Віктар ШНІП

Была ў мяне бібліятэка...

 

У калгасным клюбе ў бібліятэцы зьбіраліся хлопцы і дзяўчаты часьцей за ўсё не каб нешта пачытаць, а каб выпіць. У такія дні бібліятэка была зачыненая і я, пастаяўшы ля дзьвярэй, вяртаўся да сваіх «рабінзонаў» і «тылу ворагу». Мама нават пакрыквала: «Чаго гэта ты ўсё цягаесься ў тую бібліятэку? Мала табе кніжак ад прадсядацеля?» Мала... Мне хацелася мець Свае. І я пачаў паціху выкупляць у сяброў кніжкі. У каго за бацькавы цыгарэты, у каго за сьцягнутую з дому самагонку. Аднак мая бібліятэка зьбіралася вельмі марудна. І тут мне Памідорчык — мой аднаклясьнік Сашка — параіў украсьці з калгаснай бібліятэкі пару кніжак, якія мне найбольш хочацца мець. А ў мяне на той час не было ніводнай кніжкі вершаў. І пайшоў я з Сашкам на злачынства. Пакуль мой сябар размаўляў зь бібліятэкаркай, я ўзяў з паліцы зборнік вершаў Міхася Чарота і схаваў за пазуху. На большае не адважыўся...

У канцы 70-х калгасную бібліятэку з клюбу перавезьлі да Вярбіцкай, якая жыла адна ў вялікай хаце. Прыяжджаючы зь Менску, я забягаў у гэтую бібліятэку. Бібліятэкарка, жанчына адукаваная, ведала ўсё, што ёсьць у яе гаспадарцы, і спэцыяльна да майго прыходу падбірала выданьні, якія могуць мяне зацікавіць. Усё ў бібліятэцы было добра летам, а восеньню пацякла страха, і затапіліся кніжкі.

Заходзячы ў вёсцы ў хаты сяброў, як п’яніца, які тут жа вынюхвае выпіўку, я шукаў месцы, дзе могуць быць кніжкі. І часьцей за ўсё, акрамя газэт, у хаце не было чаго чытаць. Людзям было не да кніжак. І ўсё ж трапляліся дзівакі (чамусьці іх называлі дурнямі) і ў нашай вёсцы, якія, нават пасучы кароў, бралі з сабой кніжку.

Мой дзядзька Славік, набадзяўшыся па сьвеце, вярнуўся на нейкі час у Пугачы да бацькоў. Сышліся суседзі, каб паглядзець, якога гэта ён багацьця навёз цэлую машыну. І калі ўбачылі, што выгружаюцца кніжкі, пасьмяяліся і разышліся. Адзін я быў задаволены — дзядзька дазволіў мне тое-сёе выбраць сабе. І гэта была кніжка пра Гулівэра...

Прыехаўшы ў Менск і ня маючы на кніжкі грошай, я хадзіў па кнігарнях і там іх чытаў. Асабліва добра атрымоўвалася з паэзіяй. У гарадзкую бібліятэку запісацца ня мог, бо ня меў менскай прапіскі. Аднак у мяне былі сябры, якія мелі цудоўныя хатнія бібліятэкі і якія не шкадавалі даць пачытаць кніжку. Адным з такіх быў Адам Глёбус. У мяне і цяпер перад вачыма стаіць зборнік вершаў Апалінэра, і жыве ўва мне тое адчуваньне сьвету і Эўропы, якое тады мне адкрылася.

Адзін з маіх сяброў, закончыўшы філфак, нейкі час працаваў вясковым бібліятэкарам. Можа б і сёньня працаваў, калі б не было сям’і, якую трэба карміць. А так чытачоў у яго было мала — амаль адны школьнікі, і то ў час вучобы. Аднак не шкадуе, што быў бібліятэкарам, бо начытаўся, як прафэсар.

На сваёй юбілейнай вечарыне Максім Лужанін з вышыні сваіх 90 гадоў сказаў: «На пачатку стагодзьдзя ў нашых бібліятэках беларускіх кніжак можна было пералічыць на пальцах. Цяпер у нас ёсьць свае слоўнікі, энцыкляпэдыі — усё, што трэба, каб беларусы адчувалі сябе нацыяй, таму Беларусь жыла, жыве і будзе жыць».

Больш за дзесяць гадоў мінула, як я апошні раз быў у калгаснай бібліятэцы. І цяпер наагул ня ведаю, ці ёсьць яна ў вёсцы? Тэлефаную ў Пугачы знаёмаму: «Ці ёсьць там цяпер у нас бібліятэка?» І чую: «Якая бібліятэка...» і далей нецэнзуршчына. І ўсё-ткі спадзяюся, што нешта засталося...


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0