараюць менавіта па-беларуску. Што й зразумела: на замежнай мове можна практыкавацца, і толькі на роднай — прамаўляць душой.

М.Ч.

Пратэзаў ня будзе

У Магілёве больш за месяц не працуе мясцовая філія артапэдычнага цэнтру, які вырабляе спэцабутак для інвалідаў і пратэзы — няма сродкаў на сыравіну. Работнікі пайшлі ў адпачынак без захавання заробку. Цяжка з дэталямі для пратэзаў. У вобласьці 12000 чалавек карыстаюцца паслугамі прадпрыемства, дык чарга цяпер вялізная і безнадзейная: амаль 2500 замоваў. Прадпрыемства можа выратаваць пераход на платныя паслугі, але дзе ў інвалідаў грошы, каб плаціць?

З Магілёва — Сымон Глазштэйн

 

Людзі ў штацкім у Палітэхніцы

У сераду ў будынку Політэхнічнае Акадэміі чалавек у штацкай форме з пасьведчаньнем МУС затрымаў Зьмітра Шыракапытава, сябра сацыял-дэмакратаў, пры раздачы бюлетэня «Post Factum».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0