Гаворыць Вільня: 612 KHz, 490 AM

З новага году на сярэдніх хвалях пачалося вяшчаньне беларускага радыё «Балтыйскія Хвалі»

 

«Наша Ніва» ўжо не аднойчы пісала пра незалежнае беларускае радыё зь Вільні. І вось 1 студзеня 2000 году ў эфіры прагучалі першыя такты народнае песьні «Ці сьвет, ці сьвітае», якія сталі музычным сыгналам радыё «Балтыйскія хвалі», і голас галоўнага рэдактара радыёстанцыі, Сяргея Шупы, абвесьціў доўгачаканае: «Гаворыць Вільня».

Новае радыё мае намер сабраць на сваёй хвалі ўсе асноўныя беларускія радыёперадачы, якія цяпер трансьлююцца толькі на кароткіх хвалях: Радыё Свабода, Радыё Рацыя, Беларускую праграму Польскага радыё ды беларускую дзесяціхвілінку, якая штодня выходзіць на дзяржаўным літоўскім радыё. Арыгінальныя праграмы загучаць у эфіры ў лютым-сакавіку. Пакуль жа з 1 студзеня штодня можна слухаць на сярэдніх хвалях Беларускую службу Польскага радыё — зь 19.30 да 20.00. Але колькасьць эфірных гадзінаў будзе няўхільна павялічвацца.

Новае радыё мае назву «Балтыйскія Хвалі» (задумлялася яно як «Вольная Беларусь»), а рабіцца яно будзе сіламі супрацоўнікаў Беларускага Інфармацыйнага Цэнтру ў Вільні.

На ўрачыстым адкрыцьці станцыі выступіў адзін з заснавальнікаў, дэпутат літоўскага Сойму Рымантас Пляйкіс, які паклаў вялікія намаганьні, каб станцыя набыла ліцэнзію й сродкі. Ён, між іншым, сказаў, што ідэя стварэньня беларускамоўнае станцыі разглядаецца ў Літве як пэрспэктыўная справа. Выступіў таксама Сяргей Шупа, які пажадаў, каб праз пару гадоў адбылася падобная інаўгурацыя тэлевізіі «Балтыйскія Хвалі». На ўрачыстым адкрыцьці прысутнічалі старшыня БНФ «Адраджэньне» Вінцук Вячорка й галоўны рэдактар газэты «Наша Ніва» Сяргей Дубавец.

Алесь Кебік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0