Саюзная дамова — не такая пустая паперка, як шмат хто думае

Інтэрвію з прафэсарам Міхаілам Пастуховым, былым намесьнікам старшыні Канстытуцыйнага суда, кіраўніком апазыцыйнай дэлегацыі на кансультацыях пад эгідай АБСЭ

 

— Якія артыкулы Канстытуцыі парушае заплянаваная дамова пра саюз з Расеяй?

— Перш-наперш яна супярэчыць самому статусу Рэспублікі Беларусі як сувэрэннай незалежнай дзяржавы, бо аб’яднаньне з мацнейшай краінай вядзе да падрыву самастойнасьці. Па-другое, дамова супярэчыць статусу Беларусі як бязьядзернае дзяржавы: яднаньне з Расеяй — звышдзяржавай, якая мае ядзерную зброю — тоіць у сабе пагрозу зьмены статусу нашае рэспублікі. Прынамсі, не выклікае аніякага сумневу той факт, што пасьля аб’яднаньня ядзерная зброя ў нас будзе разьмешчаная хоць бы дзеля прыкрыцьця Расеі. Можна ўзгадаць і пра супярэчаньне дамовы статусу беларускай мовы як дзяржаўнай: у арт. 11 мовай міжбаковых зносінаў абвяшчаецца расейская мова, то бок, асыміляцыя беларускага насельніцтва і прыніжэньне беларускае культуры будуць працягвацца. Яшчэ варта адзначыць супярэчаньне дамовы такому важкаму інстытуту дзяржаўнасьці як грамадзянства: у праекце замацоўваецца прынцып падвойнага грамадзянства: «грамадзяне краінаў-удзельніц зьяўляюцца адначасова і грамадзянамі саюзнае дзяржавы». Падвойнае грамадзянства адчыняе шлях да дыскрымінацыі грамадзянства Рэспублікі Беларусь. У выніку мы прыйдзем, хутчэй за ўсё, да грамадзянства аднае краіны, расейскага альбо саюзнага.

 

— А калі мы прыпусьцім, што нехта пажадае адмовіцца ад накінутага яму сілком грамадзянства?

— На гэтае пытаньне дае адказ арт.14 праекту дамовы, дзе сказана, што грамадзяне Беларусі — у выпадку аб’яднаньня — аўтаматычна робяцца грамадзянамі Саюзнае дзяржавы. Факт адмовы ад грамадзянства ня будзе мець аніякіх наступстваў, бо будзе праігнараваны. І ў пашпартах усім паставяць штампік, які будзе азначаць, што ўладальнік дакумэнту зьяўляецца грамадзянінам саюзнае дзяржавы. Саюзнае дзяржавы, якая дасюль застаецца безназоўнай, што вельмі дзіўна. Кожны чалавек нейк завецца, калі ён не бяспамятны, і кожная дзяржава мае свой назоў, калі яна рэальна існуе. Назвалі б свой хаўрус Беларасеяй або Русабеліяй. Дзяржава безь імя — дзяржава бяз будучыні.

 

— Як зьменіцца статус Беларусі на міжнароднай арэне?

— Я мяркую, што напачатку, прынамсі, ён ня зьменіцца, таму што Беларусь па-ранейшаму будзе выступаць ад свайго імя, як сувэрэнная дзяржава — хоць гэты сувэрэнітэт і будзе непаўнавартасны. Пытаньне аб правасуб’ектнасьці больш востра будзе стаяць у адносінах да гэтага новага саюзу: ці прызнаюць яго Эўропа і цэлы сьвет? Я ў гэтым глыбока сумняваюся, хутчэй за ўсё, нават пасьля падпісаньня дамовы — калі гэта ўсё ж адбудзецца — і Расея, і Беларусь будуць выступаць на міжнароднай арэне як сувэрэнныя, самастойныя дзяржавы. На стварэньне між імі нейкага саюзу сусьветная супольнасьць, відаць, ня будзе зьвяртаць увагі.

 

— На Ваш погляд, новы саюз будзе фэдэратыўнага альбо канфэдэратыўнага кшталту?

— Таксама даволі складанае пытаньне. З фармальнага боку вынікае, што гэта канфэдэрацыя, часовы зьвяз дзьвюх краінаў, калі ствараюцца наддзяржаўныя органы кіраваньня, якія ня маюць ясна акрэсьленых уладных паўнамоцтваў. Хоць функцыі і паўнамоцтвы гэтых інстытутаў дастаткова важкія, і прынятыя імі рашэньні будуць абавязковымі для абедзьвюх краінаў. Але ж, нягледзячы на выгляд канфэдэрацыі, падтэкстава замацоўваецца шлях да саюзу фэдэратыўнага. І самае балючае тое, што дарогі назад з гэтага саюзу фактычна няма. Зьвернем увагу на артыкул 64, які вызначае выпадкі выхаду з саюзнае дзяржавы. Чытаем, што рашэньне аб выхадзе прымаецца выключна на рэфэрэндуме, прычым рэальна выйсьці дазваляецца толькі праз 18 месяцаў пасьля акту народнага волевыяўленьня. Вынікае, што ўвайсьці ў склад саюзу можна на аснове фармальнага абмеркаваньня, якое мае выключна фікцыйны характар, то бок, лёс дзьвюх нацыяў будзе перадвызначаны подпісамі двух кіраўнікоў, а вось вылезьці з гэтае пасткі будзе значна цяжэй. І калі ў Беларусі правядзеньне рэфэрэндуму прызначае толькі адзін чалавек — прэзыдэнт краіны, дык усё будзе залежаць толькі ад яго: не спадабаецца яму саюз, ён можа сказаць: «Усё, хопіць, выходзім!» Але ж і яму прыйдзецца цяжкавата: на рэфэрэндуме прагаласаваць за выхад мусяць ня менш за 50% асобаў, унесеных у выбарчыя сьпісы.

 

— Шмат хто кажа аб тым, што праз саюз Лукашэнка хоча замацаваць сябе як уплывовы расейскі палітык, калі ня болей за тое. Якімі рэальнымі паўнамоцтвамі будзе надзелены Лукашэнка?

— Абодва кіраўнікі саюзнай дзяржавы ўвойдуць у склад найвышэйшае рады, і менавіта яны будуць мець права вырашальнага голасу. Лукашэнка, паводле праекту дамовы, будзе мець аднолькавыя паўнамоцтвы з кіраўніком Расеі, але зь іншага боку, ніводзін з двух не займее перавагі. Насамрэч, сытуацыя такая, што голас любога з кіраўнікоў будзе адпавядаць уплыву падначаленае яму дзяржавы. І Беларусі будзе адведзеная роля пасынка, змушанага падпарадкоўвацца дыктату Масквы. Калі падзеі будуць разьвівацца ў гэткім напрамку, мы неўзабаве ператворымся ў частку Расейскай Фэдэрацыі, станем у адзін шэраг з Татарстанам або Башкартастанам.

 

— Якія зьмены могуць адбыцца ў вайсковых дачыненьнях?

— Напачатку ў Беларусі будуць дзейнічаць беларускія законы адносна войска, якое таксама якісь час застанецца самастойным. Але з паглыбленьнем аб’яднаўчых працэсаў паўстане пытаньне аб адзіных узброеных сілах. І яшчэ адно: у праекце дамовы ўжо прадугледжанае «функцыянаваньне групоўкі войскаў», то бок, Расея можа ўвесьці ў Беларусь так званы «абмежаваны кантынгент» дзеля абароны сваіх стратэгічных аб’ектаў, у тым ліку войскаў СПА і, магчыма, ядзернае зброі; дзеля забесьпячэньня свабоднага транзыту нафты, газу і электраэнэргіі ў заходнія краіны і дзеля эвэнтуальнай падтрымкі беларускіх уладаў.

 

— Якія грошы будуць храбусьцець у руках грамадзянаў саюзу?

— Гэтае пытаньне пакуль што адкладзенае на пасьля, аднак артыкул 13 дамовы кажа, што «саюзная дзяржава мае адзіную грашовую адзінку». Будзе адзіны эмісійны цэнтар, у Маскве, безумоўна. Але мы яшчэ доўга будзем абыходзіцца сваёй валютай.

 

— Як Вы лічыце, раптоўная зьнямога Ельцына — гэта выпадковае супадзеньне ці пралічаны палітычны крок?

— Зараз шэраг палітыкаў інтэрпрэтуе гэты факт як тактоўную адмову ад саюзу. З аднаго боку, існуе фармальная прычына, вонкавая — хвароба прэзыдэнта Ельцына, але ня трэба забывацца і на рэальныя фактары перасьцеражэньня Расеі на міжнародным узроўні ад стварэньня дзяржавы-прывіду. Дый шмат хто з расейскіх палітыкаў не зацікаўлены ў аб’яднаньні зь Беларусяй, бо зусім ясна, што пасьля яго ўзмоцняцца цэнтрабежныя сілы, якія ўжо сёньня, як бачым, існуюць, і шмат што залежыць ад вынікаў вайны на Каўказе: калі расейцы яго ня змогуць скарыць, ён выйдзе з складу Фэдэрацыі, а за ім і іншыя аўтаноміі.

 

— Вашая ацэнка ролі Пуціна ў сёньняшняй Расеі і ў будучым саюзе?

— Я думаю, што і Пуцін, і іншыя расейскія кіраўнікі прытрымліваюцца імпэрскіх поглядаў, і калі існуе магчымасьць далучэньня новых тэрыторыяў, умацаваньня «заходняга калідору», атрыманьня дадатковага шчыта ад магчымага нападу, яны наўрад ці адмовяцца ад Беларусі, што сама ідзе ім у рукі. Палітыку Расеі ў гэтым пытаньні можна лёгка прадказаць: яна заўсёды будзе зацікаўленая ў «аб’яднаньні». Таму ня варта разьлічваць на дэмакратычныя сілы нашае ўсходняе суседкі. Самастойнасьць Беларусі можа быць забясьпечаная толькі дзякуючы канкрэтным дзеяньням апазыцыі ўнутры краіны. Будзем спадзявацца, што грамадзяне Беларусі выкажуцца супраць дамовы і нас падтрымае міжнародная супольнасьць. Мы павінны разьлічваць у першую чаргу на сьвядомасьць нашага народу. Безумоўна, аптымальным варыянтам было б непадпісаньне дамовы. Чым больш часу будзе мець апазыцыя ў справе супрацьстаяньня «аб’яднаньню», тым больш існуе шанцаў, што нічога з гэтай дамовай ня выйдзе. Але трэба неадкладна рабіць канкрэтныя захады ў гэтым напрамку, трэба заяўляць аб сваім пратэсьце на ўвесь голас, каб гэта пачулі ва ўсім сьвеце.

 

— Ці не зьяўляюцца гэтыя перамовы з апазыцыяй шырмай для расейскіх дэмакратаў і міжнароднай супольнасьці ды закалыхваньнем самой апазыцыі?

— Сапраўды, робіцца ўражаньне, нібыта ўсе гэтыя кансультацыі, што праводзяцца ў рамках перамоўнага працэсу, зьяўляюцца нейкай гульнёй, у якой мы вымушаныя прымаць удзел: і адмовіцца мы ня можам, і рэальных пэрспэктываў ад іх ня бачым. Цалкам сумнеўна, што з будучых перамоваў можа нешта атрымацца, аднак, нягледзячы на перашкоды з боку ўладаў, мы будзем удзельнічаць у іх. Асноўная мэта на сёньняшні дзень — дасягнуць доступу на дзяржаўныя СМІ. Перамовы, усё ж — адзіны цывілізаваны шлях вырашэньня складанае палітычнае сытуацыі, у якой цяпер знаходзіцца Беларусь.

Гутарыў Анатоль Прасаловіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0