Хрыстос і чачэнцы

 

У Рыме адкрываюць бронзавую браму Юбілею, у Бэтлееме мітусьлівыя палестынскія сьвятары цалуюць залатыя шаты былой убогай пячоры. А ў Грозным у больніцы вымаюць зь дзіцячых целаў асколкі без наркозу, затое пад пільнымі вочкамі тэлевізійных камэраў.

Вайна ў Чачэніі — мост з ХХ стагодзьдзя ў ХХІ-е. Гэта такая татальная вайна, якіх, здавалася б, ужо ня мусіць быць на зямлі ці прынамсі ў Эўропе. Зруйнаваныя гарады, Грозны, у якім з паўмільёна засталося дваццаць тысячаў жыхароў, замест Чачэніі — 90% краіны — чорнае перамяшанае танкамі балота.

Моц цывілізацыі выяўляецца ў тым, як людзі ваююць. Сутыкненьне Расеі з Чачэніяй — гэта сутыкненьне Азіі з Эўропай.

Кадры чачэнскай кронікі красамоўныя. Расейскія салдаты: адны ў красоўках, другія ў кірзачах, няголеныя, у нейкіх хустках на галовах, у бруднай, мешкаватай форме. Выпраўляюцца па гарэлку са зброяй у руках. Вайсковая тактыка: акружэньні, аблогі, адмова ад паслуг дыпляматаў. Вайсковая стратэгія: вайна да перамогі, да поўнай акупацыі краіны, да поўнай зачысткі — настолькі ж невыканальная, наколькі бязглуздая і злачынная з гледзішча эўрапейскага гуманізму й маралі. Замест рэгулярнага войска — орды Сьвятой Русі. У гэтым драма расейцаў: яны ня могуць зразумець, у які жах кідаюць усе суседзкія і несуседзкія краіны іх таёжныя манеры. «І выкалупываў нажом з-пад пазуроў я кроў чужую», — расейская вайна, убачаная жыдоўскім паэтам зь беларускім прозьвішчам Слуцкі, застаецца, якою была.

Расейцы гэтак сама ваявалі ў Беларусі ў «вялікую айчынную»: да апошняга чалавека, да апошняга камяня, свайго і чужога.

Зь іншага боку чачэнцы: усё максымальна рацыяналізавана, скіравана на тое, каб ахвяраў было як мага меней як сярод вайсковых, так і сярод цывільных. Вывезьлі з краіны ўсіх жыхароў, якіх маглі. Ня робяць зь іх жывога шчыту, як у блякадным Ленінградзе. Адкуль не пасьпелі вывезьці, тыя гарады здаюць. Абараняюць тое, што можна абараніць. Кантралююць тое, што можна кантраляваць. Пад снарадамі робяць пятнічны намаз. Забітых хаваюць, прыстасоўваюць вайсковыя ўмовы, каб захаваць максымум нармальнасьці жыцьця. Нават апалчэнцаў апранаюць ува ўніформу, калі іншага не патрабуюць партызанскія ўмовы барацьбы.

Бачачы расейцаў у Чачэніі, лёгка ўявіць сабе іх у Косаве ці Нямеччыне. Але лёгка ўявіць сабе і адказы немцаў ці касавараў на расейскае ўварваньне. У гэтым сэнсе вельмі слушна, што расейцы пачынаюць штурм цэнтру Грознага ў калядную ноч. Дата 25 сьнежня сапраўды нічога ня значыць для Расеі.

Сьцень Карамазавых блудзіць па-пад брамамі замку-Эўропы. У замку пацепваюцца. Мы, жыхары пасаду, увогуле са страхам глядзіць у бок вялікай тайгі. Нашы сымпатыі ясна з кім. Група беларусаў выправілася паўз Каўкаскі хрыбет на дапамогу чачэнцаў — мы так і ня ведаем, як яны дасталіся да месца. Цяжка ўявіць, каб нейкія беларусы, нават тыя, што ані «ня выціснулі зь сябе па кроплі расейца», паехалі ваяваць на баку расейцаў.

Дзеля схалястычнай традыцыі мы звыклыя ўспрымаць Слова Хрыстова як звод указаньняў па ўпарадкаваньні нашага матар’яльнага і полавага жыцьця, а сябе — як абраны і апрыёры хрысьціянскі народ. Але хто яго ведае, хто на зямлі хрысьціянін? Ёсьць жа шанец, што хрысьціяне — ня тыя, што хрысьцяцца. Тады папраўдзе «шчасьлівыя тыя, каго перасьледуюць за праўду, бо іх ёсьць Валадарства нябеснае». Калі Хрыстос, «які прыйшоў у сьвет, і сьвет яго не пазнаў», зараз зноў ходзіць па зямлі, дык свой дзьвюхтысячны дзень нараджэньня ён сустрэў сярод самага хрысьціянскага народу сёньняшняй Эўропы — чачэнцаў.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0