пазытывы

Умацаваньне абараназдольнасьці КНР

 

У маёй бабулі з польскіх часоў засталіся прыгожыя бляшаначкі ад кітайскай гарбаты. Малы, я любіў сабе ўяўляць, гуляючы імі на печы, як жаўтаскуры чалавек у чырвоным халаце з залатымі драконамі мяняў у нашай вёсцы сваю гарбату на малых парсючкоў альбо шытыя дзедам хамуты. У пэўным сэнсе так яно і было. Канечне, без асабістай сустрэчы вытворцаў. Праз грошы.

Цяпер усё ўскладнілася. Доля бартэру ў гандлі прамысловымі таварамі паміж Беларусяй і Расеяй дасягнула 61%. Пры тым што мы ўжо разоў пяць браталіся. Вось і пачынаюць разважаць, што лепей: шостая частка Зямлі Расея ці кожны чацьверты спажывец зямлі кітаец? Беларусі патрэбнае і гэтае, і гэнае. Не, нам, у прынцыпе, і зямлі не бракуе, і амэрыканскія грошы нашы людзі і без амэрыканцаў маюць.

Але сталася так, што за СССРам зь сялянаў-беларусаў у плянавым парадку зрабілі «гарадзкіх». Да рук, якія ў тутэйшых заўсёды былі куды трэба прыстаўленыя, дадаліся грошы, укінутыя ў ВПК. Дарэчы, ня меншыя, чым у французаў ці ангельцаў. Пабудавалі заводы, умацавалі навуку ад школак да Акадэміі. Такую зрабілі прамысловую сыстэму, што магла хоць сабе трэцюю сусьветную вайну абслугоўваць.

Каб яна добра працавала і расла, вакол яе рупліва гадавалі структуры забесьпячэньня: ад узорных калгасаў да ўзорнага КГБ. Дзякуй богу, вайны не адбылося. Іншае дзіва сталася: пралетары ўсіх краін разьядналіся. Высьветлілася, што для нашых прамысловых монстраў усё адно патрэбная расейская сыравіна, а для вырабленых з той сыравіны рэчаў — спажывец. Бо без спажыўца няма чым падтрымаць калгасы, любыя ўладам, а бяз хлеба якая ж пільнасьць і г.д.

Аглядальнікі, якія не шкадавалі словаў, каб апісаць беларускае эканамічнае дзіва, крыху сьцішыліся, уражаныя пераходам сельскай гаспадаркі ў стан, блізкі да каматознага. Дарма напалохаліся. Наш прэм’ер-міністар сп.Лінг запэўніў прэсу, што Беларусь жыве. Больш таго, гадавы прырост у прамысловасьці склаў амаль 9%. І на гэны рост ніякія зьмены ў Расеі не паўплываюць, бо надта ўжо сур’ёзныя рэчы ляжаць у базе нашых адносінаў, заўважыў ён.

Падобна, аж занадта сур’ёзныя, бо прамысловы экспарт у Расею скараціўся за 10 месяцаў 1999 году на 17%, а па-за межы СНГ — вырас на 6%.

Кітай пры тым заняў другое месца сярод краінаў далёкага замежжа, якія набываюць тавары прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь. Узрасьлі пастаўкі на кітайскі рынак прадукцыі ДНПА «Агат», БелОМА, АТ «Пэленг». У Кітаі пачало працаваць зборачнае прадпрыемства, створанае пры ўдзеле Менскага заводу колавых цягачоў, абмяркоўваецца праект стварэньня СП з удзелам БелАЗу і МАЗу.

Гэта спрыяе жыцьцю. Гэта добра, бо нам патрэбныя амэрыканскія грошы, што ёсьць у кітайцаў, патрэбныя і кітайскія тавары. Патрэбныя пасярэднікі, рэзыдэнты і нерэзыдэнты, што будуць цягаць усё гэта адсюль дагэнуль у абодвух кірунках. Патрэбныя бляшанкі гарбаты зь язьмінам. Бо файна мець гандлёвым партнэрам найстаражытнейшую ў сьвеце краіну, у якой жыве кожны чацьверты спажывец і дзе ніхто ня марыць пра ўваходжаньне Беларусі ў яе склад у якасьці правінцыі ці хаця б аўтаномнага раёну Ўнутраная Манголія.

Але ж і сыравіна патрэбная…

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0