“EXIST” безь Беларусі can not Exist

 

Усе ведаюць, што беларуская рок-музыка заўжды існавала і існуе ня дзякуючы, а насуперак. Аднак няма, відаць, сэнсу ў чарговы раз распачынаць спрадвечны трэнас пра адсутнасьць інструмэнтаў, апаратуры, рэпэтыцыйных памяшканьняў, канцэртаў, слухачоў і, урэшце, шоў-бізнэсу. Сёньня мы маем тое, што даўным-даўно страціла Эўропа і ўжо губляе Расея — андэграўнднасьць, жывы смак супраціву, адрэналін, безь якога рок-н-рол ператвараецца ў бязмэтнае торганьне струнаў, грукат у бубны ды грызьню з-за ганарараў. Нам гэта не пагражае — прынамсі, покуль існуе клюб «Альтэрнатыва» (экс-«Рэзэрвацыя»), дзе ўсё — ад акустычных мажлівасьцяў залі, якая сваёй нізкай стольлю больш нагадвае падзямельны пераход, да маўклівых масак на тварах аховы — патыхае такой рэвалюцыйнай рамантыкай, якая, відаць, даўно ўжо ня сьніцца Гэтфілду. Больш альтэрнатыўнага месца для прэзэнтацыі свайго сынглу, што адбылася тут 21 сьнежня, гурт «Exist» — сёлетні пераможца «Басовішча» — не знайшоў. Праўда, давялося сумясьціць гэтую акцыю з працай двух-трох ды-джэяў, якія — у прамежках, між выступамі гуртоў (акрамя «экзыстаў» у канцэрце браў удзел «Млын») — «круцілі дзіскач». Прычым нікога зь іх не хвалявала, што ў гэты час побач адбываецца прэсавая канфэрэнцыя, якую «Exist» (а папраўдзе, толькі вакаліст гурта) даваў журналістам. Так што абодвум бакам давялося добра-ткі разьмяць галасавыя зьвязкі, бо за грукатам электроннае музыкі цяжка было пачуць нават уласныя словы, ня тое што ціхі голас Юрася, якім ён надае асаблівае пранікнёна-экзістэнцыйнае гучаньне даволі-ткі «цяжкому» саўнду гурта. Зьдзівіла нешматлікасьць слухачоў: што, здавалася б, болей трэба — каманды цікавыя, і патанчыць можна, і паслухаць — не, на “Юлу” чамусь ходзяць часьцей. Аднак музыкаў такі стан рэчаў не засмучае — яны ўпэўненыя ў сваіх сілах, у сваёй змозе сказаць штосьці новае і, насуперак прагнозам “Музычнае газэты”, якая ўжо “прапісала” іх у Польшчы, не зьбіраюцца нікуды зьяжджаць. “Ня ведаем, ці патрэбныя мы зараз Беларусі, — кажуць яны. — Хутчэй Беларусь патрэбная нам”. Вось так. “Exist” — гэта вам ня “Mojo blues”.

А.С.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0