Падзеі

 

Гётэ ў «Кнігазборы»

Новая сэрыя «Беларускага кнігазбору» пад гожай сіняй вокладкай будзе прысьвечаная аўтарам усясьветнае клясыкі. Пад Новы год выйшаў з друку першы том сэрыі: Ёгана Вольфганга Гётэ. Менскія кнігарні прадаюць яго не даражэй за тысячу дэнамінаваных рублёў.

 

«БТіР» закрылі, БТ-2 адкрыюць

Старшыня лукашэнкаўскай тэлерадыёкампаніі Рыгор Кісель без тлумачэньня прычынаў загадаў зачыніць газэту «Беларускае тэлебачаньне і радыё». Гэта была адзіная ў краіне газэта, дзе друкавалася праграма вяшчаньня дзяржаўнага радыё і адзіная ТВ-газэта, што выходзіла па-беларуску. На БТ чакаюць рэарганізацыі. Мяркуецца, што сёлета пачне трансьляцыю другі дзяржаўны тэлеканал. Усе тэле- і радыёстанцыі ў краіне будуць падпарадкаваныя новай структуры — Дзяржтэлерадыё. Узначаліць яе, хутчэй за ўсё, цяперашні намесьнік старшыні адміністрацыі Лукашэнкі Іван Пашкевіч.

 

Імбрычак-2000

У музэі Беларускай Акадэміі Мастацтваў праходзіць выстава «Імбрычак-2000, або Ўсё пра гарбату». Большасьць экспанатаў складаюць імбрычкі для запарваньня гарбаты, створаныя беларускімі скульптарамі і мастакамі. Увагу гледачоў прыцягвае імбрычак скульптара Андрэя Вераб’ёва, падобны да мужчынскіх... гэтых самых... Вераб’ёў нядаўна парываўся выставіць свой эратычны імбрычак у Палацы мастацтва, але дырэкцыя ня дала.

 

Вячорка сьпяваў, а N.R.M. падцягваў

Палітыкі «новай хвалі» ўзялі ўдзел у прэзэнтацыі каляднага кампакт-дыску «Сьвяты вечар-2000», якая адбылася ў менскім буціку «Каміла». Старшыня БНФ Вінцук Вячорка засьпяваў разам з музыкамі з гуртоў N.R.М. і «Крыві», песьні якіх запісаныя на кампакт-дыску, а вось лідэр Свабодных прафсаюзаў Віктар Івашкевіч пры прапанове засьпяваць засаромеўся і сышоў са сцэны. Лідэр БНФ не выключае, што маладым палітыкам варта было б выпусьціць свой уласны музычны альбом.

 

30 000 рэчаў за 40 гадоў

Літаратурны музэй Якуба Коласа адзначыў 40-гадовы юбілей. На сёньняшні дзень музэй сабраў ужо больш як 30 тысячаў асабістых рэчаў дзядзькі Якуба ды іншых экспанатаў. «Забіўшыся ў куток, стаяць валёнкі, Пра даўнія дарогі ўспамінаюць», пісаў пра гэты музэй Максім Танк. У плянах музэю — стварыць філіялы ў Пінску, а таксама — у менскай турме Валадарцы, дзе Колас праседзеў тры гады за антыўрадавую дзейнасьць і напісаў першы варыянт паэмы «Новая зямля» (тамсама сядзелі Юры Хадыка, Вячаслаў Сіўчык, Павал Севярынец, Мікола Статкевіч, Андрэй Клімаў і іншыя).

Юрась Барысевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0