Весткі зь Літвы

 

Беспрацоўе

Літоўцы прагназуюць, што ў наступным годзе беспрацоўе ў краіне не перавысіць 10%. Сёлета на першага сьнежня ўзровень беспрацоўя складаў 9,5%. Мяркуюць, што ён такім і застанецца.

 

Наркотыкі

А вось з наркотыкамі ўсё нашмат больш пэсымістычна. Паліцыя падлічыла, што абарот наркамафіі ў Літве складае 50 млн. літаў ($12,5 млн.) у год. Пашыраецца продаж наркотыкаў найперш у віленскіх школах. Трывожная тэндэнцыя апошніх гадоў: усё больш наркаманаў ад опію (мак) пераходзяць да сынтэтычных (амфэтамінных) і прывазных (гераін, какаін, ЛСД) наркотыкаў. Гэта небясьпечна зь некалькіх прычынаў. Па-першае, кантраляваць літоўскіх вытворцаў маку магла і мясцовая паліцыя. Але калі ў краіну хлынулі прывазныя наркотыкі, дык стала стварацца і клясычная сыстэма кансьпірацыі — босы, транспартоўцы, фасоўшчыкі і вулічныя гандляры. Дабрацца да верху гэтае піраміды сёньня практычна немагчыма. Па-другое, школьнікам нашмат больш падабаецца курыць гераін, чым калоцца опіем, а гераінавы наркаман лічыцца ўжо кончаным чалавекам. Яшчэ адна кепская тэндэнцыя — наркотыкі ў Літве рэзка патаньнелі. Калі тры гады таму адзін грам гераіну на віленскіх вуліцах каштаваў 150-200 даляраў, дык сёньня кошты ўпалі да 30-50. Крыху даражэй каштуе какаін. Таблетку амфэтаміну можна купіць за 10 даляраў. Столькі сама каштуе і адна доза (марачка) ЛСД. Паліцыянты скардзяцца, што вулічныя гандляры тусуюцца цяпер каля кожнай школы, што на месцы схопленага распаўсюдніка зараз жа зьяўляецца новы, а на тое, каб дастаць арганізатараў злачыннае дзейнасьці, праваахоўным органам не хапае ані людзей, ані грошай.

Ліцьвін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0