Шкада Расеі

 

П’яныя расейскія салдаты забілі маладую жанчыну і паранілі яшчэ дзьвюх, распачаўшы страляніну з аўтаматаў у вёсцы на мяжы Інгушэціі і Чачэніі. 24 лістапада пяцёра вайскоўцаў 138-й Санкт-Пецярбурскай мотастралковай брыгады прыехалі ў станіцу Сьляпцоўскую бронетранспарцёрам і запатрабавалі
ў прадуктовым шапіку гарэлкі.

 

Продаж гарэлкі ў Інгушэціі забаронены ўказам прэзыдэнта Аўшава. Прадавачка Ларыса Коціева адмовілася выконваць патрабаваньне, за што расейцы яе й расстралялі.

Кажуць, п’яныя, кажуць, вайна, рознае здараецца...

Рэч менавіта ў тым, што гэта вайна, а не якаясь там “антытэрарыстычная апэрацыя”. Наўрад ці тыя салдаты, не знайшоўшы гарэлкі, пачалі б страляць, быўшы ў Тамбове ці Іванаве. Ды там іх і не пусьцілі б са зброяй за тэрыторыю вайсковай часткі. На Каўказе яны могуць сабе такое дазволіць, бо Каўказ — не Расея, і, што б ні казалі генэралы ды чыноўнікі, на пабытовым узроўні гэта ўжо даўна ўсьвядоміў кожны.

Але аднаго ўсьведамленьня недастаткова, бо ніхто ў Расеі ня кажа гэтага ўголас. Расейскія СМІ змабілізаваныя на чачэнскую вайну.

Асьвятленьне вайны ў замежных мас-мэдыях абвяшчаецца аднабокім толькі таму, што інфармацыя падаецца з абодвух бакоў чачэнскага фронту (НТВ у іншым кантэксьце трапна назвала закіды такога кшталту “абвінавачваньнямі ў прафэсіяналізме”). Тым часам наступ інфармацыйнай дыктатуры ў Расеі робіць немагчымым выказваньне адрознай думкі, дый увогуле думкі. Дужа папулярнага цяпер Пуціна не насьмельваецца крытыкаваць ніхто, і нават расейскія “заходнікі” лісьлівяць перад новым народным улюбёнцам, прынамсі, на словах.

У Львове ня любяць расейцаў, у Менску паляць расейскія сьцягі, у Балтыі ладзяць набор добраахвотнікаў на змаганьне з фэдэраламі і г.д. — і сярод гучнага й гнеўнага абурэньня ў расейскіх СМІ нікому не прыходзіць на думку простае пытаньне: чаму? Адмоўныя героі гэтых сюжэтаў, нібы казачныя пэрсанажы, якія чыняць зло толькі таму, што ад прыроды злыя і ня любяць Расеі, як тая Баба Яга (чую, чую рускі дух!). Ніхто не спрабуе растлумачыць, знайсьці крыніцу антырасейскіх настрояў у былых «братніх рэспубліках» і ў сьвеце. Расейская замежная палітыка, ад царскай да ельцынскай, не падлягае сумневу. Варта адно намякнуць на магчымасьць памылкі — можа, мы нешта ня так зрабілі? — каб атрымаць ярлык “здрадніка”, што й здарылася зь Яўлінскім, які наважыўся загаварыць пра мір з Чачэніяй.

Ёсьць два спосабы конча разьвязаць “чачэнскае пытаньне”. Першы: зьнішчыць усіх чачэнцаў. Улучна зь дзецьмі, бо яны калісьці вырастуць, жанчынамі, бо яны народзяць новых дзяцей, і старымі, бо яны распавядуць малым. Другі: пакінуць Чачэнію ў спакоі і ўмацаваць расейска-чачэнскую мяжу. Гэты другі варыянт ня толькі больш цывілізаваны і прасьцейшы, ён адзіна рэальны. Вайна, як сьведчыць гісторыя, не вынятак, а хутчэй нармальны стан расейска-чачэнскіх дачыненьняў у апошнія паўтараста гадоў, ад моманту зьяўленьня там першага расейскага салдата.

Але расейскія кіраўнікі дураць галовы сваім падданым, ня думаючы пра будучыню краіны далей за чэрвень 2000 году, калі маюць адбыцца прэзыдэнцкія выбары. Ім напляваць на чарговае страчанае пакаленьне, напляваць на міжнародную рэпутацыю Расеі ды вялізныя выдаткі на вайну, а на чачэнскі народ — пагатоў. Іх высокая мэта — улада — апраўдае любыя выдаткі й сродкі, і найлепшым сродкам для здабыцьця папулярнасьці ў краіне выявілася вялікадзяржаўнасьць. Відаць, гордасьць за вялікую радзіму добра суцяшае ў галечы.

Шкада Чачэніі, але шкада й Расеі. Мы добра ведаем, што такое папулізм. Калі Беларусь стала ахвяраю таннага папулізму, дык Расея зараз зазнае папулізм дарагі, бо ён ужо цяпер каштуе жыцьцяў.

Алесь Пяткевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0