Сяргей ПАЎЛОЎСКІ

НА ПЕРАВАЛЕ

 

Ох, і ня проста даецца гэтая перавалка — у 2000 год. Быццам усё, чаму не наканавана пераадолець рубеж, адпадае, адвальваецца, зьнікае. Тут вам і грандыёзныя адстаўкі, і жахлівыя прыродныя катаклізмы або войны, якія імкнуцца да часу «ікс» падабраць як найболей ахвяраў, каб як найболей народу не пусьціць за тую запаветную мяжу. А вось і зусім незаўважны для публікі эпізод, калі акурат напярэдадні круглай даты натхненьне пакінула творцу і выглядае, што назаўсёды. Або — ужо толькі ўпісваючы сам гэты год у нейкія блянкі ці анкеты, адчуваеш чыста фізычны супраціў, нібы менавіта ты гэта робіш упершыню ў сьвеце — пачынаеш з двойкі. А яно ж і сапраўды так. І рука ня слухаецца. Пераправа, пераход, перавалка. Чалавецтва ўзыходзіць на гэты грэбень, імкнучыся любым спосабам памяняць сваіх коней, абвергнуць старую прыказку. Зрэшты, для таго і існуюць аксіёмы, каб іх абвяргаць.

А тут яшчэ прадказаньні, прароцтвы ўсялякія пра канец сьвету — у поўнай адпаведнасьці з агульным кантэкстам. І калега пытаецца — што чуваць зь Японіі, ці прайшла Японія перавал, ці не адбылося там якога канца? Бо Японія ў часавых катаклізмах першая. Другі калега абвяшчае, што год будзе вісакосны, маўляў, ой, ня просты будзе год.

На сёлетнія Каляды Папа Рымскі назваў сымбалем 2000 году браму. Перад сьвяточнай імшою Ян Павал ІІ запыніўся ў браме сабора і паказаў тэлекамэрам эвангельле. Маўляў, у новую эру ідзем з хрысьціянскімі каштоўнасьцямі. «Увайдзіце ў браму касьцёла — вы ўвойдзеце ў Хрыста!» — паўтарыў сьледам за Папам кардынал Сьвёнтак перад брамаю Менскай катэдры. І толькі пасьля гэтага ён і цэлы натоўп вернікаў за ім увайшлі ў касьцёл...

Калі акінуць вокам усю гісторыю брамаў, дык першапачатковыя асацыяцыі мы знойдзем у чалавечай фізіялёгіі. Там брама сымбалізуе прыход у жыцьцё, нараджэньне, зьяўленьне на сьвет. Прычым гэта брама з аднабаковым рухам. Але і ў часе немагчыма вярнуцца назад. Брама сымбалізуе пераадоленьне. Адсюль, магчыма, і тыя выдаткі, якія нясе чалавецтва на мяжы тысячагодзьдзяў, бо пераадоленьне вымагае затратаў або стратаў, ахвяраў.

У гэтым сэнсе паказальная гісторыя Менская брамы, той самай старажытнай, якая стаяла некалі на Нямізе ад часу ўзьнікненьня паселішча. Цяпер там станцыя мэтро — таксама славутая нядобрай славаю. Дарэчы, станцыя мэтро нагадвае браму перагорнутую, якая вядзе не ў прастору, а ў зямлю, за межы натуральнага для чалавека ўспрыманьня сьвету. Вось куды патрапіла менская моладзь, якая мінулым летам ірванулася ў гэтую браму. Ці можа нейкі злы дух ці зьбег абставінаў пагнаў іх у тую галоўную менскую браму, якая цяпер глыбока пад зямлёю? Штосьці прымусіла іх туды ўвайсьці...

Падзеі мінулага лета паказалі, што ў людзкім лёсе ня ўсё залежыць ад таго, памятаеш ты пра тое або забыў. ЯНО само нагадае. Вось жа і гэты катаклізм з падушанымі людзьмі здарыўся напярэдадні 2000 году, дадаўшы да агульначалавечых калясальных і часта незразумелых стратаў і жменю нашых, беларускіх, менскіх.

Магчыма, ня так і важна, ці ёсьць у горада брама, ці яе няма, цэлая яна або разбураная. Галоўнае, каб яна была ва ўсьведамленьні людзей і ў іхнай памяці. Інакш перад імі будзе раз-пораз паўставаць не прастора, а сьцяна.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0