слоўнік паняцьцяў

Валерка БУЛГАКАЎ

15. Пра адзін характэрны прыём нашых непрыяцеляў.

 

Ня кожны дзень прыносіць нам радасьці. Хутчэй наадварот, міжволі чакаем, што ўсё яшчэ болей пагоршыцца, нешта зусім зруйнуецца. Дзіва што, напагатове нашы непрыяцелі. Тое, чым яны дзень пры дні напружана займаюцца, завецца кастрацыяй нацыянальнага — яго расшчапленьнем, атамізацыяй і ўрэшце па магчымасьці поўнай утылізацыяй, а таксама дбайным захаваньнем нормы кастрацыі.

Але нясоладка прыходзіцца і нашым непрыяцелям. Зямля гарыць у іх пад нагамі — паўсюль ворагі. Афіцыйная прапаганда сур’ёзна заклапочаная пытаньнем, як убясьпечыць наш сад ад розных нечаканасьцяў. Адзін зь яе галоўных аргумэнтаў змушае наш бедны народ прыслухацца — беларуская апазыцыя (няважна, палітычная ці культурная) наскрозь купленая, ува ўсёй сваёй глыбіннай сутнасьці прадажная. Адпаведна, уся ейная дзейнасьць ня што іншае, як адрабляньне «нячэсна» атрыманых грошай, г.зн. грошай, заробленых ня ўласным мазалём.

Паказальна, што ўпершыню жыцьцё сутыкнула мяне з такім уяўленьнем пра апазыцыйную актыўнасьць тады, калі ніхто ўсур’ёз пра ніякіх «замежных спонсараў» яшчэ не заікаўся. Было гэта ў 1990 годзе, калі ўпершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі адбываліся параўнальна свабодныя выбары ў рэспубліканскі Вярхоўны Савет. Па нашай выбарчай акрузе ў дэпутаты балятаваўся — і, трэба сказаць, пасьпяхова — Пятро Вінцэнтавіч Садоўскі. Каб памагчы гэтаму заслужанаму чалавеку споўніць сваю задуму, мы зь сябрамі выраблялі і распаўсюджвалі саматужныя ўлёткі, іншы агітацыйныя матэрыял, а таксама праводзілі гутаркі з насельніцтвам. Акурат пад час адной з такіх гутарак мяне і ашпарыла бы кіпенем пытаньне, кінутае адным укормленым мужыком: «Колькі ж табе, хлопец, за ўсё гэта плацяць?»

Фантазіі нашых непрыяцеляў пра прадажнасьць апазыцыйных ім сілаў існуюць здаўна і маюць свой адваротны бок. Ён палягае ў эксплікацыі сьвядомаснага зьмесьціва — паказвае, якія ўяўленьні сядзяць у непрыяцельскіх галовах пра мэханізмы ўтварэньня сацыяльнай і палітычнай рэчаіснасьці. Вобразу «прадажнага апазыцыянэра» ў іх адпавядае вобраз «дзяржаўнага чалавека», «чалавека на службе», які не прадажны — о не! — проста падкантрольны сыстэме. Яго адданасьць сыстэме, аднак, мае і свой матэрыяльны вымер. «Дзяржаўны чалавек» цікавіцца ня столькі грашыма, колькі магчымымі выгадамі, якія могуць вынікаць зь яго цяперашняга становішча. Гэта й зразумела, бо сыстэма ўладкаваная так, што грошы заведзеныя ў ёй як бы для адводу вачэй, а рэй вядзе нябачная гіерархія сувязяў, абумоўленых якраз удала дасягнутым становішчам. Гэтыя сувязі даюць амаль усё — ільготныя крэдыты, бясплатныя кватэры, дачы, лякарствы, пуцёўкі ў беларускія санаторыі для дарослых і аздараўленчыя туры на Захад для маленькіх.

Апрача таго, гэты характэрны прыём нашых непрыяцеляў угрунтаваны на расейскім імпэрыялістычным/cавецкім глябалісцкім комплексе таго, што чалавек — разьменная манэта (у спрэчцы пра ўсёмагутнасьць).

Напрыканцы яшчэ адна драбніца. Адна вядомая гомельская сьпявачка ў адной прыватнай гутарцы са мной так апісвала свае злыбеды з «прабіваньнем» беларускамоўнай адукацыі для сваіх дзетак (перадаю толькі сутнаснае): «А загадчыца аддзелу адукацыі мне і кажа: «Вы, бээнфісты, як да ўлады прыйдзеце, то адразу ўсіх будзеце з аўтаматаў страляць». Ці выяўляе гэтая экспрэсіўная фігура сьвядомасьці — безумоўна, з адпаведнай перастаноўкай ці, хутчэй, падстаноўкай «дзейнага суб’екта» — сапраўдны ідэал тых сілаў, якія супрацьстаяць ператварэньню Беларусі ў нармальны эўрапейскі край?


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0