Прастрэленая купель

 

У інфармацыях з Чачэніі найперш распавядаюць пра баявыя дзеньні, пасьля — пра захопленыя паселішчы, нарэшце — пра лягеры ўцекачоў. Апошняя тэма ў падачы расейскіх тэлеканалаў выглядае адносна пасьпяхова. Жывуць у намётах, кормяць дзяцей, чакаюць аанаўскіх гуманітарных канвояў. Хіба што лічбы ўражваюць — больш за 200 тысячаў чачэнскіх уцекачоў у Інгушэціі. Іншая статыстыка застаецца па-за кадрамі расейскіх рэпартажаў.

Паводле неафіцыйных зьвестак, на сёньняшні дзень у лягерах для чачэнскіх уцекачоў ад хваробаў і холаду памерла 260 дзяцей дашкольнага веку, 125 дзяцей да 15 гадоў і 380 чалавек старэйшых за 60 гадоў. Расейскія ўлады адмаўляюцца карміць уцекачоў.

Вось як гэтую сытуацыю камэнтуе Амінат Саіева, афіцыйны прадстаўнік Ічкерыі ў Літве, для літоўскай газэты «Respublika»:

 

— Калі Вы апошні раз былі на радзіме?

— У верасьні 1997 году, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Была падпісаная мірная дамова з Расеяй, людзі ажылі, у іх зьявіліся вялікія надзеі, вярнуліся дадому ўцекачы, пачалі будавацца. Гэта быў добры час. Я не чакала, што так хутка пачнецца гэтая другая жахлівая вайна.

 

— Хто з Вашых блізкіх застаўся на радзіме?

— Толькі нядаўна я даведалася, што мая 80-гадовая маці жывая. Яна жыве ў маленькай горнай вёсачцы, якую таксама абстрэльваюць і бамбяць. У Чачэніі ўся мая радня — брат, сястра, іхныя дзеці. Большасьць сваякоў у Джахаркале (Грозным), яны хаваюцца ў падвалах. Ня думаю, што галодныя, хворыя людзі ў падвалах ведалі нешта пра ўльтыматум, які аб’явілі расейцы.

 

— Вы ніколі ня думалі, што калі б чачэнцы склалі зброю, дык у народу было б болей шанцаў уцалець, што выжыла б болей людзей?

— Не, я так ня думаю. З надзейных крыніц мне вядома, што ў лягерах для чачэнскіх уцекачоў працуюць расейскія крымінальнікі, вызваленыя з турмаў, і турэмныя наглядальнікі. Усе яны вельмі жорсткія. Лягеры для ўцекачоў нічым не адрозьніваюцца ад канцэнтрацыйных, толькі крэматорыяў няма. Афіцэры, якія кіруюць у лягерах, перакананыя, што чым больш сурова абыходзіцца са сваякамі «чачэнскіх бандытаў», тым больш саступак будуць рабіць самі «бандыты». У гэтых лягерах умовы страшныя. Агрэсія нараджае толькі агрэсію. Дзеці, якія бачаць сёньня гэтую жорсткасьць, ніколі пра гэта не забудуць. Зь іхных душаў жорсткасьць ня сыдзе. У мінулым стагодзьдзі цар зьнішчыў 90 працэнтаў чачэнскага народу, на Захадзе інтэлектуалы са спачуваньнем казалі, што народ загінуў. Але мы адрадзіліся, захавалі сваю культуру, мову. У гісторыі ёсьць прыклады таго, як былі зьнішчаныя народы. Але я веру ў свой народ — ён ацалее.

 

— Што канкрэтна ўдалося Вам зрабіць у Літве для Чачэніі?

— Мая асноўная справа — зьбіраць інфармацыю для міжнародных арганізацыяў, парлямэнтарыяў, палітыкаў і прэсы. Другі кірунак маёй дзейнасьці — гуманітарны. Нядаўна ў Літве зьявіўся дабрачынны фонд «Дапамога дзецям Чачэніі», яго прэзыдэнт — кіраўнік парлямэнцкай камісіі па сувязях з Чачэніяй Альгірдас Эндрукайціс.

Хутка мы будзем сустракаць у Вільні 22 сіротаў з Чачэніі. Гэтыя дзеці ўжо двойчы гасьцявалі ў Літве ўлетку. У вайну яны выратаваліся цудам, дом, дзе яны жылі, быў спалены. Гэтых дзяцей прымуць у свае сем’і літоўцы, яны ўжо пасябравалі.

 

— Якія думкі наведваюць Вас удалечыні ад родных, якім даводзіцца існаваць паміж жыцьцём і сьмерцю, тады як на вуліцах Вільні сьвецяцца калядныя елкі, пануе сьвяточны настрой?

— Хоць мусульмане сустракаюць Новы год паводле свайго календара, мы любім гэтае сьвята і заўсёды адзначалі ў нашай сям’і. У двары дому вісела старая вялізная мядзяная балея, каб купаць немаўлятаў. Мама, калі гадзіньнік біў 12, выходзіла ў двор і 12 разоў біла качалкай у гэтую балею, а мы скокалі вакол. Калі ў 1997 годзе я пабывала дома, дык бачыла гэтую мядзяную купель, усю прабітую кулямі. Бачыла разрабаваны бацькоўскі дом. Сыходзячы, расейцы рабавалі ўсе дамы, забіралі ўсё самае лепшае. Спалілі нават нашы сямейныя альбомы, старыя чачэнскія кнігі, якіх ужо не дастаць. Так што бачыце, якія ў мяне думкі. Не сьвяточныя. А мары... Убачыць жывымі маму, брата, сястру, іхных дзяцей.

Падрыхтаваў С.П.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0