Чыё Сонца?

 

Індзейцы зь невялікага народу Зыя выказалі рашучы пратэст ад імя ўсіх індзейскіх плямёнаў групы Пуэбла супраць выкарыстаньня іх нацыянальнага сымбалю — знаку Сонца — у якасьці знаку штату Новая Мэксыка (ЗША). Да таго ж, той самы салярны знак выкарыстоўвае і тамтэйшая кампанія «Зыя». Уявіце сабе, каб нашу Пагоню выкарыстоўвала якое акцыянэрнае таварыства!? Знак народаў Пуэбла, што жывуць у гэтым штаце, тут можна сустрэць на кожным рагу: ад таксафонаў і паштовак да пераносных прыбіральняў. Дарэчы, сымбаль веры індзейцаў выяўлены на сьцягу штату Новая Мэксыка здаўна, ад 1925 году, і да яго ўсе прывыклі.

Але сьвятыня ёсьць сьвятыня. І індзейцы Пуэбла ўжо дамагліся прызнаньня незаконнасьці прыўлашчваньня знаку Сонца і чакаюць рашэньня фэдэральных уладаў. «У гэтым знаку — уся наша Вера», — тлумачыць сьвятар народу Зыя, Ізыдор Піна.

Цяпер фэдэральныя ўлады мусяць адказаць і на больш агульнае пытаньне: ці прызнаваць за індзейскімі плямёнамі, якіх у ЗША больш за 500, іхныя вызнаньневыя й татэмныя знакі ў якасьці іх уласнасьці, ці не. Калі так, дык індзейскія сымбалі будуць прыроўненыя да дзяржаўнага гербу. У Беларусі гэткіх праблемаў няма, хоць і ў лукашэнкаўскі герб уплішчылі Сонца. Але індзейцаў у нас замала...

Антон Сіюль


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0