Касі Камоцкай ня носяць вершаў

«Я думаў, што беларускі рок-н-рол памёр і я разам зь ім, — сказаў пасьля прэзэнтацыі «Цэпэлінаў» Адам Глёбус, — але я памыляўся, усё больш крута». 16 сьнежня «Новае Неба» прэзэнтавала CD «Цэпэліны» ў клюбе «Magna». Гасьцямі «Новага Неба» былі «КаліЮга», беластоцкая «Брага» ў новым складзе — беластаччанін Юрка Асеньнік плюс музыкі «Ulisu» і ўласна «Ulis». Слава Корань адсьвяткаваў свой дзень нараджэньня ігрой у трох гуртах… Выступы Касі Камоцкай зьбіраюць усю беларускую багему. Нездарма ж калісьці нарадзіўся тост: «Дык вып’ем за Касю, якая ўсіх нас сабрала разам!» Праўда, апошнімі часамі такія зборы бываюць усё радзей…

 

Слава Корань: Зараз палітыку ставяць вышэй за творчасьць музыкаў. Робяць нас рухавіком палітычнай плыні. А я хачу, каб нас ацэньвалі па тым, што мы граем. За апошнія дзесяць гадоў беларускія музыкі сталі нашмат цікавей граць, больш разнастайна.

Я лічу, што трэба слухацца ўласнага поклічу, пражыць жыцьцё па-чалавечы. Гэта мусіць быць галоўнай мэтай, а не захоп улады. Калі чалавечнасьць будзе перад усім, тады і з краінай можна будзе нармальна ўпраўляцца.

 

«НН»: Але Лукашэнка робіць «go home» і нас за сабой валачэ.

 

Кася: Ён пайшоў не дамоў, а ў чужы агарод. Гэты прэзыдэнт — абсалютна беларуская зьява і адпавядае беларускаму народу. Таму зь песьняй «Прэзыдэнт, ідзі дамоў» даўным-даўна завязана, бо тады «дамоў» трэба пасылаць увесь народ.

Усе гэтыя саюзныя дамовы цяжка ўспрымаць усур’ёз. Але, можа, я памыляюся, і нас ціхай сапай зацягнуць-ткі немаведама куды. Увогуле ж, усё яшчэ ня так дрэнна. Пра эміграцыю можна ня думаць. Кепска толькі, што вершаў да песень цяпер ніхто ня носіць.

С.К.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0