Да чаго прыводзіць патураньне дыктатарам

Вынікі Стамбульскага саміту АБСЭ

 

Кажуць, чалавецтва разьвіваецца па сьпіралі, і на новым вітку ўсё паўтараецца. Шматлікія прыклады з нашага жыцьця пацьвярджаюць гэта.

У верасьні 1938 году на канфэрэнцыі ў Мюнхене, у якой узялі ўдзел прэм’еры Францыі і Англіі Даляд’ё і Чэмбэрлен, верхаводы фашыстоўскіх Нямеччыны і Італіі Гітлер і Мусаліні, а таксама дэлегацыя Чэхаславаччыны, былі задаволеныя патрабаваньні Гітлера аб новым пашырэньні тэрыторыі Трэцяга Райху. (Першае такое пашырэньне адбылося ў сакавіку 1938 г. за кошт далучэньня Аўстрыі.) На гэты раз было вырашана перадаць Нямеччыне Судэцкую вобласьць, што належала Чэхаславаччыне. Прычым у апошняй згоды не пыталіся. Яе дэлегацыя прысутнічала толькі для таго, каб заслухаць прысуд «магутных сьвету». І ўсё гэта рабілася з маўклівае згоды Лігі Нацыяў, створанай у 1919 годзе з мэтаю абмежаваньня зброі, узаемнай гарантыі тэрытарыяльнай цэласьці і незалежнасьці членаў Лігі, барацьбы з агрэсарамі. Нямеччына пакінула Лігу яшчэ ў кастрычніку 1933-га. Каб ня зьвязваць сабе рук.

Калі кіраўнікі дзяржаваў вярнуліся дамоў, і ангельцы запыталіся ў 69-гадовага і вельмі асьцярожнага кіраўніка свайго ўраду, якія навіны ён прывёз зь Мюнхена, Чэмбэрлен іх запэўніў: «Я прынёс мір нашаму часу».

Узрушаны гэткай палітыкай патураньня агрэсару Чэрчыль сказаў: «Гэта толькі пачатак расплаты. Гэта толькі першы глыток з горкае чары, якая будзе прапанаваная нам з дня на дзень».

Пасьля «Мюнхенскай згоды» быў «пакт Молатава—Рыбэнтропа», у часе падпісаньня якога яшчэ адзін дыктатар — Сталін — прапанаваў падняць келіх шампанскага за здароўе Гітлера як лідэра, быццам бы падтрыманага большасьцю нямецкага народу. Два дыктатары ўступілі ў змову і падзялілі між сабою сфэры ўплыву ў Эўропе.

Чым скончылася тагачасная палітыка «прымірэньня» з дыктатарамі і задавальненьня іхных патрабаваньняў, добра вядома.

Нешта падобнае, толькі на новым вітку сьпіралі, адбываецца і ў нашы дні. Сьведчаньне таго — радасьць шавіністычных колаў Расеі, зь якой яны ўспрымаюць кожнае паведамленьне пра захоп усё новых населеных пунктаў Чачэніі. Гаворка ідзе не пра барацьбу з бандытамі. Кожны сумленны чалавек падтрымліваў бы такую барацьбу, якой бы нацыянальнасьці бандыты ні былі. Гаворка ідзе пра той экстаз шавіністычных пачуцьцяў, што выказваюцца ў расейскіх СМІ з нагоды, скажам, адкрыцьця новых расейскіх школаў у захопленых чачэнскіх сёлах, дзе чачэнская мова вывучаецца толькі як прадмет.

Расейскія вайскоўцы і карэспандэнты ў Чачэніі прыдумалі нават слова «зачыстка». Калі яно азначае зачыстку краіны ад роднай мовы, ад нацыянальных традыцыяў і звычаяў, дык гэта і ёсьць аднаўленьне таго самага махровага шавінізму, што праводзіўся ў часы Расейскай імпэрыі і яе пераемніка — Савецкага Саюзу. Сусьветная практыка паказвае, што кожны народ, каб быць абароненым ад шавінізму тытульнай нацыі, імкнецца мець сваю нацыянальную дзяржаву. На гэта ён мае права і за гэта ён будзе змагацца, бо без стварэньня нацыянальнай дзяржавы нельга ў поўнай меры захаваць і правы чалавека. І таму вельмі шкада, што правам народаў на стварэньне і захаваньне сваіх нацыянальных дзяржаваў Стамбульскі саміт кіраўнікоў дзяржаваў не надаў належнае ўвагі.

Экстаз шавіністычных пачуцьцяў у дзеяньні — гэта і ёсьць агрэсія супраць іншых народаў, пад якім прыкрыцьцём яна б не ажыцьцяўлялася: ці пад прыкрыцьцём абароны правоў этнічных немцаў, як гэта было ў часе захопу Гітлерам Судэцкай вобласьці, ці пад прыкрыцьцём барацьбы з бандытамі, як гэта сёньня адбываецца ў Чачэніі.

Не прыкмеціў Стамбульскі саміт і тых парушэньняў правоў і свабодаў чалавека, якія сёньня маюць месца ў Беларусі. Больш за тое, у выніковай дэклярацыі гаворыцца нават пра нейкі першапачатковы прагрэс у Беларусі ў справе палітычнага дыялёгу зь непасрэдным удзелам АБСЭ.

Цяжка сказаць, чым гэткі запіс прадыктаваны: ці тым, каб паказаць, што прадстаўніцтва АБСЭ ў Беларусі і рабочая група АБСЭ па Беларусі нешта сапраўды могуць, і іх захады эфэктыўныя, ці тым, што паводле парадку прыняцьця пастановаў (кансэнсус мінус адзін голас), АБСЭ ўвогуле ня можа прымаць больш канкрэтных рашэньняў. Так ці інакш, а прыняты пункт па Беларусі нікога ні да чаго не абавязвае і ставіць на адну дошку як тых, хто парушае законнасьць, правы і свабоды чалавека, так і тых, чые правы парушаныя і хто вядзе барацьбу за ўсталяваньне законнасьці. Гэткі абцякальны запіс зьяўляецца амаральным у адносінах да тых, хто сёньня па палітычных матывах падвяргаецца рэпрэсіям, бязь вестак прапаў, абылганы ў дзяржаўных СМІ і пазбаўлены права сябе абараніць.

Няўжо тыя, з чыёй прапановы рабіўся гэткі запіс, ня ведаюць, што як у трыццатыя гады ўсьлед за «Мюнхенскай згодай» быў падпісаны ў Маскве «пакт Молатава—Рыбэнтропа», так і сёньня за Стамбульскай дэклярацыяй, якая сваім зьместам патурае расейскаму шавінізму і дыктатарскаму рэжыму ў Беларусі, адбудзецца ва ўсё той жа Маскве, за сьпінамі народаў Беларусі і Расеі, падпісаньне новага злачыннага пакту, які пры яго ажыцьцяўленьні пазбавіць беларускі народ права мець сваю нацыянальную дзяржаву. Яшчэ «дамова» не падпісаная, а ўжо ва ўгоду расейскім шавіністам дыктатарскі рэжым Лукашэнкі зьліквідаваў у сталіцы Беларусі ўсе беларускія школы, амаль не выдаюцца беларускія кнігі, гвалтоўна выцясьняецца беларуская мова, робіцца ўціск на нацыянальныя меншасьці, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі. Беларускую культуру, навуку і асьвету ў Савеце Міністраў курыруе палкоўнік, грамадзянін Расеі Ў.Замяталін, людзі, якія прыбылі з Масквы, узначальваюць Міністэрства замежных справаў і Міністэрства абароны Беларусі і г.д. А што будзе пасьля падпісаньня «дамовы»?

Для абгрунтаваньня інкарпарацыі Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі выкарыстоўваюцца ўсё тыя ж злачынныя мэтады, якія выкарыстоўваліся ў часе «Мюнхенскай згоды» і «пакту Молатава—Рыбэнтропа». Напрыклад, Пуцін, не пытаючыся ў беларускага народу пра яго стратэгічныя інтарэсы, заяўляе, што аб’яднаньне Расеі і Беларусі дыктуецца іх (г.зн. расейскімі) стратэгічнымі інтарэсамі. А дэпутат Дзярждумы М.Ганчар навогул кажа, што ў беларусаў і расейцаў адна мова...

Да сказанага трэба дадаць, што тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў А.Лукашэнкі скончыўся 20 ліпеня 1999 году і ўсе ягоныя подпісы на дзяржаўных дакумэнтах ня маюць сілы. І гэтага «не заўважыў» Стамбульскі саміт кіраўнікоў дзяржаваў-членаў АБСЭ.

Вядома, што беларускі народ (асабліва моладзь) не пацерпіць глумленьня над яго правам мець свой родны дом — сваю нацыянальную дзяржаву і будзе абараняць гэтае права ўсімі сродкамі, у тым ліку і са зброяй у руках, калі яго да гэтага прымусяць. «Аб’яднальнікам» трэба было б памятаць урокі гісторыі, якія сьведчаць, што ўсе гады знаходжаньня Беларусі ў складзе Расейскай імпэрыі — гэта гады пэрыядычных паўстаньняў і барацьбы беларусаў за аднаўленьне сваёй дзяржаўнасьці. Беларусы памятаюць подзьвігі Тадэвуша Касьцюшкі і Кастуся Каліноўскага, і калі іх вымусяць, яны будуць гатовыя іх паўтарыць.

Тым жа, хто сёньня патурае дамаганьням расейскіх шавіністаў і недаацэньвае тую пагрозу міру, якую нясе ў сабе новая дыктатарская плынь — «лукашызм», хачу задаць пытаньне: няўжо вы думаеце, што папярэджаньні Чэрчыля ўжо састарэлі, і на гэты раз можна задаволіць шавіністаў і дыктатараў нейкімі падачкамі, пасьля чаго яны супакояцца? А калі не, дык чым скончыцца патураньне ім на гэты раз?..

Сямён Шарэцкі,
Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0