Чашнікі, радзіма оскара Мілаша, галеча і запусьценьне

 

Цяпер мала хто ў нас можа ўявіць сабе, што Чашніцкі раён мае багатую гісторыю. А менавіта тут знаходзіцца старажытны Лукомаль, цэнтар некалі слыннага й заможнага княства. Побач ёсьць яшчэ вёска Чарэя. Некалі й тут быў княскі пасад. Чарэя славілася сваім базыльянскім кляштарам, што стаяў на высьпе пасярод возера. А яшчэ гэтая мясьціна дала сьвету выбітнага францускамоўнага паэта-містыка Оскара Любіча-Мілаша. Пасьля першай сусьветнай вайны ён стаў літоўскім дыпляматам у Парыжы і ўсе свае сілы аддаў услаўленьню Літвы, хоць да канца дзён гэтак і не акрэсьліў, нават сам для сябе, дзе яе межы... І ўвесь час мроіў пра сваю мітычную Чарэю. Вось як ён апісваў родны край ў адной са сваіх лекцыяў:

«Хадземце, я павяду вас у думках у край дзівосаў, сутоньня, імглы й ціхіх шэптаў... Вось мы і тут, на ўскраінах польскіх земляў, ужо паўночных, але яшчэ закаханых у колеры. Адзін мах крыла — і мы праляцім над краінай, дзе ўсе рэчы пазначаныя прыгаслым колерам успамінаў. Нас агортвае пах гарлачыкаў, імжыстая лясная смуга...»

У часы маладосьці Мілаша Чарэя лічылася культурным мястэчкам. Тут былі народная вучэльня, касьцёл, сынагога ды царква. У блізкіх Чашніках у тыя самыя часы працавалі ажно тры народныя вучэльні й адна вышэйшая, было шмат розных бажніцаў. І нават у легендарным Лукомлі на 140 хатаў была школа, прыхадзкая вучэльня, ізноў жа царква, касьцёл ды сынагога.

З тых часоў шмат чаго зьмянілася. Чашніцкі раён цяпер — амаль цалкам мэліяраваная раўніна, адзіная слава якое — электрастанцыя імя 50-х угодкаў СССР у Новалукомлі й Лукомскае вадасховішча пры ёй, на дне якога засталіся курганы й магілы...

Нядаўна пра родны край Оскара Мілаша згадалі і ў Менску. Пасьля крытычнага артыкула ў «Советской Белоруссии» ў Чашніцкі раён з інспэкцыяй зьезьдзіў Лукашэнкаў памочнік Посахаў. Па выніках ён паклаў на стол свайго начальніка докладную записку, у якой красамоўна апавёў пра гэты куток Беларусі. Улічваючы, што гэтая запіска ў газэту ня трапіла, прывяду зь яе пару цытатаў.

«...Лад жыцьця нават вясковае інтэлігэнцыі (настаўнікаў, спэцыялістаў саўгасаў і гэтак далей), ня кажучы пра простых работнікаў, дэградуе. Людзі сьпяць без пасьцельнае бялізны, ня маюць нармальнага посуду, апранутыя ў лахманы, практычна не карыстаюцца звычайнымі сродкамі гігіены, мыйнымі сродкамі, ня маюць тэлевізараў, не чытаюць газэт. У дамах зусім няма кніг і часопісаў. У большасьці дробных паселішчаў няма тэлефоннае сувязі. У некаторых дамах адлучанае энэргазабесьпячэньне. Выбітыя шыбы заробленыя дыхтай».

Гэткім выглядае Чашніцкі раён пры канцы ХХ ст. Вядома, адсутнасьць кніг на радзіме Мілаша рэч дзікаватая. Але й гэта ня ўсё... Далей Посахаў піша:

«Харчаваньне людзей крайне беднае — сала ды бульба, бо лядоўняў няма, лёхі не выкарыстоўваюць, садавіну й гародніну няма дзе захоўваць. Ды й немагчыма іх набыць. Дзеці вымерханыя, выглядаюць млявымі, неахайна апранутыя. Іх ратуе ад голаду толькі цэнтралізаванае харчаваньне ў школах. Мэдычная абслуга кепская. У клюбах ня топіцца».

На чатырох старонках гэтага дакумэнту паўстае катастрафічная карціна жыцьця беларускай правінцыі. На загад чыноўніка зь Менску ў тым раёне была праведзеная генэральная прыборка. Што маглі — тое зрабілі... Купляць жа кнігі тутэйшым людзям, вядома, ніхто ня будзе. Зрэшты, і карміць іх няма каму. А сакрэтныя дакладныґя запіскі апошніх гадоў лягуць у архівы. Можна шукаць вінаватых, але сёньня няма сэнсу.

Ёсьць сэнс пачытаць Оскара Мілаша. Ягоная радзіма застанецца ў сусьветнай культуры гэткай, якой яе стварыў ён. Бяз голаду, бруду і брыды запусьценьня...

Сяргей Харэўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0