Фатограф граф Тышкевіч
Сэнсацыйная выстава адкрывае нам аднаго з бацькоў беларускае фатаграфіі
Цэнтар сучаснага мастацтва ў Вiльнi сустракае новае стагодзьдзе здымкамі графа Бэнэдыкта Тышкевiча, які нарадзіўся ў родавым котлішчы Тышкевічаў, Лагойску, а меў маёнткі ў Налібоцкай пушчы й пад Коўна. На выставе прадстаўленыя невядомыя ў Беларусі здымкі працы нашага земляка. Зусім унікальна тое, што большасьць зь іх прысьвечаная беларускім народным тыпажам канца таго стагодзьдзя. Гэтая выстава — агульны праект Музэю фатаграфіі гораду Нэсэфор Н’епс (Францыя) і Цэнтру сучаснага мастацтва. Разам з фота графа Тышкевiча (1852—1935) тут прадстаўленыя творы… нашага сучасьніка, француза Джона Бато, які натхніўся здымкамі нашага земляка.
У 1993 годзе музэй Н’епсу выпадкова купіў у парыскага антыквара цудам ацалелы альбом фатаграфіяў Тышкевiча: 86 адбіткаў на кардоннай аснове, якія зафіксавалі разнастайныя мясьціны і людзей Беларусі, Францыі і Італіі. Увогуле, архіў Тышкевiча згарэў пад час першае сусьветнае вайны. Гэткі ж лёс напаткаў і калекцыю твораў мастацтва, што захоўвалася ў беларускім мястэчку Вялаве, што ў Налібоцкай пушчы. Ад усяго, імаверна, застаўся толькі гэты альбом.
Заможны арыстакрат, які атрымаў у спадчыну шмат нерухомасьці й капіталу, знаходзіў радасьць ня толькі ў шляхетных паляваньнях і балях, але і ў археалёгіі й фатаграфіі. Граф арандаваў караблі, каб зьезьдзіць у экспэдыцыі, аб’ехаў Індыю, Кітай, Японію. Аднаго разу нават вакол сьвету на яхце пусьціўся. Свае лепшыя здымкі ён экспанаваў на выставе ў Філядэльфіі, у Амэрыцы (1876). З таго часу да яго прыходзіць сусьветная слава фатографа-падарожніка. У 1883 годзе, калі памірае жонка, граф з трыма дзецьмі вяртаецца ў Францыю, уладкоўваецца ў сваім маёнтку ў Нёі, дзе цалкам прысьвячае сябе фатаграфіі.
Графа Тышкевiча былі забылі ў Беларусі. Хоць яе, свой радзінны край, ён зрабіў несьмяротным у здымках. Тутака і фатаграфіі вяскоўцаў, і местачкоўцаў, і рамесьнікаў. У іх максымальна выявіўся мадэрнізм і рамантызм творцы. Для тагачаснай фатаграфіі былі ўласьцівыя пераапрананьне пэрсанажаў у касьцюмы, не ўласьцівыя часу й сацыяльнаму стану, клясычныя мізансцэны. Фатаграфіі беларускіх сялянаў й вясковых прыгажуняў у строях таго часу, у натуральным асяродзьдзі — гэта сьведчаньне адкрытага сьветапогляду і ўважлівага вока Тышкевіча. Тут і здымкі ягонага палацавага побыту, і інтэр’еры вясковых хатаў і корчмаў, стылёвыя будуары і салёны, сядзібы й кухні, вясковыя сцэнкi і партрэты сваякоў. Прага чалавека таго часу да фатаграфіі рабіла яго адказным перад кожным адбiткам — сярод iх няма выпадковых, а замiлаваньне, зь якім пабудаваныя кампазыцыі, сьведчыць аб вялікім прафэсіяналізме. Ягоныя творы — шэдэўры беларускае фатаграфіі.
Граф, фатограф і вандроўнік, што гэтак доўга блукаў далёка ад радзімы, вярнуўся да нас не самотным, а ў кампаніі.
Дзяніс Раманюк