Станцыя коштам у 10 мільёнаў жыцьцяў
Памочнік міністра абароны Беларусі Юры Партноў паставіў адкрыцьцё радыялякацыйнае станцыі раньняга папярэджаньня аб ракетным нападзе пад Ганцавічамі ў залежнасьць ад таго, «наколькі далёка зойдуць ЗША ў плянах стварэньня нацыянальнай сыстэмы супрацьракетнай абароны», паведаміла Радыё Свабода.
Што ж нябозе-Беларусі да амэрыканскай проціракетніцы? Небясьпеку для Беларусі сп.Партноў патлумачыў гэтак: “Беларусь у адным хаўрусе з Расеяй, і мы будзем падтрымліваць усе намаганьні Расеі ў справе ўмацаваньня ейнае бясьпекі”. Расея лічыць, што пляны ЗША супярэчаць дамове па супрацьпаветраным узбраеньні, падпісанай у 1972 годзе. ЗША ж пераконваюць, што ў цывілізаванага сьвету няма іншага спосабу застрахавацца ад магчымай пагрозы з боку патэнцыйна тэрарыстычных ці нестабільных краін з дыктатарскімі рэжымамі (якія цяпер ужо, выкраўшы ці распрацаваўшы, маюць ракетныя тэхналёгіі і зброю масавага забойства), апроч як стварыць вельмі надзейную сыстэму супрацьракетнай абароны. Дамова 1972 году распрацоўвалася пад тагачасны двухполюсны сьвет. Прадугледжвалася, што ні ў Амэрыкі, ні ў Саветаў ня будзе добрай проціракетніцы — гэтак абодва будуць голыя і будуць баяцца нападаць на іншага, ня маючы як абараніцца ад удару ў адказ.
Зараз, калі Амэрыка не адмовіцца ад плянаў умацаваньня бясьпекі Захаду, Расея абяцае прыняць “адэкватныя меры”. Гэта ня будзе набліжэньне расейскіх стратэгічных ракетаў у заходнім кірунку на 500 беларускіх кілямэтраў — што магло б мець адно сымбалічнае, а не прынцыповае значэньне. Крэмль пастанавіў забясьпечыцца інакш — адкрыць станцыю пад Ганцавічамі. Пабудова там гатовая на 95%, а агульная гатовасьць станцыі да чыннасьці — на 80%. Будуюць яе ўжо дзесяць гадоў, працуюць збольшага расейскія спэцыялісты. Будоўлю замарозілі ад 1992-га, калі меркавалася, што расейскія войскі пакінуць Беларусь, але аднавілі за Лукашэнкам. Міністар абароны Расеі Ігар Сяргееў пад час леташняга візыту да нас хваліўся, што станцыю паставяць «на баявое дзяжурства» ў 2000 годзе. Грошай за яе арэнду наша дзяржава мець ня будзе, бо правы ўласнасьці на станцыю перадала Маскве.
Станцыя пад Ганцавічамі — вялізны аб’ект радыёлякацыйнага сачэньня за паветранай прастораю па-над усёй Эўропаю, аж пад Атлянтыку, ад Гібралтару да Скандынавіі.
Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі ў інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што дзеля бясьпекі самой Беларусі станцыя непатрэбная, але як элемэнт абароны Расеі яе цяжка пераацаніць. Бо аналягічную станцыю ў Скрундэ (Латвія) дэмантавалі, а пад Ужгарадам (украінскае Закарпацьце) спынілі будаваць — яны экалягічна не бяз шкоды, а палітычна нясуць пагрозу пад’ярэмленьня гэтых краінаў Расеі. Беларусы ж панура брыдуць да Масквы ў заклад.
Станцыя і недабудаваная стала інструмэнтам шантажу сьвету ядзернай Расеяй (прычым беларускімі вуснамі). Дабудаваная, яна некалі можа абысьціся Беларусі ў 10 мільёнаў жыцьцяў — кошт нашмат большы за той, што краіна заплаціла ў 1709-м, і 1812-м, і 1915-м, і 1944-м.
Пратэстаў з боку беларускіх пацыфісцкіх і экалягічных арганізацыяў пакуль не было.
Барыс Тумар