17 сьнежня беларускаму кіно споўнілася 75 гадоў

Сумны юбілей

 

У гэты дзень у 1924 годзе ўрад БССР заснаваў Дзяржаўнае ўпраўленьне ў справах кінэматаграфіі й фатаграфіі. Са словаў намесьніка міністра культуры, былога кінаапэратара Юр’я Цьвяткова, гэта «сьвята са сьлязьмі на вачох». На імпрэзе Саюзу кінэматаграфістаў у кінатэатры «Масква» Ю.Цьвяткоў абрысаваў крызыс, на дне якога сустрэла свой юбілей беларускае кіно. Сёлета на «Беларусьфільме» здымалася толькі адна мастацкая стужка — «Момант ісьціны», і тая з расейскімі акторамі і часткова на расейскія грошы, дый так і не дазьнялася. Усе апошнія гады кінастудыя выжывае толькі за кошт тых сродкаў, якія ўкладаюць у супольную вытворчасьць замежныя прадусары — пераважна нямецкія. У Беларусі практычна няма рэнтабэльных кінатэатраў. Заробак у кінэматаграфістаў — адзін з найніжэйшых, і той часта затрымліваюць. Дзяржава не дала ніякіх грошай на сьвяткаваньне юбілею айчыннага кіно. Кіраўніцтва краіны (як, зрэшты, і апазыцыя) нават не даслала кінэматаграфістам віншаваньняў.

Адна з прычынаў заняпаду мастацкага кіно ў Беларусі — адсутнасьць цікавых сцэнароў. З гэтай нагоды Саюз кінэматаграфістаў наладзіў вольны конкурс, у якім узялі ўдзел больш як 60 аўтараў. 17 сьнежня журы на чале зь пісьменьнікам Віктарам Казьком абвесьціла вынікі і ўзнагародзіла ляўрэатаў грашовымі прэміямі (найбуйнейшая складае 80 мільёнаў «бырыкаў»). Лепшыя сцэнары Саюз кінэматаграфістаў рэкамэндаваў да пастаноўкі на «Беларусьфільме». Гэта, найперш, камэдыя з жыцьця калгасьнікаў «Беражыце бычкоў!» Аляксандра Богдана і драма Ільлі Іваненкі «Побач з Радзімай». Сюжэт апошняй такі: расейскага хлопца, які мае беларускія карані, хочуць забраць у войска і, магчыма, адправіць на чарговую вайну ў Чачэнію. Хлопец тэрмінова афармляе сабе замежнае — беларускае — грамадзянства, але гэта яго не ўратоўвае: Беларусь і Расея ствараюць супольныя ўзброеныя сілы…

З нагоды юбілею Саюз кінэматаграфістаў узнагародзіў адмысловым мэдалём 28 вэтэранаў айчыннага кіно (сярод іх — Стэфанія Станюта, Павал Кармунін, Валеры Рубінчык). Мэдаль № 1 атрымаў 90-гадовы апэратар Майсей Берух, які здымаў, як у 1944-м скінулі свастыку з Дому Ўраду.

Юрась Барысевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0