З Новым Тысячагодам!

 

Шмат для каго ў сьвеце Новы год — самае ўлюбёнае сьвята. Іншыя “чырвоныя дні” календара, у тым ліку Каляды, — гэта рэгулярнае ўспамінаньне і ўшанаваньне пэўнай падзеі ці, калі йдзецца пра сьвяты паганскія, — прыродных зьменаў. Новы год, наадварот, не зьвязаны зь ніякай рэальнай ці мітычнай падзеяй ані ў сьвеце людзей, ані ў сьвеце прыроды. Гэтае сьвята адмыслова прыдуманае для таго, каб сьвяткаваць, і магло б, па сутнасьці, адзначацца ў які-любя дзень. Таму Новы год — адзінае сьвята ўвогуле, сьвята як такое.

Проста сьвядомасьць чалавека ня можа даць сабе рады зь бясконцасьцю часу. У гэтай бясконцай плыні розум патрабуе нейкага апірышча. Таму мы разьбіваем час на кавалкі, пачатак і канец якіх вызначаюцца ў пэўным сэнсе адвольна, надаем гэтым кавалкам нумары і назвы. Каб на дыскету можна было нешта запісаць, а тады прачытаць, трэба фарматаваньне — разьбіцьцё на сэктары і ячэйкі. Гэтаксама і людзям трэба дні, месяцы, гады, стагодзьдзі, каб можна было згадваць падзеі мінулыя і праектаваць падзеі будучыя. Каляндар — фарматаваньне памяці чалавека і чалавецтва; успамінаючы і плянуючы, мы заўсёды зьвяртаемся да пэўнай ячэйкі часу ў нашым уяўленьні.

Пры канцы году чалавек звычайна аглядаецца назад — параўноўвае, успамінае, што зрабіў, што зьмянілася ў ягоным жыцьці. Цяпер канчаецца стагодзьдзе і тысячагодзьдзе. Гэта ўсе ведаюць, пра гэта шмат кажуць — і папросту няма як унікнуць думкі аб тым, што ў тысячагодзьдзя быў і пачатак, што было яно само. Адылі жыцьцё чалавека замалое, і, думаючы пра тысячагодзьдзе, ён ужо ня можа належаць толькі сабе самому і цікавіцца толькі собскім жыцьцём, ён непазьбежна і мацней чым калі пачуваецца часткай чалавецтва.

Сёлетні Новы год успрымаецца перадусім як сьвята чалавецтва і толькі ў другую чаргу як прыватная падзея.

Алесь Пяткевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0