Урокі сьвятых паходаў

У ХХ ст. беларусы двойчы спатыкнуліся аб уласную дзяржаўнасьць

 

Сёньняшні нумар «НН» апошні ў гэтым годзе, а таксама ў стагодзьдзі і ў тысячагодзьдзі, якое пачыналася з адзінкі. І гэта ня простая перамена лічбаў. Неўзабаве мы ўсе ператворымся ў людзей «зь мінулага стагодзьдзя» і міжволі станем ягоным увасабленьнем — жывымі, так бы мовіць, дакумэнтамі гісторыі. Чым стала яно для нас і якімі будзем мы — выхадцы зь яго — у вачох наступнікаў?

 

Пачнем з гісторыі. На самай мяжы стагодзьдзяў, у 1900 годзе, памірае Францішак Багушэвіч. Гэта ён канчаткова замацаваў за краінай, нацыяй і мовай назву Беларусь і заклікаў беларусаў у сьвяты паход:

Прэч бутэлькі, люлькі, карты!
Марна траціць час ня варта.
Хай жывыя рушаць з кіем
У сьвяты паход!

Так пачынаецца стагодзьдзе, наш сьвяты паход, наша нацыянальна-культурнае адраджэньне.

Нехта жартам параўнаў расейскія лёсавызначальныя пытаньні «Что делать?» і «Кто виноват?» зь беларускім «А хто там ідзе?», якое прыдумаў Купала.

Паход пачынальнікаў быў скіраваны ў гушчыні акадэмічнай навукі і ў родную вёску. Рамантыкі мараць пра адраджэньне разам зь літоўцамі Вялікага Княства Літоўскага (1915). Пра сваю ўласную, беларускую незалежную дзяржаву яшчэ не гаворыць ніхто. Аж да самага 1917 году, калі прыйшло нечаканае ўсьведамленьне. Тады раптам, нібы пярун сярод яснага неба (а можа быць, гэта быў усяго толькі прыклад літоўскіх і ўкраінскіх калегаў), беларускіх адраджэнцаў азорвае ідэя незалежнасьці. Спачатку, праўда, кажуць толькі пра аўтаномію ў складзе Расейскай імпэрыі, а ўжо ў 1918-м абвяшчаюць БНР. Ідэя настолькі фантастычная і фэерычная, што дух захоплівае. Дзяржава! — вось чаго захацелася беларусам. І так сталася.

Яны былі настолькі прыгаломшаныя гэтым, што амаль не заўважылі, як БНР зьмянілася на БССР. Яны працягвалі верыць у яе нават калі яна стала савецкай, калі яна перанішчыла іх дашчэнту ў Курапатах, калі мусілі ўсхваляць Сталіна — усё дзеля яе. Бязьмежная вера ў яе перадалася іхным наступнікам, якіх дзяржава ўжо не забівала, а, зьмяніўшы тактыку, прыкормлівала ля так званых кармушак. Гэтыя яшчэ ў большай ступені былі загіпнатызаваныя сваёй нацыянальнай дзяржавай. Ажно пакуль не заўважылі, што прападае нацыя і зьнікае з ужытку мова, самое жыцьцё русіфікуецца, асымілюецца. Але было позна. І так мінула ХХ стагодзьдзе.

Гісторыя зь ягонага пачатку з дакладнасьцю паўтарылася ў канцы стагодзьдзя. Дата адліку на гэты раз — 1984 год. Памірае Ўладзімер Караткевіч. Гэта ён сфармаваў рамантычны вобраз Беларусі і яе слаўнай мінуўшчыны, заклікаў да вывучэньня гісторыі і адраджэньня мовы.

Ён сказаў нам: унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц і краса,
Ёсьць у вас, як у іншых, сьвятыня,
Не давайце сьвятыні псам.

Пачынаецца нацыянальна-культурнае адраджэньне найноўшага часу. Паход у гушчыні акадэмічнай навукі і ў родную вёску. Рамантыкі мараць пра адраджэньне разам зь літоўцамі і ўкраінцамі Вялікага Княства Літоўскага ў выглядзе балтыйска-чарнаморскага калектару. Пра сваю незалежную дзяржаву не гаворыць пакуль ніхто. Яшчэ ня верыцца. Нават БНФ пакуль створаны дзеля таго, каб падтрымаць «перастройку», разам зь «лепшымі сіламі КПСС». І так аж да пачатку 90-х. Тады раптам, нібы пярун сярод яснага неба (а можа быць, гэта быў усяго толькі прыклад літоўскіх і ўкраінскіх калегаў), беларускіх адраджэнцаў азорвае ідэя незалежнасьці. І вось у 91-м абвяшчаюць РБ. Ідэя настолькі фантастычная і фэерычная, што дух захоплівае. Дзяржава! — вось чаго захацелася беларусам. І так сталася.

Дзяржава мусіла наладзіць адукацыю на роднай мове, накарміць пісьменьнікаў і мастакоў, надрукаваць бясконцую колькасьць кніжак... Ды вось незадача. Штосьці зноў не спрацоўвае ў гэтым мэханізме. Свая нацыянальная дзяржава выганяе родную мову са школаў, урэзвае наклады беларускіх кніжак, раздае папярэджаньні газэтам, схіляе да эміграцыі найвялікшых культурных аўтарытэтаў... Чарговы сьвяты паход сканчаецца горкім Быкаўскім вырокам — «Пахаджане».

Выглядае, што мы так нічога і не прыдбалі пасьля Багушэвіча, найперш — ніякіх гарантыяў. Вы скажаце, цэлая культура? А ці будзе яна заўтра каму-небудзь патрэбная? Вы скажаце, усё ж такі свая дзяржава. А іншыя кажуць, што гэта ўсяго толькі адмывачная машына для грошай расейскіх алігархаў, якая марудна ўцягваецца, усмоктваецца, інтэгруецца ў вялікае цела Расеі.

Што да культуры, дык няўзброеным вокам відаць руіны культурнай герархіі, створанай за савецкім часам, інэрцыйныя парэшткі крытыкі, якая заняпала яшчэ да таго, як пасьпела пераацаніць новаадкрытыя здабыткі забароненых або эміграцыйных творцаў. І тая хваля новае паэзіі, што пачалася была напрыканцы 80-х і выконвалася бардамі ды рокерамі, заняпала. Як сказаў Адам Глёбус, «паэзія пакінула мяне»...

Словам, з набыткамі ёсьць праблемы. Бо самыя выдатныя шэдэўры вымагаюць культывацыі, жывога культурнага працэсу, які ў нашых стэрэатыпах мусіць наладжваць яна, дзяржава ў абліччы мінкульту, мінасьветы і іншых мінаў. Як і напачатку стагодзьдзя, сёньня жыве тэатар і жыве асьветніцкая літаратура разам зь перакладамі. Але ў цэлым тэндэнцыя паўтарыць савецкую гісторыю культуры ці, дакладней, імітацыю культуры ў якой бы там ні было форме застаецца. І будзе заставацца датуль, пакуль творцы ня зьменяць свой погляд і абсалютны спадзеў на дзяржаву, пакуль не паспрабуюць засвоіць урокі сьвятых паходаў дваццатага стагодзьдзя.

Відавочна, прычыны трэба шукаць у параўнаньнях. Посткамуністычныя культуры цэнтральнай Эўропы выйшлі зусім не зь дзяржаўнікаў, а наадварот — з дысэнту, з эміграцыі, часам — з турмаў, як Гавэл або Міхнік. Яны ніколі не патрабавалі дабротных ганарарыяў у дзяржкамдруку. Затое менавіта яны, менавіта такая інтэлігенцыя, сталася гарантыяй для сваіх нацыяў, моваў, а ў выніку і дзяржаваў. Гэта яны дзяржаву трымаюць, а не яна іх. Гавэл — прэзыдэнт краіны, Міхнік — рэдактар найбуйнейшай у краіне газэты. (Тут варта згадаць пашыраны стэрэатып пра тое, што ў Беларусі за саветамі дысэнту не было і «ў стол» ніхто не пісаў. За рэдкім выключэньнем, гэта — праўда.)

Каб лепей адчуць розьніцу, прывяду прыклад нашага Саюзу пісьменьнікаў. Старшыня ягоны Ўладзімер Някляеў нядаўна сказаў, што СП быў створаны пры Сталіне як частка глябальнай рэпрэсіўнай машыны, што «спэцыялізавалася» на вольналюбівых пісьменьніках — пажырала іх. Тое самае вам скажуць і іншыя члены СП. Але ніхто зь іх з СП ня выйшаў. І прычына тут, думаю, ня столькі ў падкормцы, якая сёньня моцна аскудзела, колькі ў тым глыбокім гіпнозе нацыянальнае дзяржавы, на які беларусы купіліся другі раз за стагодзьдзе. З аднолькавым вынікам.

А колькі неаспрэчных тэзаў прагучала апошнім часам і працягвае гучаць на ўсялякіх канфэрэнцыях і мітынгах пра тое, што нацыянальная дзяржава — гэта найвялікшая каштоўнасьць, якую маюць беларусы і таму любым коштам трэба яе захоўваць і мацаваць. Гісторыя ведае прыклады, калі абсалютызацыя дзяржавы прыводзіла да ператварэньня яе ў малох для ўласнага народу. І ў нашым выпадку ў ХХ ст. таксама. Значыць, нешта тут не стасуецца зь лёгікай і з праўдай. Нездарма гэтак пашырыліся сёньня сярод моладзі анархісцкія або постмадэрністычныя настроі. Гэта як сьвядомы або несьвядомы пратэст супраць абсалютызацыі дзяржавы, якую багоміць інтэлігенцыя, у тым ліку і апазыцыйная.

Але ня будзе ў нас той сваёй дзяржавы. Нездарма пры ўсіх публічных марах пра яе яна застаецца ў нашых уяўленьнях абстракцыяй.

Натуральна, дзеля нармальнага жыцьця нацыі безь дзяржавы не абысьціся. Але ж сказана: не народ для ўраду... Таму не зь дзяржавы, не з абалонкі, не з паходу «в должность» пачынаецца адраджэньне. Верагодна, такі пачатак мусіць ляжаць у шматлікіх культурніцкіх чынах, самыя жывыя зь якіх, заўважце, робяцца сёньня безь ніякай падтрымкі дзяржавы, а часам і зь перашкодамі зь ейнага боку. І пры гэтым — робяцца.

Калі іх стане дастаткова шмат, калі яны набяруць дастатковую вагу, тады зь іх складзецца культура — гаспадыня дзяржавы, а не яе ўтрыманка і нявольніца адначасова. Цяжка прагназаваць на далёкі час, але менавіта незалежная культурніцкая дзейнасьць можа гарантаваць нас ад таго, каб зноў не спатыкнуцца аб уласную дзяржаву, што ўжо адбылося з намі двойчы ў мінулым дваццатым стагодзьдзі.

Алесь Кебік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0