Пушкінскія Каляды ў Бабры

 

У новым стагодзьдзі я нарэшце адчуў смак і сэнс слова Каляды. Для гэтага трэ было сесьці ў электрычку аршанскага кірунку й паехаць у мястэчка Бобр, дзе жыве прыгожая пара Алеся й Яніны Пушкіных, і пачаць зь першым рухам цягніка прыемна зьдзіўляцца: вось у тваім вагоне, сярод дачнага й п’янога народу, у адным кірунку з табой едзе Вінцук Вячорка зь сям’ёй. Разам сысьці на станцыі Бобр і з паглядаў даўно знаёмых людзей адчуць, што табе тут рады. Значыць, ты прыехаў туды. Пазнаць пушкінскую хату па беларускім сьцягу над страхой і зразумець, што Алесь не зьбягаў з гораду, а вярнуўся туды, дзе можна адчуваць сябе гаспадаром сваёй радзімы.

Седзячы сярод мілых людзей з Бабру, Менску й Воршы, слухаючы старыя паганскія песьні пад гармонік з бубнам, узьнімаючы кілішкі з самагонкай «Бобр», разглядаючы карціны й абразы па сьценах і ўсьведамляючы, што ў Беларусі ў гэтую ж самую хвіліну не ў адной толькі гэтай хаце сабраліся беларусы за сьвяточным сталом, — у які ўжо раз зьдзівіцца — адкуль у гэтай краіне столькі мярзоты й бруду? Пасьля шумнай грамадою хадзіць па начным мястэчку, дзе ў большасьці хат будуць радыя пачуць: «Адчыняй варата, каляда прыйшла». Зьдзівіцца праспэктавай шырынёю адной зь местачковых вуліц, і адчуць нашмат большае дзіва ад тлумачэньня гэтага сакрэту мясцовым гісторыкам. Аказалася, што я стаяў на самай сапраўднай Старой смаленскай дарозе, па якой адступала армія Напалеона. А сам палкаводзец загадаў менавіта ў Бабры спаліць свае зьняслаўленыя штандары. Скончыць шумнае шэсьце ў хаце Алесевых бацькоў і з радасьцю выпіць чарку з жывым «ворагам народу», Пушкіным-старэйшым.

І скончыць сьвяты вечар катаньнем на санках з высокага берагу рэчкі Бобр. З забытым недзе ў мінулым веку дурэньнем і бесклапотнасьцю.

А на раніцу ўжо зьдзівіцца ў баброўскай царкве, расьпісанай Пушкіным. Расьпісанай так, быццам тут працавалі два мастакі — майстра іконапісу й сямігадовы хлопчык зь неўтаймаванай фантазіяй. Вось уверсе па-над аблокамі Мікола-Цудатворца, ахоўнік падарожнікаў, а ўнізе марскі бераг, плыве параход пад бел-чырвона-белым сьцягам, ляціць самалёт з адпаведнымі колерамі на хвасьце, усплывае падводная лодка... Абраз нашага стагодзьдзя. А вось ля «Страшнага суда» зьдзіўленьню майму сапраўды не было межаў. Як думаеце, каго я ўбачыў у пушкінскім пекле? Едзьце, падзівіцеся.

Каляды — добрае слова. Яно смачна пахне марозам і дымам з комінаў. На Каляды як ніколі хочацца гаварыць людзям прыемнае. А па Калядах карціць дачакацца наступных. Як файна, што век толькі пачынаецца. І я ведаю, куды трэба ехаць сьвяткаваць наступныя Каляды.

Зьміцер Бартосік


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0