Цар, не падобны да цара

Яго называлі ў Беларусі РасПуціным і Шала-Пуціным. Чачэнцы на сваім інфармацыйным сайце называюць яго няйнакш як «важаком расейскіх крымінальна-тэрарыстычных фармаваньняў». Ён стаў новым расейскім царом. А калі хто, апроч вечных няўдачнікаў Жырыноўскага і Яўлінскага, і кіне яму выклік на прэзыдэнцкіх выбарах 26 сакавіка, дык мае вельмі мала шанцаў на больш-менш прыстойны вынік. Рэйтынг Пуціна стабільна перавышае 60%. У Пуціну Расея знайшла страчанае на пачатку ельцынскіх рэформаў адзінства і заспакаеньне. Мужчыны бачаць у ім свайго знаёмага Вову-шпэндзіка, жанчыны — непітушчую і хай ня надта харошую, але надзейную падпору.

Некаторыя лічаць, што Пуцін можа стаць жорсткім дыктатарам, з паталягічнымі схільнасьцямі, ставячы ў прыклад вайну ў Чачэніі на вынішчэньне чачэнскага этнасу.

Іншыя, наадварот, зьвяртаюць увагу на тое, што Пуцін — фігура не харызматычная, што не характэрна для Расеі і карысна для фармаваньня дэмакратычнай сьвядомасьці.

Гаворачы пра Пуціна, часта згадваюць яму Чачэнію, «мачэньне ў сарціры», гэбісцкае мінулае і публічныя трэніроўкі па рукапашным баі. Але рэдка ўспамінаюць (ён сам лепш любіць маўчаць пра гэтыя старонкі ягонай біяграфіі), што ў адміністрацыю яго прывёў Сабчак, а ў Маскву — Чубайс, што ён быў арганізатарам першай у Расеі валютнай біржы ў Пецярбургу і намесьнікам Сабчака па эканамічных і агульных пытаньнях. Ён малады, не абцяжараны камуністычнай настальгіяй і часта носіць швэдрык і куртачку замест гальштука.

Напэўна ж, і да Беларусі ён будзе ставіцца не як сэнтымэнтальны Ельцын-цар усяе Русі, што вымушаны ўвесь час думаць толькі пра павышэньне свайго амаль нулявога рэйтынгу, а як палітык, якому ня трэба дбаць пра эфэктныя палітычныя цырымоніі ці пра выкупленьне белавескай віны перад вялікім расейскім народам. Што датычыць Лукашэнкі, дык яму на 8 гадоў можна разьвітацца з марамі пра расейскі трон.

У Пуціне няма нічога містычнага. Ён — прэзыдэнт-функцыя, функцыя ад тых сілаў, якія цяпер маюць уплыў у Расеі з улікам патрабаваньняў крайне шавіністычнага і мілітарызаванага расейскага грамадзтва.

Спакойная і гарантаваная перадача ўлады ад Ельцына да Пуціна стала вялікім дасягненьнем амэрыканскай дыпляматыі і празаходніх сілаў у самой Расеі. Спадчына Ельцына перайшла да найбольш прадказальнага з магчымых спадкаемцаў.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0