каляндар

275 ГАДОЎ ТАМУ

1724. Тры гады, як на нашых землях скончылася расейска-швэдзкая Паўночная вайна (1700—1721). Кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст ІІ Моцны выступаў то за расейцаў, то за швэдаў. Вайна даканала беларускія вольныя гарады, якія кіраваліся паводле так званага Магдэбурскага права. Па вайне ім папросту не было з кім гандляваць, бо прыватныя магнацкія гарады й мястэчкі дзейнічалі адно ў межах гаспадаркі свайго валадара.

У 1724 годзе рэзыдэнт Пятра І у Варшаве С.Даўгарукі ў сваім сакрэтным данясеньні ў Піцер перадаў дакумэнт каралеўскае канцылярыі пра тое, што гарады каронныя і Вялікага Княства Літоўскага дзеля «непреставаемых воинских отягачений... к последнему всеконечному пришли разорению». Ва Ўсходняй Беларусі месьцічы дайшлі да таго, што пачалі падрабляць расейскія мядзяныя капейкі, якія раней зусім не цаніліся, а ў самой Расеі на той час выйшлі з ужытку.

Фінансавая крыза не датычыла магнацкіх тэрыторыяў. З 20-х гадоў XVIII ст. пачаўся даўгі пэрыяд мірнага жыцьця. Адраджаліся гаспадаркі, адраджалася культура.

У 1724-м у Нясьвіжы Радзівілы заснавалі музычную капэлю, якая існавала аж да 1809 году. У Наваградку дамініканы збудавалі мураваны касьцёл сьв.Міхала замест згарэлага драўлянага. Таксама ў Наваградку быў адбудаваны ў стылі барока Фарны касьцёл, заснаваны Вітаўтам у 1395-м і зьнішчаны ў 1712-м у часе вайсковых дзеяньняў.

Шляхецкая вольнасьць робіцца ўсё больш неабмежаванаю — «veto!» штораз гучыць на Сэймах. Таму ніводны Сэйм не абыходзіцца без крывавых спрэчак розных фракцыяў. Калі за час «сэсіі» не зарублены тузін-другі дэпутатаў, дык і сэсія ня лічыцца ўдалай.

Але шляхецкія разборкі ня ёсьць асноўным знакам часу. Калі зазіраеш у рознага кшталту энцыкляпэдыі, найперш адзначаеш выбух «культурнай вытворчасьці» ў краіне, асабліва ў Нясвіскім княстве. Вялікае Княства, а не Карона, вяло рэй у культурным жыцьці Рэчы Паспалітай.

Калі ў аднаго з Радзівілаў, што прыяжджаў нядаўна ў Беларусь, спыталіся, ці адчувае ён сябе беларусам, той адказаў: «Радзівілы не палякі і не беларусы, мы — грамадзяне Вялікага Княства».

Севярын Квяткоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0