НАВІНЫ

 

Рэжуць коней, бо няма чаго есьці

Беларуская вёска бяднее, лічбы на гэты конт няўмольныя. У Магілёўскай вобласьці сёлета вытворчасьць сяльгаспрадукцыi зьнiзiлася амаль на 16%. Статак жывёлы скараціўся на 82 тысячы галоваў. Рэзалі нават коней — больш чым 2000. Бо няма чым карміць. Толькі блізу 65% ад патрэбнай кармавой масы назапашана. Прычым кармы ўдвая менш сытныя, чым трэба.

 

Тым, хто крадзе, і тым, хто ловіць

Праект бюджэту краіны на 2000 год найбольш значныя выдаткі прадугледжвае на сельскую гаспадарку і праваахоўныя структуры. Выдаткі на органы парадку павысіліся ў 3 разы ў параўнаньні зь мінулым годам і складуць больш за 127 мільярдаў рублёў. Выдаткі на навуку будуць каля 38 млрд., а на прамысловасьць, энэргетыку і будаўніцтва — 24,5 млрд. рублёў. Памеры пазабюджэтнага фонду на падтрымку сяльгасвытворцаў падвысяцца больш чым на 450%.

 

Калгас закадаваў алькаголікаў

І вось у адной з гаспадарак Бялыніцкага раёну вырашылі радыкальна разабрацца з п’янствам — старшыня прапанаваў калгасьнікам закадавацца ад залежнасьці ад пітва за грошы калгасу. Умова была адна: калі закадаваны калгасьнік усё ж вып’е, усе выдаткі будзе вяртаць дзесяцікроць. Прапанова вяскоўцам спадабалася. Амаль 20 чалавек пайшлі на такі крок. І пакуль ніхто не папаўся. Нават на Новы год.

Сымон Глазштэйн

 

Праніклі ў логава рэжыму

5 студзеня прадстаўнікі праваабарончай арганізацыі «Ліга правоў чалавека» правялі акцыю з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі і прыцягненьня да адказнасьці чыноўнікаў ягонага апарату ў самой рэзыдэнцыі дыктатара. Аб 11-й раніцы каля рэзыдэнцыі сабраліся 40 чалавек. Ахова дала ім прайсьці ў грамадзкую прыёмную Лукашэнкі, а яны там правялі сход, дзе й прынялі свае патрабаваньні. «Ліга правоў чалавека» — гэта арганізацыя, якая на сваім сходзе вызваліла ад пасады старшыню Лігі Яўгена Новікава і ў выніку не прайшла перарэгістрацыі.

 

Газ і торф

Прэзыдэнт канцэрну «Белпалгаз» Эдуард Таўпенец даў справаздачу пра дзейнасьць прадпрыемства: аплочванасьць прадукцыі давялі да 90%, за год у краіне газіфікавалі 51 тысячу кватэраў, а 44,7 тысячы перавялі на звадкаваны газ — у Леплі, Лагойску, Быхаве, Горках, Хоцімску. У наступным годзе дадуць газ, спачатку звадкаваны, а там і натуральны ў Мазыр, Вялейку, Сянно і ў раён возера Нарач, каб там меней забруджвалася паветра. Агульная даўжыня газасетак у нас сягнула 20 тысяч кілямэтраў. За газ Беларусь плаціць Расеі на траціну меней, чым Польшча. Каб эканоміць, у Беларусі хочуць найперш пабольшыць выраб брыкету з торфу да 1,5 млн. штук, а таксама пачаць прэсаваць торфалігнінавыя брыкеты з адкідаў сьпіртавой вытворчасьці. Апроч таго, думаюць на газ перавесьці камунальны транспарт — ён так і так далёка ня езьдзіць. Але тут праблема — у Менску газазаправак бракуе, а ў абласьцях яны пустуюць і прастойваюць.

 

Антысэмітызм

Жыдоўская грамада Беларусі рыхтуе судовую позву да менскага выдавецтва «Праваслаўная ініцыятыва». Пад Каляды ў краме праваслаўнае літаратуры ў Менску на Берасьцянскай зьявілася кніга «Вайна па законах нізасьці», у якой сьцьвярджаецца, што ХХ ст. -- стагодзьдзе барацьбы сусьветнага жыдоўства з хрысьціянствам (найперш з праваслаўем). Складальнікі кнігі сабралі ў кнігу антысэміцкія артыкулы і выказваюць спадзяваньне, што жыдоў будуць біць, заклікаючы чытачоў дапамагаць Лукашэнку, якога называюць «абаронцам усіх славянаў». На жыдоў жа сьпісваюць нават чарнобыльскую катастрофу. Леанід Левін, лідэр габрэйскай грамады, скіраваў ліст да мітрапаліта Філарэта з просьбаю патлумачыць удзел царквы ў выданьні кнігі.

 

Барысаўскія навіны

У Барысаве ўсё спрабуюць прыціснуць самы буйны на Меншчыне (прадаецца ў Барысаве, Крупках, Смалявічах і Жодзіне) незалежны штотыднёвік «Барысаўскія Навіны» — цяпер скончылі ўжо трэцюю за паўгады фінансавую праверку. Усе рэвізіі завяршаюцца грашовымі карамі. У выніку апошняй за «неабаснаванае павышэньне цаны газэты пры продажу ўраздроб» газэце прысудзілі 300 тысяч дэнамінаваных рублёў штрафу. Акрамя ўсяго, з газэтаю судзяцца два важныя мясцовыя чыноўнікі. Рэдактара, Анатоля Букаса, найбольш засмучае тое, што «Белсаюздрук» за продаж забірае 34% продажнага кошту сабе.

 

ПДВ бяруць авансам

Праблему-2000 стварылі ў нас не кампутары, а ўрад: са студзеня ўрад загадаў па-іншаму вылічаць падатак на даданую вартасьць і ўвёў новыя формы дакумэнтаў, прычым некаторыя зь іх былі надрукаваныя толькі 29 сьнежня. Банкі 3 і 4 студзеня не працавалі. Пры новым мэтадзе вылічэньня ПДВ аб’ектам вылічэньня стане ня ўласна даданая вартасьць, але абарот па продажу тавараў і паслуг. Зараз належная да выплаты ў бюджэт сума ПДВ будзе вызначацца як розьніца паміж сумай падатку, прадстаўленай пакупніком гатовай прадукцыі, і сумамі, выплачанымі пастаўшчыкамі за сыравіну, камплектуючыя і ўсякі матар’ял. Пры гэтым у разьліковых і плацёжных дакумэнтах ПДВ будзе вызначацца асобным радком. Ставак ПДВ будзе тры: звычайная 20%, ільготная — 10% і нулявая. Калі прадукцыю прадаюць па рэгуляваных цэнах, дык ПДВ будзе 9,09 або 16,67%. Усё гэта трохі ўскладняе бугальтэрыю. Робіцца гэта дзеля таго, каб напоўніць дзяржаўны бюджэт — цяпер частку падатковых плацяжоў будуць зьдзіраць з прадпрыемстваў авансам.

 

зь Піншчыны

 

Вэйцман Вэйцману не раўня

Пакуль Лукашэнка сустракаўся ў Ізраілі з прэзыдэнтам Эзэрам Вэйцманам, якому пагражае імпічмэнт за фінансавыя махінацыі, у Мотальскім музэі прыкрылі экспазыцыю, прысьвечаную Хаіму Вэйцману, першаму прэзыдэнту Ізраілю. Гэты, як вядома, быў родам адсюль.

 

У Пінску страйк і гвалт

У Пінску базарныя прадпрымальнікі на гэтым тыдні страйкавалі. Ім абвесьцілі, што тым зь іх, хто ня мае даведак аб сэртыфікацыі і гігіенічнай рэгістрацыі тавараў, не дадуць гандляваць. Апроч гэтага, пачынаючы з Новага году, акрамя фіксаванай стаўкі падатку, яны нечакана мусяць сплочваць яшчэ 20% падатку на даданую вартасьць. Гандляры маюцца страйкаваць, пакуль не ўвядуць прымальнай працэдуры сэртыфікацыі і ня спросьцяць сыстэмы падаткаў.

 

з Падняпроўя

 

Пратэсты ў Бабруйску

У Бабруйску 4 студзеня адбыўся несанкцыяваны «Ланцуг Свабоды», наладжаны Маладым Фронтам і іншымі дэмакратамі. Чалавек 40 выйшлі на цэнтральную вуліцу і цэлую гадзіну стаялі з запаленымі сьвечкамі. Міліцыя і АМОН нікога не шманалі і не пабралі, хоць і зьляцеліся да маніфэстантаў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0