эканамічны камэнтар

Больш нармальнасьці

 

На тыдні лібэралізавалі, дакладней, легалізавалі абменны курс даляру. Гэтым разам урад нібыта мае сур’ёзныя намеры: напрыклад, 25 лістапада павялічылі стаўку рэфінансаваньня на 20%, а 14 сьнежня — зноў на 20, да 120%, каб зрабіць больш выгодным укладаньне грошай у рублёх — будзе выгадней не даляры купляць, а трымаць грошы ў рублях.

Добра, што Нацыянальны банк цяпер ня толькі зьняў абмежаваньні на гандаль валютай для прадпрыемстваў, але й адмовіўся ад практыкі выдачы дазволаў на такія інтарэсы.

Аднак захады па ўпарадкаваньні палавіністыя і неканечныя. Захоўваецца пазабіржавы рынак, дзе курс складае 920 тысячаў за даляр, а таксама афіцыйны банкаўскі курс, паводле якога забіраюць частку валютнага даходу ў прадпрыемстваў па нізкім курсе…

Нявырашаныя і іншыя пытаньні грашовых дачыненьняў. Працэнтовая стаўка ўсё шчэ ніжэйшая за ўзровень інфляцыі.

Дык ня бачна й чэргаў, каб прадаць даляры…Чаму так?

Бо людзі чакаюць далейшага падзеньня рубля. Міністар эканомікі Шымаў заявіў, што пад сярэдзіну 2000 году валютны курс рубля будзе пад 1,5 мільёна за даляр, а напрыканцы гэтага году чакаецца дэвальвацыя рубля да ўзроўню 1 млн. руб. за даляр, ці то 1000 аббезнулёных.

Але старшыня Нацбанку Пятро Пракаповіч паведаміў, што пачаўся толькі першы этап унармальваньня фінансавай сыстэмы. Лібэралізацыю курсу Нацбанк вырашыў правесьці пад Каляды таму, што перад сьвятамі людзі трацяць значна больш. Хітры, будаўнік.

Натуральна, тое, што зрабілі, добра зрабілі — цяпер у людзей менш падставаў законы парушаць, а эканоміка набліжаецца да існаваньня ў рэальным, а не савецкім сьвеце. Пракаповіч упэўнены, што пад весну Нацбанк ліквідуе мноства курсаў і ўсталюе адзіны сапраўдны курс.

Сур’ёзна сапсаваць гэтыя намеры можа крэдытаваньне будаўніцтваў і вёскі, але ў Нацбанку кажуць, што цяпер грошай пад гэтыя праекты ў дзяржавы ёсьць... Мо й сапраўды будаўнік Пракаповіч прыдушыць круцялёў, якія нажываліся на розьніцы курсаў?

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0