Уладзімер АРЛОЎ

Не пяюць пеўні ў Нэсэбры

Жнівеньскія маргіналіі

 

Анкляў Радзімы

Колькі параў амаль дарослых дзяцей, супольны інтэлект якіх прыкладна роўны інтэлекту жуйкі або недакурка, так і ня сьцямілі ўва ўкраінскай мытнай дэклярацыі, што такое «громадянство», ня кажучы ўжо пра «країну народження».

Субтыльная расейскамоўная бляндынка да свайго пяцігадовага Тадзіка заўсёды гаворыць па-польску. Дагледзеўшы да канца дэманстраваны празь відэаплэеры эратычны фільм, бляндынка абурана верашчыць, каб «больше такую гадость не показывали».

Да тваёй беларускай мовы ў аўтобусе ставяцца па-рознаму. Тадзікава маці — зьдзіўлена. Немаладая міністэрская дама — абсалютна індыфэрэнтна. Кіроўцы пераходзяць на «Вы». Прадстаўніца турфірмы зьлёгку палохаецца. Палкоўнік увесь час сьпіць.

 

Палкоўнік

Уяві ўтульнага хатняга пацучка, якога нейкая злая ці добрая сіла, ня надта зьмяніўшы пысу, ператварыла ў дзьвюхногую істоту ніжэй сярэдняга росту. Ад самага Менску гэтая істота жлукціць гарэлку, сьпіць і раз-пораз патрабуе спыніць аўтобус. Пасьля кожнай такой сэрыі пацучок надзявае новую кашулю. Апратку падае ягоная жанчына, таксама маленькая, але падобная ўжо не да пацучка, а да белай мышкі, прычым падабенства гэткае вялікае, што, здаецца, у яе ў шортах хаваецца хвосьцік.

На чарговае патрабаваньне пацучка спыніцца каля кусьцікаў міністэрская дама неспадзеўкі рэагуе абураным лямантам. «Потише, — зусім цьвяроза адгукаецца пацучок, — я, между прочим, работал полковником». Мышка ўстаўляе свае тры шэлягі. «А ты что, работала подполковником?» — абрывае міністэрская дама. «А ты и под лейтенантом не смогла бы!» — парыруе мышка.

 

Карпенка

На кожнай мяжы адбываецца зьбіраньне пашпартоў, а потым — іх раздаваньне. Мэханізм аднолькавы: прадстаўніца турфірмы гучна чытае прозьвішчы ўладальнікаў. Сярод апошніх ёсьць нейкі Карпенка. Палкоўнік сьпіць або дрэмле, але, пачуўшы прозьвішча Карпенкі, нязьменна адплюшчвае адно вока і гучна абвяшчае: «Памёр!»

 

Палкоўнік-ІІ

На ўкраінскіх памежных пераходах Палкоўнік упэўнена дапамагае суседзям запаўняць дэклярацыі, вымаўляючы ўкраінскія словы на беларускі капыл. Гэта сьведчыць пра тое, што ў гады сваёй не такой ужо і далёкай маладосьці Палкоўнік мог змагацца з нацыяналістамі, за што на пачатку 90-х гадоў і быў узнагароджаны гадзіньнікам з «Пагоняй» і бел-чырвона-белым сьцягам, які ня зьняў з рукі і напрыканцы гэтых самых эпахальных 90-х.

 

Румынія

Магчыма, пад уплывам сёньняшняга сонечнага зацьменьня гаспадар прыдарожнай кавярні спрабуе даць табе рэшту з даляраў нямецкімі маркамі, паважна пераконваючы, што ў Румыніі курс 1:1.

Фурманкі тваё вока сустракае на шашы ненашмат радзей за аўтамабілі. Роўнасьць статусу гэтых транспартных сродкаў падкрэсьліваюць нумары дзяржаўнай рэгістрацыі ў адных і ў другіх. Часам парнай запрэжкай кіруе падобны да «крутога» хлопец у белай кашулі з гальштукам.

Прыбіральняў усьцяж аўтастрады не прадугледжана, таму экалягічны прыпынак робіцца пасярод палетку кукурузы. Кіроўцы аглядаюць блізкія далягляды з загадкавай усьмешкаю. Неўзабаве высьвятляецца, што ў папярэднюю паездку румынская паліцыя зрабіла якраз у гэтым месцы засаду і двум грамадзянам РБ, засьпетым «на гарачым», давялося выкласьці пад пагрозаю арышту і вязьніцы па 100$.

Каля гораду Канстанцы згадваеш, як у школе праходзілі паўстаньне на браняносцы «Пацёмкіне» і на кантрольнай твой аднаклясьнік Коля напісаў: значэньне паўстаньня ў тым, што маракі здаліся румынскім уладам. Цалкам верагодна, што менавіта нашчадкі рэвалюцыйных расейскіх матросаў робяць засады ў кукурузе.

 

Палкоўнік-ІІІ

Позна ўначы твой аўтобус доўга стаіць на румынска-баўгарскай мяжы. Палкоўнік колькі хвілінаў нэрвова тупае каля дзьвярэй, затым са спрынтэрскай хуткасьцю бяжыць да шлягбаўму, апярэджвае баўгарскіх памежнікаў, што запозьнена кідаюцца напярэймы, і зь пераможным крыкам «Ніхт шысэн!» хаваецца за дзьвярыма будынку зь літарамі WC.

Баўгарскія братушкі не адкрываюць агню, што дазваляе вернутаму пад канвоем у Румынію Палкоўніку пагардліва заўважыць: «Хіба гэта мяжа?» і даць афарыстычную дэфініцыю: «Мяжа — гэта там, дзе страляюць».

 

Нэсэбар

У антычнасьці гэты баўгарскі горад на высьпе быў грэцкім і зваўся Мэсамбрыяй. Грэцкім ён заставаўся яшчэ і ў 20-я гады нашага стагодзьдзя. Стары гаспадар дому, дзе ты жывеш, — грэк на імя Артадоксіс, або, скарочана, Доксі, што ў перакладзе значыць праваслаўны.

Доксі добра памятае, як Народная Рэспубліка Баўгарыя хацела ўступіць у Савецкі Саюз. Ты прапануеш выпіць за тое, што ідэя ляснулася. Вы седзіцё на аздобленай белым мармурам тэрасе двухпавярховага дому. Пад вамі, на суседнім падворку, — рэстарацыя, куды заваблівае публіку велічэзны чыюк-ара. Кажуць, яго завуць Тодарам Жыўкавым. Абачлівы Доксі не пацьвярджае, але й не абвяргае гэтае інфармацыі.

Чыюк выгуквае нейкія посткамуністычныя лёзунгі. Ад мора, да якога сотня крокаў, брыдуць амаль увабдымку аднолькава стамлёныя доўгім сьпякотным днём цыган і яго мядзьведзь. На мініятурным пляцы, акупаваным столікамі навакольных рэстаранаў, цыган прысмоктваецца да такога самага зялёнага гусака «Асьлінае крыві», які стаіць і на мармуровай стальніцы перад табой. Мядзьведзю таксама хочацца віна, і ён спрабуе адабраць у гаспадара пляшку.

Унізе гучна лаюцца матам п’яныя расейцы. Іх не пускаюць у рэстарацыю да Жыўкава, і за гэта гарачыя самарскія хлопцы абяцаюць вые... усіх афіцыянтак, а за адным разам і афіцыянтаў. Мядзьведзя пагрозы пакуль што не датычаць, але ён палахліва цісьнецца да гаспадаровых ног.

Доксі хваліць тваю «белавескую». Табе хочацца наліць мядзьведзю і выпіць зь ім за тое, што Баўгарыя ня стала шаснаццатай рэспублікай-сястрой.

 

Цэцы*
.............................................
*памяншальная форма жаночага імя Цьвятана.

 

Творчая лябараторыя

З адзеньня на ёй была толькі цыгарэта.

Ты напішаш апавяданьне, якое будзе пачынацца з гэтага сказу.

 

Нэсэбар-ІІ

Уваход на пляж новага мацерыковага Нэсэбру больш за ўсё нагадвае табе філіял гарадзкога сьметніку. Але затое — поўная адсутнасьць расейскае папсы, якая ў Беларусі апанавала падобныя мясьціны, як кароста некалі здаровую скуру.

У цябе ўваччу праявіцца ліпеньская Нарач зь ціцянкоўскім цеплаходам-рэстаранам, дзе зямля, вада і паветра ўжо дазваньня атручаныя песенькамі пра дзевачак, «которые хотят», пра забойцаў-камбатаў, параноікаў-есавулаў і пра тое, зноў жа, што «всем девчонкам хочется». Можа, якраз тут і трэба шукаць прычыну экалягічнае катастрофы, у выніку якой цьвіце нарачанская вада, а вугорычы сотнямі выкідаюцца на бераг, выбіраючы не інтэграцыю, а сьмерць?

 

Любі сваё

Баўгаркі ўсіх узростаў запякаюцца на сонцы бязь верхняй часткі купальніку. Да экспазыцыі грудак, грудзей і грудзішчаў ты прызвычаесься надзіва хутка, а раніцой прыйдзеш да высновы, што нашыя малочна-белыя ўсё адно лепшыя за іхныя чакалядавыя.

 

Тапелец

Недалёка ад цябе з мора выцягнуць маладога тапельца. Наваліс меў рацыю, калі пісаў, што сьмерць — блакітнага колеру.

Ты пакуль што ня хочаш патануць і наагул зьбіраесься яшчэ крыху пажыць, але з багавіньня памяці падступна вылузваецца эпітафія, якую аднойчы прыдумаў сабе Фолкнэр: «Пісаў кнігі і памёр».

 

Пісьменьнік Станеў

Баўгарскі пісьменьнік Эміліян Станеў жыў на летніку на гары Віташы. Аднаго разу да яго прыехаў сябра-літаратар. Усьцешаны зьяўленьнем госьця Станеў кажа: «Вось спушчуся хутка ў Сафію, усіх пісьменьнікаў перастраляю са шмайсара. Пакіну толькі чалавек пятнаццаць». Сябра легкадумна цікавіцца, што будзе зь ім. Станеў: «Ты выбраў непрыемнае пытаньне».

 

Тэлеграма Лукашэнку

Пасьля нестандартнай пляшкі «Кадаркі» ў цябе нараджаецца ідэя паслаць з Баўгарыі тэлеграму грамадзяніну А.Лукашэнку. Пасьля другой пляшкі таго ж напою ўсплывае на думку, як А. Купрын адбіў тэлеграму цару: «Долой самодержавие!», а ўраньні атрымаў адказ: «Выпил — похмелись. Николай ІІ». Пасьля трэцяй пляшкі ўспамінаеш, што ўжо накіроўваў А.Лукашэнку тэлеграму, калі ў парлямэнце зьбілі дэпутатаў ад апазыцыі. Тэлеграма была з аплатаю паведамленьня пра ўручэньне. Ты не атрымаў нават гэтага паведамленьня.

 

Нэсэбар-ІІІ

У цябе можа ўзьнікнуць уражаньне, што горад нядаўна перажыў вусьцішны паморак: ледзьве не на кожных дзьвярах вісяць друкаваныя абвесткі зь імёнамі і фотаздымкамі ў чорных рамках. Учытаўшыся ў жалобныя тэксты, даведваесься, што яны паведамляюць ня толькі пра нядаўнюю сьмерць, але і пра сарачыны, пра тры месяцы, паўгода, год і пра кожныя новыя ўгодкі па памерлым.

Прымерыўшы гэтую традыцыю на Беларусь, ты ўсьцешана думаеш, наколькі прасьцей жывецца ў цябе дома. Іначай колькі клопату было б і табе, і тым, хто беражэ твой спакой і нацыянальную згоду. А раптам нехта пад выглядам законных жалобных улётак пачаў бы клеіць крамольныя афішкі пра мітынгі? А нехта надумаўся б разьвесіць партрэты Юр’я Захаранкі і Віктара Ганчара. Або, крый божа, партрэты сэкс-сымбаля лядашчых пэнсіянэрак і пэнсіянэраў нетрадыцыйнай арыентацыі, ды яшчэ зь якімі-небудзь падазронымі датамі...

 

Златка
............................................

 

Землятрус

Прахопліваесься ўначы ад таго, што хорам крычаць чайкі, мяўчаць каты, брэшуць сабакі, а ў цябе пад ложкам варочаецца, намагаючыся падняцца, хтосьці з камплекцыяй народнага пісьменьніка Беларусі Янкі Брыля. Нацягваеш шорты, хапаеш партманэтку і недарэчна згадваеш, што двойчы ганкураўскі ляўрэат, твой зямеля Рамэн Гары, ад’яжджаючы з Парыжу, хаваў на выпадак пажару свой рукапіс у лядоўню.

Газэты паведамляюць, што суседняя Турцыя замовіла для ахвяраў 40 тысячаў поліэтыленавых саванаў, а Доксі тлумачыць землятрус Божай караю за тое, што Турцыя давала аэрадромы самалётам, якія бамбавалі Сэрбію.

 

Маўзалей

Кожны дзень тэлебачаньне паказвае табе, як у Сафіі спрабуюць зруйнаваць Маўзалей Г. Дзімітрава. Не, ніхто яго там не бароніць. Проста дынаміт ніяк не бярэ тую спаруду, што была збудаваная яшчэ і як атамнае бомбасховішча.

Нарэшце дабілі, і ў верасьні на месцы Маўзалею дасьць канцэрт Хульё Іглесіяс.

У цябе варушыцца пытанейка: ці будзе свой Маўзалей у Беларусі?

 

Гётэ як вібратар

Баўгарская газэта «Труд» радуе прыхільнікаў таленту Ё.В.Гётэ карэспандэнцыяй пра тое, што да 250-х угодкаў паэта на ягонай радзіме выпушчаны адмысловы юбілейны вібратар. Інтымны прыстасон мае дзьве батарэйкі, чорнае сіліконавае пакрыцьцё і клясычныя, як цьвердзіць газэта, памеры: даўжыню — 19 і дыямэтар — 4 см. Гётэ-вібратар каштуе 99 марак і адлюстроўвае тыповую паэтаву паставу з закладзенымі за плечы рукамі, што «дазваляе без праблемаў выкарыстоўваць яго паводле прызначэньня».

Яшчэ нядаўна, як сьцьвярджаў у адным інтэрвію З.Пазьняк, беларусы сэксам не займаліся. Але час зьмяніўся, і сёньня паўстае нерытарычнае пытаньне: хто з выбітных дзеячоў беларускай мінуўшчыны або сучаснасьці станецца правобразам першага айчыннага вібратара?

 

Бургас

У баўгарскім горадзе Бургасе, які падобны да Адэсы, ёсьць помнік Адаму Міцкевічу, што жыў тут у 1855-м, апошнім годзе свайго жыцьця. Ты недзе чытаў, што на сьвеце 56 помнікаў Міцкевічу і 27 — Пушкіну. Цяпер свой Пушкін ёсьць і ў Менску. Такім чынам, па помніках Міцкевіч апярэджвае кучаравага калегу роўна ў два разы. Але ж хутка зьявіцца і менскі Міцкевіч, і ранейшы разрыў будзе адноўлены.

Адметна, што менскага Пушкіна паставілі каля гатэлю. А менскага Міцкевіча пасадзяць паблізу «Валадаркі».

 

Найдан Вылчаў

Вялікі сябар Беларусі паэт Найдан Вылчаў нядаўна набраў на кампутары і выдаў новую кнігу. Адзін асобнік занёс у Нацыянальную бібліятэку, два падараваў крытыкам і літаратуразнаўцам, а большую частку пяціасобнікавага накладу пакінуў сабе.

 

Прэзыдэнт Беларусі

Праз два тыдні нарэшце знаходзіш у газэтах першае паведамленьне зь Беларусі. З нататкі, зьмешчанай чамусьці пад фотаздымкам косаўскіх дэманстрантаў, што нясуць плякат «Russians killed us», ты даведваесься, што Беларусь мае новага прэзыдэнта. Яго завуць Сямёнам Шарэцкім, і кіруе ён пакуль што зь Вільні.

 

Дранько-Майсюк

«Жыў калісьці хлопчык. Ён жыў у самай несправядлівай краіне на сьвеце. Ёю кіравалі істоты, якіх, паводле ўсіх чалавечых меркаў, трэ было прызнаць вырадкамі. Аднак гэтага ня здарылася».

Жыў калісьці ты. І ты прачытаў вышэйцытаваныя словы ў паэта і эсэіста Л.Дранька-Майсюка. Але потым ты расплюшчыў вочы і ўспомніў, што іх напісаў І.Бродзкі, а Дранько-Майсюк быў стомлены Парыжам.

 

Буслы

У твой перадапошні баўгарскі дзень у высокім небе над морам праплывае велічэзная чарада буслоў. Сотні, а можа і тысячы птушак ляцяць адтуль, дзе калісьці цябе падвозіў ад Полацку да Менску спадарожны кіроўца з-пад Тулы. Убачыўшы ў небе бусла, ты даверліва сказаў расейцу, што гэта лічыцца ў беларусаў шчасьлівай прыкметай. У адказ старэйшы брат зазначыў, што ў буслоў смачнае «сладкое» мяса.

 

Палкоўнік-ІV

Палкоўніка ты сустракаеш амаль як сябра, што аздобіць бясконцую дарогу дадому. Але сьветлыя надзеі ня спраўджваюцца. Палкоўнік худы і цьвярозы, як маласольны гурок. На пяты дзень адпачынку з гатэльнага нумару ў Палкоўніка вынесьлі ўсё, апроч Мышкі і шляхетна пакінутых на астатняе шчасьлівае жыцьцё дваццаці даляраў.

Табе Палкоўнік адказвае па-беларуску. Яшчэ лепей гэта атрымліваецца ў Мышкі. Ты разважаеш пра складаную залежнасьць дабрабыту і нацыянальнай сьвядомасьці.

 

Румынія-ІІ

Румынія сустракае цябе сатэлітавымі антэнамі на вясковых мураванках і нядошлай кабылкаю ў сучасным цэнтры Канстанцы, што на скрыжаваньні цярпліва чакае зялёнага сьвятла, каб цягнуць далей дабітыя калёсы.

З дунайскай стромы глядзіць на далягляд зь велічнай пэрспэктывай Карпатаў масянжовы Стэфан Вялікі на кані. Некалі над Нёманам у Горадні будзе стаяць такі помнік Вітаўту, а над Дзьвіной у Полацку — Усяславу Чарадзею.

 

Украіна

Твой аўтобус спыняе ўкормлены міліцыянт, у якога менавіта сёньня дзень нараджэньня. Пакуль доўжацца перамовы наконт падарунку, ты маеш магчымасьць пачаць адаптацыю да расейскае папсы, якую зь нейкай паталягічнай асалодаю круцяць ва ўсіх без вынятку навакольных крамках і шапіках.

 

Тост

Вып’ем за вялікі расейскі народ у ягоных этнаграфічных межах!

 

Сон

Закалыханы аўтобусам, ты засынаеш. Табе сьніцца родная беларуская рэчаіснасьць.

Прачынаесься з палёгкаю.

Цябе разбудзіў беларускі памежнік.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0