Міхась БУЛАВАЦКІ 

Рэпэтытары — ценявыя настаўнікі

Цені зьяўляюцца там, дзе не выконваюць сваіх абавязкаў тыя, хто іх павінен выконваць. Школа ў большасьці вучыць сёньня кепска і не зусім таму, што трэба. А паколькі адукаванасьць яшчэ ў пашане, дык школьныя недавучкі (дакладней, іх бацькі) шукаюць пазашкольных настаўнікаў.

Сёньня рэдка хто з унівэрсытэцкіх выкладчыкаў ня мае такога “левага” заробку. Слабую канкурэнцыю ім складаюць настаўнікі-пэнсіянэры, якія бяруць зусім танна: з даляр за ўрок. А рэалія сёньняшняга часу — расслаеньне школаў на прэстыжныя (ліцэі, гімназіі, школы “з ухілам”) і непрэстыжныя — прывяла да зьяўленьня “кругавой парукі” настаўнікаў прэстыжных школаў.

Трапіць у ліцэй — адна справа, другая — трэба ж там “цягнуць лямку”, а гэта ня ў кожнага атрымліваецца. Тады бацькі ідуць да настаўніка і прапануюць дадаткова займацца зь іх “атожылкам” за дадатковую плату. Але ж настаўніку няёмка браць грошы за працу са сваім жа вучнем (сам не навучыў, ды яшчэ й зарабляеш на гэтым!) і ён “перадае” свайго недавучку сябру-калегу з суседняй школы. У сваю чаргу той у аналягічнай сытуацыі “перадасьць” свайго вучня “на дапрацоўку” першаму. Навучаць чаму ці не, але ацэнкі стануць вышэйшымі несумненна. І хто кіне камень у гэтых настаўнікаў, якія, маючы найвышэйшую катэгорыю і паўтары стаўкі, ледзь дацягваюць у зарплаце да 30 даляраў?

Племя рэпэтытараў жыве, множыцца і працуе, што ні кажы, на карысьць дзяржаве, хоць як бы і па-за яе законамі. Дзяржава-рабаўнік і тут спрабуе адхапіць свой куш, абкладваючы прыватную пэдагагічную дзейнасьць падаткамі і ліцэнзаваньнем. Але падатковыя інспэктары ня вельмі шчыруюць на гэтай ніве, разумеючы, што шмат не ўшчыкнеш, а тое, што ўшчыкнеш, ня будзе вартым патрачаных сілаў.

Здараецца, што рэпэтытары дапамагаюць зарабляць грошы і настаўнікам, нечакана для апошніх. Адзін з вучняў, падрыхтаваны знаёмым мне рэпэтытарам да паступленьня ў ліцэй, атрымаў перамогу на абласной алімпіядзе. У анкеце, якую ён запаўняў на алімпіядзе, патрабавалася назваць установу і прозьвішча настаўніка матэматыкі. Ён і назваў настаўніцу ліцэя, якая вучыла яго толькі паўгады і да ягонага посьпеху мела даволі слабое дачыненьне. У выніку настаўніца атрымала буйны грант Фонду Сораса. І званьне: сорасаўскі настаўнік.

Мой асабісты досьвед прыватнага настаўніцтва налічвае каля двух дзясяткаў гадоў. Пачалося з падрыхтоўкі ў ВНУ дзяцей сваякоў. Паступова кола пашыралася сябрамі і знаёмымі. Грошай ня браў, бо — савецкі выхаванец! — лічыў пазадзяржаўны заробак за грэх, пакуль адзін з знаёмых, пераадолеўшы мой супраціў, сунуў грошы ў маю кішэню і аблаяў “дурашлёпам”. Цяпер гэтае “хобі” ператварылася ў сталую форму заробку, што вельмі дарэчы пры цяперашнім маім беспрацоўі. Зьявіліся свае сакрэты рэпэтытарскага майстэрства. Прыстасаваўся да самых розных “замоваў”, бо тут праца — вельмі індывідуальная.

Асноўную частку вучняў складаюць тыя, хто сканчае школу і зьбіраецца стаць студэнтам. Але некаторыя клапатлівыя бацькі пачынаюць хвалявацца з-за першых троек свайго дзіцяці ў 7—8 клясах (праблемы падлеткавага ўзросту) ці нават раней. І гэтая група за апошнія гады прыкметна нарастае.

— ...Вы не маглі б дапамагчы майму сыну? Ён скончыў 5-ю клясу са слабой чацьвёркай. Я баюся, што ў 6-й у яго будуць сур’ёзныя праблемы...

— ...Я скончыў ПТВ на “выдатна” і зьбіраюся паступаць у вайсковую акадэмію. Мне трэба некалькі кансультацыяў па матэматыцы...

— ...І колькі гэта каштуе?.. А чаму на беларускай мове таньней? Вы што, нацыяналіст?..

Тлумачу, што нацыяналізм тут ні пры чым. Я беларус, і апошнія 10 гадоў карыстаюся роднай мовай. На гэтай мове размаўляць мне ўжо лягчэй, чым на расейскай. І падручнікі ў мяне на беларускай мове, і арыгінальныя навучальныя матэрыялы з сыстэмамі задач распрацаваныя на беларускай мове. Для працы на расейскай мове іх прыйдзецца перакладаць...

Нягледзячы на даволі істотную розьніцу ў аплаце, пераважная большасьць выбірае ўсё ж звыклую расейскую мову. Беларускую абіраюць або сьвядомыя беларусы, або тыя, для каго поўная аплата досыць праблематычная. Пасьля пары заняткаў, калі чалавек прывыкне да беларускамоўнай тэрміналёгіі, “раптам” высьвятляецца, што ніякіх цяжкасьцяў беларуская мова не стварае. І чалавек у выніку аказваецца ў выйгрышы.

Дарэчы, беларускую мову абраў і той кандыдат у афіцэры. Калі ён пасьпяхова паступіў, я пацікавіўся, ці не перашкаджала яму мова. “А чаму яна павінна перашкаджаць? — зьдзівіўся той майму пытаньню. — Я ж і расейскую ведаю”.

— ...Я ня ведаю, што мне рабіць! — даносіць тэлефон усхваляваны голас. — У майго сына тройка па матэматыцы! Ён ня хоча хадзіць у школу. Можа, вы як дапаможаце?

— У якой клясе сын?

— У другой.

— У якой?

З такім малым мне працаваць не даводзілася. Што ж, навучыць чалавека табліцы множаньня — зусім не праблема. Але справа тут не ў табліцы множаньня. Карані такіх праблемаў трэба шукаць значна глыбей. На шчасьце, у гэтым выпадку хапіла размовы з настаўніцай.

— …Мне ня важна, будзе дачка ведаць матэматыку ці ня будзе. Яна ёй не спатрэбіцца. Але мне трэба, каб у яе была чацьвёрка.

Вось такая замова: хай ня ведае, але чацьвёрку мае. Як ня дзіўна, гэта магчыма. Не, не за “магарыч” настаўніцы. Проста — растлумачваць дзяўчыне тэму на дзень наперад. Тое, што назаўтра стане тлумачыць настаўніца, будзе ёй ужо знаёма. Адказваючы на простыя пытаньні па новай тэме (а складаных на пачатку тэмы не задаюць) і рашаючы элемэнтарныя задачкі, яна створыць добрае ўражаньне, якое адлюструецца ў журнале адпаведнай ацэнкай. Затым яшчэ крыху натрэніраваць да кантрольнай работы, пасьля чаго можна… забыць. Уважлівага настаўніка так не абдурыш, але колькі іх — дасьведчаных і ўважлівых!..

Дзяўчыны хапіла толькі на адну чвэрць. Усё ж нават на такую чацьвёрку працаваць трэба. А калі няма жаданьня, дык такая праца вельмі нудотная.

Але гэты выпадак выключны. Да рэпэтытара ідуць найперш па веды. Посьпех тут дасягаецца тым большы, чым паўней супадаюць жаданьне бацькоў і памкненьні дзіцяці. Бо ўрэшце ўсё залежыць ад працаздольнасьці вучня, падмацаванай сфармаванымі плянамі на будучыню і верай у сябе.

У праграме вывучэньня матэматыкі ў школе ёсьць два небясьпечныя моманты. Першы — пераход у 7-й клясе да сыстэматызаванай матэматыкі (асабліва да геамэтрыі), дзе патрабуецца больш высокі ўзровень разумовай дзейнасьці. Другі — пераход у 10-й клясе да стэрэамэтрыі і пачаткаў матэматычнага аналізу. Менавіта гэтыя два моманты патрабуюць найбольш пільнай увагі, а трывогу зазвычай пачынаюць біць на выхадзе з школы, у 9-й ці 11-й клясе.

— ...Я не разабраўся з раўнаньнем, якое рашалі на ўроку.

Гляджу рашэньне ў сшытку. Прымітыўнае трыганамэтрычнае раўнаньне. У рашэньні відавочная памылка. Паказваю яе. I паказваю правільнае рашэньне. Хлопец зьдзіўлены:

— І я хацеў так рашаць!

— Чаму ж не рашаў?

— Але ж гэта рашэньне настаўніцы, я з дошкі сьпісваў.

— Здараецца, што і настаўнікі памыляюцца. Чаму ж не запытаўся? Разам разабраліся б.

— Ага, я запытаўся...

— Ну і што?

— Яна пачала крычаць: “Калі адказваць на ўсе вашыя пытаньні, дык мне некалі будзе новую тэму тлумачыць! Мы і так са спазьненьнем ідзем!..”

— Спытаўся б на перапынку. Тут жа дробязь на хвілінку.

— На перапынку яе ня зловіш. Толькі званок, яна хатняе заданьне задасьць, журнал пад паху і пайшла.

— Можа, ты памыліўся, перапісваючы? — усё яшчэ спрабую я неяк абараніць настаўніцу.

— Не. Так ува ўсіх. — І ён паказвае мне сшытак, пазычаны ў суседа па парце. — У нас у клясе яе ніхто не разумее, таму й ня вучаць.

Такая вось журботная карцінка. Настаўніца мае першую катэгорыю і лічыцца адной зь лепшых у школе. Дырэктар неаднаразова адзначаў яе выканальнасьць. Гэтаму дырэктару, мабыць, толькі выканальнасьць і патрэбная. Школа ў рабочым мікрараёне, народ там у большасьці абыякавы да навучальных посьпехаў сваіх дзяцей: “абы вайны не было!”

Рэпэтытар працуе нярэдка на завугольлі школы. Яму шмат чаго бачна з таго, што школы імкнуцца хаваць. З гэтых назіраньняў нарадзілася ідэя стварэньня камітэту абароны навучэнцаў ад няўдалых настаўнікаў. Канцавой мэтай такой арганізацыі было б вяртаньне да нормы XVI—XVIII ст., калі бацькі (дакладней, рада брацтва, пры якім адкрывалася школа) самі падбіралі настаўнікаў для сваіх дзяцей. Але пра гэта можна весьці асобную размову.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0