За сьпінаю ў Пазьняка

Уладзімер Крукоўскі — вядомы мастак і журналіст. Клясык беларускага плякату, чые творы сталі хрэстаматыйнымі. З 1963 г. — «пад каўпаком» КГБ. Адзін з кіраўнікоў «Мартыралёгу Беларусі», сябра Сойму БНФ. У 1990 годзе кіраваў кампаніяй З.Пазьняка на выбарах у Вярхоўны Савет. Стварыў (разам зь Яўгенам Куліком) эталён дзяржаўнага гербу Беларусі «Пагоня». У 1993 годзе адышоў ад актыўнай дзейнасьці ў структурах БНФ, але застаўся цьвёрдым прыхільнікам фронтаўскіх арыенціраў (незалежнасьць, родная мова, Эўропа). Паходзіць са старажытнага шляхецкага роду гербу «Корвін». Да пэнсіі працаваў мастацкім рэдактарам часопіса «Спадчына».

 

— Спадар Крукоўскі, чаму пасьля пяці гадоў напружанай працы ў структурах БНФ Вы так рэзка адышлі ўбок?

— Ці я адзін? Проста стаміўся адстойваць уласную пазыцыю, уласнае бачаньне крызысу, які няўмольна насоўваўся на Фронт. Трэба было вырашаць: або заняцца фракцыйнай, апазыцыйнай дзейнасьцю ў самым БНФ, або... Я выбраў другое.

 

— А што адбылося ў 1963 годзе?

— Арыштавалі маіх сяброў з БДУ — Шыдлоўскага, Рыжыкава, Пестрака. У Жэні Шыдлоўскага пры арышце знайшлі каля 20 маіх лістоў з войска (я служыў тады ў Барысаве, у 6-й танкавай арміі). А ў тых лістах было пра ўсё, чым жыло тады маё пакаленьне, гэтак званыя «шасьцідзясятнікі»: і пра Хрушчова зь ягонай кукурузай, і пра камуністаў наагул, і пра забойства Кенэдзі і г.д. З гэтага пачалося. Даслужваў я пад пільным наглядам асобага аддзелу. Потым у Ружанах, куды вярнуўся пасьля дэмабілізацыі, меў пэрсанальнага «цівуна» ў асобе опэрупаўнаважанага (ці як там яны называліся) па раёне. Тое самае працягвалася і пасьля пераезду ў 1970 г. у Менск, дзе я сышоўся з групай мастакоў-дысыдэнтаў: Я.Куліком, М.Купавам, А.Марачкіным, В.Маркаўцом. З той пары мы разам. Аж да гарбачоўскіх часоў «таптуны» і віжы літаральна наступалі нам на пяты. Цікуюць, пэўна і цяпер, але ўжо іншыя службы іншага гаспадара.

 

— Што забясьпечыла перамогу Зянона Пазьняка ў першым жа туры выбараў у Вярхоўны Савет?

— Па-першае, асоба Пазьняка. Просты, даступны, адукаваны, свабодная, нязмушаная манера паводзінаў. Яснасьць думак, добрая беларуская мова, выдатная рэакцыя. Ён тады быў на ўзьлёце папулярнасьці. За такую асобу лёгка было агітаваць.

Па-другое, дружная, самаадданая каманда. Уладзімер Арлоў, Лявон Бартлаў, Юры Дракахруст, Жора Чунтонаў, Віктар Каролік, Сяргей Міхноў, Мая Кляшторная ды іншыя не шкадавалі ні сілаў, ні часу, хоць сярод ночы падымай. Працавалі разумна, улічвалі сацыяльны склад і псыхалёгію выбаршчыкаў акругі. А гэта былі вуліцы Іркуцкая, Енісейская, Байкальская, Ангарская — словам, менская Сібір, спальны раён Аўтазаводу і Трактарнага. КПБ вельмі спадзявалася, што пралетарыят не зразумее і не падтрымае інтэлігента Пазьняка. Памылілася. І зразумеў, і падтрымаў.

Па-трэцяе, праколы нашых праціўнікаў. Мы працавалі карэктна, ніколі ня ганьбілі, не абражалі канкурэнтаў і, у той жа час, дакладна выкарыстоўвалі іхныя памылкі. Зь некалькіх супернікаў галоўнай была жанчына — кадравы партыйны работнік. На яе працаваў гаркам КПБ, прапагандысцкім апаратам якога кіраваў тады сумнавядомы «чаўнок» Краўчанка. Асабліва стараліся так званыя «группы поддержки», якія гнезьдзіліся, вядома ж, у гаркаме. Сёньня яны закідвалі паштовыя скрынкі паведамленьнем, што Пазьняк — сіяніст. Назаўтра Пазьняк быў ужо антысэмітам, яшчэ празь дзень — паліцаем (1944 году нараджэньня!). 3—4 такія пісулькі — і людзі іх ужо не чыталі.

Цяжка было прабіцца ў сталічную прэсу. Я асабіста абышоў усе менскія газэты. «Советская Белоруссия» спасылалася на вялікую чаргу, «Знамя юности» — на ўзрост Пазьняка (ня юны), «Мінская праўда» — на кандыдатаў з вобласьці, а «Вечерний Минск» «чэсна» заявіў: «Мы не можем пропагандировать нашего политического оппонента». Мы расказвалі пра ўсё гэта на сустрэчах і мітынгах, і чым больш нас душылі ўлады, тым больш нам давяралі простыя людзі. Толькі «Автозаводец» у асобе колішняга рэдактара Філончыка насьмеліўся за тыдзень да галасаваньня надрукаваць артыкул «Чалавек, які не баіцца сыстэмы» (гэта пра Пазьняка). Напісаны ён быў Ул.Арловым і Ю.Дракахрустам. Карацей, увесь выбарчы нэгатыў мы здолелі ператварыць у пазытыў.

 

— А чаму выбар Пазьняка выпаў на Вас?

— Сяброўскія адносіны плюс той факт, што «лепшыя» на той момант ужо працавалі ў іншых камандах або балятаваліся самі.

 

— Вы згадалі пра крызыс у БНФ. Калі ён пачаўся і якія прычыны яго выклікалі?

— Першыя прыкметы зьявіліся адразу ж пасьля Выбараў-90, калі Фронт раптоўна, амаль у адзін дзень, падзяліўся на «вярхі» і «нізы». Частка сяброў і кіраўнікоў БНФ трапіла ў парлямэнт, атрымала статус недатыкальнасьці, амаль кожны дзень «сьвяцілася» ля мікрафонаў ці на экранах тэлевізараў. Большасьць жа працягвала займацца будзённай «чорнай» працай, часта падстаўляючы сьпіны і галовы, рызыкуючы пасадамі і здароўем. На жаль, шмат каму з нашых парлямэнтароў не хапіла такту, звычайнага добрага выхаваньня і псыхалягічнай тонкасьці ў кантактах з асноўнай масай фронтаўцаў. Усе яны, як правіла, былі інтэлігентамі ў першым пакаленьні. Нэгатыўную ролю адыгралі і пэўныя асабістыя якасьці З.Пазьняка: ягоная катэгарычнасьць, залішняя рэзкасьць, бескампраміснасьць. Пачаўся сыход «мазгоў». Фронт пакідала творчая і навуковая інтэлігенцыя. Гэты працэс працягваецца і цяпер. Адыходзіць у паралельныя структуры, іншыя партыі і проста ў нікуды здольная, адукаваная моладзь. На жаль, БНФ, як і іншыя партыі, пабудаваны ў выглядзе клясычнай арганізацыйнай піраміды зь лідэрам, правадыром на вяршыні. Пасьля зьнікненьня вяршыні пачалася непазьбежная эрозія, пачалося «асыпаньне» піраміды.

 

— Што, на Вашу думку, выклікала раптоўны, незразумелы ад’езд Зянона Пазьняка?

— Не прэтэндую на ляўры славутага Бурцава, але ўпэўнены, што гэта — вынік тонкай, шматходавай апэрацыі спэцслужбаў. Апошнія гады міліцыя старалася ахоўваць Пазьняка, не дапускаць ніякіх правакацыяў супраць яго. Рэжым выдатна разумеў, што паранены або арыштаваны, ён адразу рабіўся агульнанародным героем, сымбалем, паходняю апазыцыі, і наступствы гэтага нават цяжка было пралічыць. Іншая рэч — добраахвотная эміграцыя. У нашых умовах гэта, фактычна, палітычнае самагубства лідэра. Нехта з бліжняга акружэньня, відаць, пераканаў З.Пазьняка ў мэтазгоднасьці такога кроку, у рэальнасьці сьмяротнай пагрозы, у той карысьці для вызвольнага руху, якую можа прынесьці ягоная замежная дзейнасьць. Пазьняк, пры ўсёй ягонай праніклівасьці і тонкай палітычнай інтуіцыі, бываў часамі даверлівы да наіўнасьці.

 

— Ці ёсьць у Вас вэрсія наконт правакатара ці правакатараў?

— Вэрсія ёсьць, але не для друку.

 

— Калі адлічваць ад «Камітэту-58», дык сёлета споўнілася 11 гадоў сучаснаму апазыцыйнаму руху ў Беларусі. А які лёс, на Вашу думку, чакае «бацьку» апазыцыі, БНФ?

— Я аптыміст. БНФ — не часовае, створанае для канкрэтнай, блізкай мэты аб’яднаньне. Фронт — зьява шматстайная і на доўгія гады. Нават калі будуць дасягнутыя асноўныя мэты і выкананыя галоўныя задачы: незалежнасьць, мова, Эўропа. Адно што трэба шукаць новыя, нешаблённыя формы барацьбы, патрэбныя арыгінальныя ідэі, сьвежыя сілы. Трэба, нарэшце, пазбавіцца ад шкоднага звычаю заганяць балячкі ўглыбіню (абы людзі ня ведалі). Калі я пачуў нядаўна з вуснаў аднаго з кіраўнікоў Фронту, што «асноўнай задачай сёньня зьяўляецца выхаваньне сьвядомай інтэлігенцыі», мне зрабілася сумна і сьмешна. Настаўнік жа павінен быць больш адукаваны і разумнейшы за вучня.

 

— Апошняе пытаньне, спадар Уладзімер. Вы вядомы мастак-плякатыст. Як творыцца сёньня?

— Нармальна. Хоць мой канёк — палітычны плякат, а ён сёньня нікому не патрэбны і няма заказчыка, я кожны год раблю і паказваю на выставах некалькі новых працаў. Потым яны асядаюць у майстэрні.

 

— Дзякуй Вам за цікавую гутарку.

— Вам дзякуй. Dixi!

Гутарыў Алег Карповіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0