выхад у горад

Зьміцер БАРТОСІК

Нагода для паездкi ў Гомель

 

Як гэта ўсё ж файна — мець у сваiм жыцьцi горад дзяцiнства! Пры згадцы пра якi цябе наведваюць толькi сьветлыя ўспамiны. Дзе шмат якiя прыемныя рэчы ты пакаштаваў упершыню. А таму на ўсё жыцьцё захаваў iлюзiю таго, што сьвята паўтараецца толькi там. I пры кожнай зручнай нагодзе адкладаць усе справы ўбок i несьцiся на вакзал. Як у старой савецкай песьні — браць «да дзяцiнства пляцкартны бiлет». I на пытаньне знаёмых: «Навошта ў Гомель?» — адмахвацца кароткiм «трэба ехаць».

Трэба ехаць. Каб зь неверагоднымi высiлкамi вырваць гэтую пляцкарту, быццам на Каляды ўсе едуць у Гомель. Каб сустрэць у вагоне знаёмую гомельскую акторку, зь якою ў свой час мог бы быць ня толькi брудэршафт. Каб перарваўшы мiлую балбатню пра тое, як файна жыць у Менску, прыпасьцi да вагоннага вакна, за якiм бачны твой былы дом. I ўбачыць у пануючай над местам вежы фабрыкi «8 сакавiка», абсыпанай сьвяточнымi вагеньчыкамi, Эмпайр-стэйт-бiлдынг. Каб радавацца аднаму факту, што цягнiк прыйшоў крыху раней i можна, нiкуды не сьпяшаючыся, выпiць лепшага ў сьвеце рэчыцкага пiва на прывакзальным пляцы. Каб з кайфам першаадкрывальнiка прайсьцiся знаёмымі вулiцамі, узгадаўшы далёкую звычку крочыць цераз адну плiтку старога тратуару. I не баяцца выглядаць сьмешным у вачах людзей, тупаючы дзiцячым крокам. Каб захапляцца кожнай зьмене ў гарадзкiм асяродзьдзi за той час, калi цябе тут не было.

Радавацца таму, што будынак старой гiмназii адмыўся нарэшце ад жоўтай савецкай фарбы i сваiм прыродным чырвона-цагляным выглядам вярнуў сабе шляхетнасьць. Што народная назва папулярнай забягалаўкi «Три ступени» паўстала сур’ёзнымi лiтарамi на фасадзе ўжо рэстарану з пальмамi. Што наноў пакладзеная глiняная дахоўка на дахах стогадовага веку дамоў пасуе ня толькi Вiльнi. Што нарэшце дабудаваны касьцёл, дзе на сьвяточнай службе шмат маладога народу. Трэба ехаць каб, блукаючы вулiцамi юнацтва, яшчэ раз пераканацца, што Гомель — гэта ня толькi парк.

Трэба ехаць, каб звалiцца без папярэджаньня нечаканым госьцем на галаву старому сябру. У якога заўжды знойдзецца час для расьпiцьця жудаснага гомельскага «сучка», гарэлкi з паэтычнай назвай «Стары млын» у кавярнi «Ў Лявона», што на Савецкай. I толькi дзеля майго прыезду завядзецца аўтамабiль «Запарожац». I паплывуць рознакаляровыя вулiцы, i нейкiм цудам вылезе старая сямiструнная гiтара, i будзе стол, i зьявiцца тая, якой ты ў свой час так шмат i прыгожа хлусiў, i пойдуць тосты за новае тысячагодзьдзе «адчыняць якое выпаў гонар менавiта нам» i дзе нас чакае толькi радасьць, i, як заўжды, я буду больш сьпяваць, чым закусваць.

Трэба ехаць. Каб на ранiцу быць разбуджаным праваднiком у СВ. I марна спрабаваць узнавiць у памяцi мiнулы Сьвяты вечар у сьвятым месьце. I хвiлiну-другую спалохана глядзець у праваднiчкіны вочы. Маўляў, куды мы едзем?

«Уставайце, пасажыр. Ужо Менск». I зразумець, што сьвята ад гэтага факту не сканчаецца. Нават напiсаная ўбогаю фарбай на кафлянай сьцяне пахмельнага сталiчнага гастраному фраза «З Новым 2000 годам!» ня здолее зьбiць сьвяточны настрой.

Як файна мець на мапе горад, дзе заўжды ёсьць месца для сьвята! I як важна своечасова адтуль зьбегчы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0