cлоўнік паняцьцяў

14. Пра этыку ахвяры.

 

Беларуская інтэлігенцыя цягам апошняга дзесяцігодзьдзя хапатліва шукае таго супольнага пачатку, таго асявога стрыжня, «які б здолеў аб’яднаць нацыю». Рэч ясная, адразу нешта знаходзіцца, асабліва, калі здаваляцца тым, што як бы ляжыць на паверхні і як бы даступна няўзброенаму воку. У такіх фармулёўках беларусы — «памяркоўныя», «скрытнаэўрапейскія» ці нават проста «зычлівыя» і «талерантныя» носьбіты «традыцыйнай духоўнасьці». Наш адказ будзе іншым — беларусаў лучыць тое, што яны вызнаюць этыку ахвяры.

Этыка ахвяры, як адна з найважнейшых праяваў каляніяльнай заняволенасьці, так глыбака пранікла ў плоць і кроў беларусаў, што фактычна дагэтуль і не станавілася аб’ектам сур’ёзнай ці, прынамсі, самастойнай рэфлексіі. Дык у чым жа палягае яна, гэтая этыка, як і чаму яна паўстала, і ці варта чакаць яе хуткага і незваротнага зьнікненьня?

Няпраўда, што русіфікацыя ці нейкая іншая калянізацыя — гэта толькі моўная асыміляцыя. Раней ці пазьней настае «самае галоўнае» — асыміляцыя сьвядомасьці. Гэтая дзея найчасьцей расьцягваецца на ўзглядна вялікія прамежкі часу, і таму яна не настолькі выразная, як моўная асыміляцыя. Але гэтага нельга сказаць пра наступствы гэтага зьнішчальнага працэсу. Яны бываюць самымі неспадзяванымі — ад нядоўгага траўматычнага шоку і да працяглай гістарычнай амнэзіі. Ахвярамі стаецца чалавек, грамада, народ.

Якраз адсюль, з траўмаванай сьвядомасьці, і вырастае этыка ахвяры. Праявы яе мы бачым паўсюдна — у самаадпрэчваньні ўласнага «Я», у сутаргавых прыслужніцкіх жэстах і рэпліках, у гатовасьці скарыцца, прыняць нават найвялікшае зло. І вось нарэшце зьяўляецца афэкт вечнай укрыўджанасьці, які ўвасабляецца ў бездаможным калектыўным енку «Ратуйце!».

Адныя беларусы «ратуюцца» ў Маскве, другія — у Варшаве, але і там, і гэнам чуваць бясконцыя крыкі-кленічы аб дапамозе і падтрымцы. Так этыка ахвяры перашкаджае нам стаць гаспадарамі ў сваім уласным доме.

Істотным складнікам гэтай этыкі ёсьць і каляніяльны комплекс віны, які пачаткова разьвіваецца як рэакцыя тубыльцаў на арганічную няздольнасьць цалкавіта прыпадобніцца да сваіх «цывілізатараў» і выражаецца ў іхным несупынным самапрыніжэньні. Экспэрымэнт па ўтрыманьні эканомікі зьніклай дзяржавы, які вось ужо колькі гадоў праводзіцца ў жыцьцё вялікімі беларускімі начальнікамі, відаць, таксама матываваны гэтым нязносным пачуцьцём віны, якое цяжэразным цяжарам кладзецца на іх плечы. Віны за тое, што так да канца і не прыпадобіліся, не адсяклі частку саміх сябе і ня выкінулі прэч, далоў, карацей, што далі разваліць. У іх недзе ўсярэдзіне дагэтуль жыве ды сьвербам сьвярбіць думка, салодкая думка — а можа, Масква такі выдзеліць фонды, і ўсё наладзіцца, бо мы такія бедненькія.

Вялікія беларускія начальнікі перажываюць заўважную раз-пораз адсутнасьць [мужчынскай] увагі з боку Масквы як глыбокую асабістую трагедыю.

Часы зьмяніліся, — жарлівыя гаротнікі і нядбалыя галетнікі ў цывілізаванага сьвету выклікаюць больш не сымпатыю, а нейкае зьмяшанае пачуцьцё брыды і агіды.

Валерка Булгакаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0