3,7 мільёнаў чалавек гавораць у хаце па-беларуску

Сэнсацыйныя вынікі апошняга перапісу ў Беларусі

 

Вынікі перапісу насельніцтва, падведзеныя Міністэрствам статыстыкі і аналізу, якія днямі надрукавала дзяржаўная прэса, сьведчаць, што ў Беларусі цяпер жыве 10 мільёнаў 45 тысячаў чалавек. Гэта крыху больш, чым у Бэльгіі ці Баўгарыі, і крыху менш, чым у Грэцыі ці Партугаліі. Беларусь пасярэдзіне.

Пацьвердзіўся і наш нядаўні прагноз наконт жыдоў — іх у Беларусі засталося ўжо нават ня 30, а толькі 28 тысячаў. Можна было прадбачыць і некаторыя іншыя зьмены. Напрыклад, старэньне насельніцтва й рост эміграцыі.

Але ёсьць і аптымістычныя лічбы. Нягледзячы на скажэньні традыцыйнага зьместу пытаньняў пра моўную практыку (што выклікала трывогу й пратэсты з боку беларускамоўных), 41% пашпартных беларусаў сьцьвердзілі, што яны ў хаце гавораць па-беларуску. Вынік сапраўды сэнсацыйны — 37% усіх людзей у Беларусі, паводле перапісу, гавораць па-беларуску! Відавочна, такая статыстыка не задаволіць «заказчыкаў» апытаньня. Таму аўтары кароткай справаздачы не ўтрымаліся ад эмацыйных ацэнак і прыпісалі, што па-беларуску дома гаворыць «аднак… усяго…» 41% беларусаў. Калі для Міністэрства статыстыкі і аналізу пад 4 мільёны чалавек — гэта толькі «ўсяго»… Лічбы перапісу дазваляюць зусім з новых пазыцыяў гаварыць аб правах беларускамоўных.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0