Андрэй ШПУНТ

Габраі Вялікага княства Літоўскага ад Вітаўта да Станіслава-Аўгуста

 

1388—1569. Ад прывілеяў Вялікага князя Вітаўта да Люблінскае уніі. Станаўленьне й росквіт

Вядома, што габраі зьявіліся ў Літве раней 1388 году, але калі дакладна, невядома. Таму лічаць адпраўной датай 1388 г., да якога адносяцца першыя помнікі нашага заканадаўства аб габраях: прывілеі Вітаўта ад 24 чэрвеня берасьцейскім, ад 2 ліпеня троцкім і ад 18 чэрвеня 1389 г. гарадзенскім габраям. Прывілеі Вітаўт даў ня ўвогуле літоўскім габраям, а толькі тром суполкам.

Прывілеі вызначалі правы габраяў: за кожным прызнавалася недатыкальнасьць; забойца габрая падлягаў страце, а ўся яго маёмасьць канфіскавалася ў вялікакняскі скарб; за згвалтаваньне габрайкі — пакараньне сьмерцю; за забойства габрайскага дзіцяці — пакараньне сьмерцю і г.д. Да Люблінскае уніі беларускія габраі карысталіся ня меншымі прывілеямі, чым шляхта. У актах выдатныя габраі называліся «панамі», што было высокім тытулам. Як і шляхціцы, яны хадзілі з шаблямі, насілі залатыя ланцугі й пярсьцёнкі, але ў адрозьненьне ад шляхты, яны былі пазбаўленыя ад вайсковага абавязку.

У XIV і пачатку XV ст. існавала ўсяго пяць габрайскіх суполак: троцкая, берасьцейская, гарадзенская, кіеўская, луцкая; да XVІ ст. дадалося яшчэ шэсьць: уладзімірская, пінская, кобрыньская, тыкоцінская, клецкая, наваградзкая. Наўрад ці яны гралі значную ролю ў эканамічным жыцьці, таму сутычак з хрысьціянамі не назіралася. Аб тым, што беларусы паступова асымілявалі габраяў, сьведчаць такія мянушкі габраяў як Зубец, Рабчык, Альшэйка, Глухі, Краўчык, якія паведамляюць нам юрыдычныя акты. На 100 купцоў-хрысьціянаў у той час налічвалася 20 габрайскіх. Рэдка можна было сустрэць купца-габрая, які вёз бы тавары на кірмаш больш чым на дзесяці вазах, між тым сярод хрысьціянаў 20, 30, 40 вазоў — ня рэдкасьць. Дробныя апэрацыі — занятак пераважнае большасьці габраяў.

Пад час праўленьня Вялікага князя Аляксандра ў гісторыі беларускіх габраяў адбылася прыкрасьць: у 1495 г. ён выдаў поўны нянавісьці загад, вельмі падобны да тых лёзунгаў, што будуць на ўзбраеньні нямецкіх нацыстаў: «Жыдаву (зь) зямлі нашае вон выбіці!» Супрацьстаяньне з Масквою патрабавала грошай, якіх катастрафічна не ставала. І вось у руках Аляксандра апынулася габрайская зямля і грошы. Але калі ў 1501 г. Аляксандар стаў каралём Польшчы, паўтарыць тое самае з кароннымі габраямі ён ня мог, бо яны значна перасягалі літоўскіх па колькасьці, багацьці і мелі магутных абаронцаў.

Усе пераемнікі Вітаўта мелі праблемы з грашыма. Габраі ж ратавалі іх ад фінансавага краху: давалі ім наперад вялікія грошы, а расплаты чакалі гадамі. Без габраяў гэты мэханізм перастаў дзейнічаць. У 1503 г. Аляксандар даў габраям дазвол вярнуцца і атрымаць канфіскаванае, а таксама спагнаць грошы зь вінаватых ім. За ўсё гэта яны мусілі выставіць тысячу вершнікаў, але адкупіліся грашыма і надалей маглі плаціць тыя ж падаткі, што і мяшчане.

Габраі паступова ператварыліся ў буйную частку народу Вялікага княства. Калі ў XV ст. у Літве і Кароне іх пражывала каля 20 тыс., то ў XVІ ст. ужо больш за 100 тыс. Сярод габраяў вылучаюцца людзі, якія моцна ўплываюць на дзяржаўнае жыцьцё, напрыклад, браты Езафовічы.

Дзяржаўная ўлада ўсяляк спрыяла атрыманьню шляхецтва хрысьціянамі-габраямі, што давала тым большыя эканамічныя здольнасьці. Толькі ў XVІ ст. каля 350 хрышчоных габраяў сталі пачынальнікамі шляхецкіх родаў.

 

1569—1648. Ад Люблінскай уніі да пачатку грамадзянскае вайны на Ўкраіне. «Залатое стагодзьдзе» беларускіх габраяў

Рос іх уплыў на эканоміку, жыцьцё ў Княстве бегла спакайней, чым у Кароне, дзе польскае мяшчанства, асабліва на Захадзе, аказалася заражаным нямецкай юдафобіяй.

Узмацняюцца кагалы. У невялікіх мястэчках існавалі прыкагалкі, якія падпарадкоўваліся найбліжэйшаму кагалу. Сэрца кагала, ягоны цэнтар — сынагога; пры ёй быў сынагагальны двор: малельня і вучэльня, грамадзкія лазьні з купельлю, кагальная ізба, Талмуд-тора, прытулак для ўбогіх і г.д.

Пасьля Люблінскае уніі і спыненьня дынастыі Ягелонаў моц каралеўскае ўлады пачынае саступаць шляхецкаму ўсяўладзьдзю, што не магло не адбіцца на стане габраяў. Магнаты былі галоўнымі абаронцамі габраяў. Сваю гаспадарку яны аддавалі пад габрайскі нагляд. Дробная шляхта адчувала моцную габрайскую канкурэнцыю і спрабавала дыскрымінаваць жыдоў праз Статуты. Паколькі кароль і магнатэрыя абаранялі жыдоў, удары былі ня столькі балючыя, колькі прынізьлівыя. Так, у 1538 г. па ўзоры законаў Польшчы паспрабавалі забараніць габраям насіць шляхецкія строі, шаблі; паводле Статуту ВКЛ забаранілі насіць аднолькавую з хрысьціянамі адзежу, мець хрысьціянскую прыслугу, займаць пасады. Дзякуй Жыгімонту ІІІ Аўгусту, хоць шаблі адстаялі. Але ўжо праз 20 гадоў, паводле ІІІ Статуту ВКЛ, большасьць ганебных пунктаў папярэдніх Статутаў скасавалі.

Адносіны зь мяшчанствам складаліся куды больш напружана, часта выліваючыся ў пагромы. З 2-й паловы XVІ ст. у антыгабрайскае барацьбе мяшчане знаходзяць магутнага хаўрусьніка — Касьцёл, бо з узмацненьнем контрарэфармацыі пачынае зьнікаць талеранцыя. Патрэба ў вышэйшае жыдоўскае інстанцыі аформілася ў 1580 г. стварэньнем Вааду абласьцей, у які ўваходзілі ўсе буйныя кагалы Рэчы Паспалітай: ад Вялікага Княства былі прадстаўленыя Берасьце і Гародня. У 1623 г. быў створаны асобны Літоўскі Ваад. Ваад ня толькі каардынаваў дзейнасьць кагалаў, але і сачыў за тым, каб не ўзьнікала напружанасьці з астатнім насельніцтвам. Літоўскі Ваад вынес, напрыклад, наступную ўхвалу: «Калі габрай бярэ грошы ці тавар у пана ці купца негабрая, то ў выпадку калі можна дапусьціць, што гэты габрай мае несумленныя намеры, кіраўнікі суполкі абавязаны папярэдзіць аб гэтым негабрая».

 

1648—1667. Грамадзянская вайна і маскоўская агрэсія

 

...а ляхам, жедам и попам супостатам сим бердышом заграю на их толстых шиях.
Надпіс на ўласнае зброі Багдана Хмяльніцкага

 

Адносна спакойнае жыцьцё абарвалася выбухам грамадзянскае вайны. Крывавая хваля паўстаньня накрыла абшары Рэчы Паспалітай. Пекла спусьцілася на Зямлю. Гэта быў сапраўдны генацыд, які выклікаў масавыя ўцёкі габраяў на Захад. Чаму ў казакаў набралася столькі нянавісьці да жыдоў? Рэч у тым, што магнаты бачылі ў габраях незаменных людзей у справе калянізацыі поўдня Рэчы Паспалітай, і казацтва адчувала небывалы прыгнёт менавіта з боку жыдоў. Што шляхта ў параўнаньні з габрайскімі фактарамі! Казак літаральна кроку ня мог ступіць, а паўсюль трапляў пад ярмо. Праехаць па дарозе ці праз мост — плаці жыду. У шынку зноў зьнянавідны жыд, і гарэлку можна набыць толькі ў яго. Гандаль — цалкам жыдоўскі. Абурэньне, выкліканае цяжкім эканамічным станам, вылівалася ў бунты. Пад час бунту пад кіраўніцтвам Паўлюка за парогамі было забіта 300 габраяў... Высноваў ніхто не зрабіў... 10 ліпеня 1648 г. быў днём, чырвоным ад крыві. Казакі цалкам высеклі габрайскае насельніцтва шматлікіх гарадоў і мястэчак на поўдні Рэчы Паспалітае.

Габраі Вялікага Княства параўнальна мала пацярпелі ў 1648 г., бо тут не існавала такога непрымірымага антаганізму, да таго ж тут стаялі войскі, падрыхтаваныя супроць магчымага нападу Маскоўшчыны. Ганебныя ўцёкі паспалітага рушэньня з-пад Пілавіцаў адкрылі Хмяльніцкаму дарогу на захад і поўнач. На мяжы Валыні казацкая армія падзялілася на дзьве часткі. Адна рушыла на Львоў, другая на Княства. Жыхары Берасьця, Пінску і іншых гарадоў бросіліся наўцёкі да Гародні і Вільні. Хто не пасьпеў — згінуў; шматлікія загінулі ў дарозе ад голаду і холаду. Аднак бліскучыя перамогі пачалі зьмяняцца паразамі. Вайна пачала зацягвацца. Ніводны з бакоў ня мог дасягнуць пералому. Хмяльніцкі падаўся за дапамогай да маскоўскага цара. Праз шэсьць гадоў пасьля выбуху ва Ўкраіне беларускія габраі адчулі на «сваіх шыях» ня толькі казаччыну, а яшчэ жудасьці ваеннага тэрору маскоўцаў, няхай і не такога вытанчана-садысцкага, як у скуралупаў Хмяльніцкага, — рэгулярнае войска ўсё ж такі, дый цар — «Найцішэйшы».

Адзіны з ваюючых бакоў, ад якога габраі не пацярпелі — швэды, што таксама праляцелі Беларусяй. Вось — эўрапейцы! Габраі акуратна выплочвалі акупантам надзвычайныя ваенныя падаткі.

Маскоўцы таксама ўвязьлі. Бліцкрыгу не атрымалася. Некалькі год панаваньня «братоў-праваслаўных» расплюшчыла вочы тым, хто сустракаў іх з хлебам-сольлю. Антынародная, грабежніцкая палітыка царызму ў Беларусі прывяла ў канцы 1658 г. да народнае вайны, што доўжылася да 1661 г.

Стан рэчаў, які адбываўся тады, добра перадаюць сухія лічбы — памеры падаткаў, што клаліся на плечы габрайства, і ня менш красамоўныя фармулёўкі-абгрунтаваньні: 1652 г. — «У цяперашняй патрэбе Рэчы Паспалітай пастанаўляем: на ўсіх жыдоў ВКЛ 30 тыс. зл. польскіх». 1654 г. — «Для раптоўных патрэбаў Рэчы Паспалітай, усім да нямалых цяжараў... 40 тыс. зл. пол.». 1655 г. — «Успазоры раптоўных патрэбаў Рэчы Паспалітай — 30 тыс. зл.». 1659 г. — «Жадая войска нашыя ў заслугах задаволіць... 10 тыс. зл.». 1661 г. — «На ўсіх жыдоў... 12 тыс. зл.». 1667 г. — «На ўсіх жыдоў... 10 тыс. зл.».

Доўгія мірныя перамовы нарэшце скончыліся ў студзені 1667 г. Андрусаўскім мірам.

 

1667—1795. Ад Андрусаўскага міру да гібелі Вялікага княства Літоўскага. Заняпад

Вынікі вайны былі катастрафічныя для дзяржавы, для нацыі; катастрафічныя настолькі, што іх мы адчуваем нават сёньня. Беларускае габрайства ўяўляла сабой ня менш маркотнае відовішча. Парушылася раўнавага між чатырма найстарэйшымі суполкамі — Берасьцем, Вільняй, Гародняй і Пінскам, што пачало выклікаць спрэчкі аб тэрытарыяльных межах іх юрысдыкцыі. Лепшыя рабіны загінулі, а Талмуд-торы пуставалі па некалькі год. Ня стала той кансалідацыі, што існавала да вайны. Нарадзілася апазыцыя старажытным кагальным парадкам, згодна зь якімі індывід бясспрэчна падпарадкоўваўся суполцы.

У 1676 г. Ваад загадаў бясспрэчнае падпарадкаваньне сяброў кагалу старшыне. Страчваючы аўтарытэт у народзе, кагальная старшына зьвяртаецца па дапамогу ва ўнутрыкагальнай барацьбе да каралеўскіх уладаў.

У выніку неўзабаве ўлады пачалі лічыць, што маюць права ўмяшаньня, калі ім самім будзе патрэбна. Пасаду рабіна неўзабаве можна было купіць у ваяводы ці магната, на тэрыторыі якога быў кагал.

Мяшчане, прывучаныя да крыві за доўгія ваенныя гады, учыняюць у 1680 г. пагром у Берасьці, праз два гады — у Вільні, ды такі моцны, што Яну Сабескаму прыйшлося на яго ўціхамірваньне дасылаць некалькі харугваў. Увядзеньне ў краіну казацкіх войскаў пад час Паўночнае вайны адчыніла прастору для фармаваньня бандаў, якія квапіліся найперш на жыдоў і іх маёмасьць. Адгалоскам казаччыны сярэдзіны XVІІ ст. зьявілася Крычаўскае паўстаньне 1740—1744 г. на чале з Вашчылам, у якога, як і ў Хмяльніцкага, да габраяў быў асабісты рахунак.

Магнаты застаюцца галоўнымі абаронцамі габраяў нават у часы найбольшае рэакцыі. Больш таго, калі антыхрысьціянская філязофія Асьветніцтва таксама хутка апанавала розумы шляхты, як у XVІ ст. Рэфармацыя, былі выпадкі пераходу магнатаў у юдаізм. Так, Марцін Радзівіл, каронны крайчы, кожную пятніцу ладзіў для юдэяў банкеты і сам стаў юдэям. Сваякі аб’явілі яго вар’ятам.

Пераадольваючы вынікі вайны 1648—1667 г., габраі вымушаны былі рабіць пазыку за пазыкай, звычайна пад забесьпячэньне кагальнаю нерухомасьцю. Так большая частка кагальнае маёмасьці апынулася ў бестэрміновым закладзе. Калі ў 1766 г. прызначаная Соймам камісія прыступіла да скасаваньня пазык, перад ёй прадстала наступная карціна: Віленскі кагал — 5.316 чалавек і 1.722.800 зл. віны, Берасьцейскі, адпаведна — 2.418 і 386.571, Пінскі — 1.277 і 309.140. Тады як штогодныя прыбыткі складалі: Віленскі кагал — 34.000 зл., Берасьцейскі — 31.200, гарадзенскі — 21.000, Пінскі — 37.000 зл. Як дайшло да такога стану? «Крывавы патоп» сярэдзіны XVІІ ст. — так. Але й непамернасьць падаткаў у выніку самавольства ўладаў: пагалоўны, каранацыйны, на ўтрыманьне каралеўскага двара, з будынкаў (калі разьмяшчаліся на каралеўскае тэрыторыі), за права карыстаньня сынагогамі і могілкамі, за права займець якую-кольвечы кагальную пасаду, на слуг, зборы з лавак, рамёстваў, тавараў, падаткі натурай у каралеўскі скарб, з напояў, дарожны, кірмашны, за пераезд праз масты, з забою скаціны, з валоў і баранаў, адпраўляных на кірмаш, падатак сьвятарству з тых габрайскіх дамоў, якія раней належалі хрысьціянам, і г.д., а яшчэ ўсялякія паборы, якія проста немагчыма было кантраляваць.

Апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пры ўсіх сваіх недахопах у параўнаньні з Сасамі быў усё ж патрыётам. З 2-й паловы XVІІІ ст. краіна на хвалі эканамічнага ўздыму пайшла шляхам рэформаў. Сярод усяго стаяла пытаньне і аб габраях. Скарбовая камісія пад кіраўніцтвам Тадэвуша Чацкага вынесла наступную пастанову: за габраямі прызнаць усе правы грамадзянаў; скасаваць усялякія адрозьненьні ў статусе габраяў ад хрысьціянаў (акрамя рэлігійных); адчыніць для габраяў усе промыслы, акрамя гандлю алькаголем (забарона на 50 год).

Пад час апошняга акту трагедыі — вызвольнага паўстаньня 1794 г. — габраі Вялікага Княства не выказвалі ніякіх сымпатый да патрыётаў: магчыма, яны проста бачылі безнадзейнасьць справы і лічылі за лепшае праяўляць ляяльнасьць у выглядзе розных паслуг войскам Кацярыны. Было б няшчыра абвінавачваць нашых габраеў у здрадзе нацыянальных інтарэсаў, хіба ж яны горшыя дзесяткаў тысячаў шляхты, што прысягала розным агрэсарам?

Затое каронныя габраі дзейнічалі процілегла. Габрайскі полк лёгкае кавалерыі падпалкоўніка Берэка Ясялевіча, гэтага Юды Макавея Рэчы Паспалітай, паказваў цуды гераізму пад час абароны Прагі і амаль цалкам загінуў.

Так беларускія габраі апынуліся пад Расеяй, і пачалася новая гісторыя.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0