Андрэй ДЫНЬКО

Скарына і дынаміт

 

Вільня. 1519 год. Аўстэрыя «Два дубы». Францішак Скарына і брат ягоны Якуб. Якуб бярэ сушанага ляшча з кошычку на стале. Піва мутнаватае. Якуб змахвае з вусаў шум рукавом і расказвае пра Аршанскую бітву. Францішак пазірае на падораную брату кнігу «Юдзіф». Ляшчыная луска падае на саф’ян. Якубу хочацца спытацца, якой веры цяпер брат: рускай ці каталіцкай? Францішку прыносяць сыр на дошцы. Якуб едзе ў Каралевец па селядцы. Няўжо Францішак сапраўды з гэтых кніжок зарабляе? Францішак думае, што ў наступным годзе трэ будзе заскочыць у Полацак і нішкам забраць падораную «Юдзіф» назад. Бо так і так у ягонай сям’і ніхто чытаць ня будзе, а ў яго засталася толькі пара «Юдзіфаў». А трэба ж, каб у кожны кляштар, у кожны горад трапіла па адной. У аўстэрыі музыка і гул, тут паляць першы тытунь, цалуюцца за стаўпом і кідаюць косткі, фокусьнік махае хустамі. Якуб прысёрбвае ў апошні раз і дастае клумак з гасьцінцамі. З сумкі цягне скураю й дымам. На стол вывальваецца скрынка з шахматамі. «Малая падарожная кніжыца» — вось на што Бабіч дасьць грошы — кажа сабе Францішак. А як ня Бабіч, дык Онкаў з Адвернікам. Яна ня толькі акупіцца, але й прыбытак дасьць. Толькі ня ў Празе друкаваць, а тут, каб не вазіць. Але тут няма добрага станка. Дык хай дадуць грошы на станок. Тут! Каб у кожнай карчме ў якім халерным Прапойску ляжала. Прывезьці прэс і заваліць Літву Малымі падарожнымі кніжыцамі.

Апісаньнем сустрэчы Скарыны з братам у віленскай карчме можна было б пачаць хоць апавяданьне, хоць п’есу, хоць раман. Бо Скарына — гэта цяга да Захаду.

Ты бачыш Скарыну, бачыш гэтага чалавека лепш, чым бачыш сваіх калег. 400 гадоў — гэта павелічальнае шкло. Бачыш, як ягоная жонка-італьянка патрабуе грошай. Бачыш сына ягонага, Сымона, якому трэба большая кватэра ў Празе і новы капялюш. Адкуль гэткае бессаромнае пачуцьцё рэінкарнацыі? Найперш праз тое, што з кожным нумарам «Нашай Нівы», з кожнай валюмінай часопіса «Arche» перажываеш тую самую вострую ўзбуджанасьць ад нараджэньня ў галаве праекту, якое ня мог не перажываць кожны раз і Скарына. Творчасьць — такі наркотык, пасьля якога ўсе астатнія здаюцца проста мастурбацыяй.

З наступнага году часопіс «Arche» распачынае новы праект. Гэта будзе часопіс-месячнік. Ён будзе называцца «Скарына». Спачатку паўгоду ён будзе выходзіць асобным блёкам на старонках «Arche». Пасьля стане самастойным. Першы нумар ужо, лічы, падрыхтаваны.

Там будуць тэксты Вацлава Гаўла, югаслаўска-косаўскія варыяцыі паляка Чыжэўскага і беларуса Новікава, артыкул «Расея і свабода» Ўладзімера Роўды, рэцэнзіі Юрася Бушлякова на акадэмічны праект рэформы афіцыйнага наркамаўскага правапісу і Валеркі Булгакава на каляндар «Родны край». Там жа будзе анкета «Якой Вам уяўляецца будучыня славянскай ідэі ў будучай аб’яднанай Эўропе». Сярод тых, хто ўжо напісаў для яе — Зьбігнеў Бжэзінскі з Амэрыкі і Мікола Рабчук з Украіны.

Мы, стваральнікі «Arche», задумалі «Скарыну» як часапіс гуманітарнай думкі — рэцэнзіяў, аглядаў, эсэяў, артыкулаў. Вобразна кажучы, «Arche» — выданьне 1999 году, «Скарына» будзе выданьнем 2000-га. Хочам зрабіць першы ў Беларусі часопіс інтэлектуальнага чытва — дзе б зусім не было мастацкай літаратуры і навукі. І ніякага інтэлектуальнага касмаганізму. Абсалютова нармальны праект, максымальна адаптаваны да будучай постлукашэнкаўскай краіны, якой бы яна ні аказалася — беларускай ці зноў крыптабеларускай. Галоўнае, што «Скарына» будзе абсалютна пазбаўлены інтэнцыяў асьветніцтва.

З кайфам творчасьці можа параўнацца толькі кайф ад бачаньня плоду сьцёгнаў сваіх. І ты ўжо ўяўляеш сабе, як панясеш у «Цэнтральную кнігарню», што насупраць будынку КГБ, пад пабудаванаю на загад Цанавы вежаю, у адной руцэ пакунак тоўстага блюзьнерскага «Arche» з голай бабаю на вокладцы, а ў другой — пачак тонкага, нават сказаў бы — вытанчанага «Скарыны». І ажно складзеш сам сабе граматычна правільную фразу: «Я нясу дынаміт беларускага слова ў дзьвюх руках».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0