Джаз, пэрфоманс, камуфляж — супэрвобраз, супэрнаш!

5 студзеня з шасьці вечара да 12 ночы ў шкляным корпусе старога менскага аэрапорту праходзіў першы тур акцыі «Супэрвобраз ХХІ — Гук, Колер, Форма»

 

Было шмат чаго: паэт Юры Гумянюк пад гукі флейты чытаў вершы, літкрытык Г.Кісьліцына ці не ад хваляваньня гаварыла са сцэны па-расейску, Тэатар Псыхічнай Неўраўнаважанасьці паказаў пэрфоманс «Мармуровыя псэўдаанёлкі» (галоўны псыхічна няўстойлівы Гальляш Сін пры канцы дзейства разьбіваў антыкварны прайгравальнік з кружэлкай і скідаў яго ледзь не на галовы гледачоў — але, дзякуй Богу, абышлося без ахвяраў); Анохіна йграла на цымбалах, Кляшчоў — на саксафоне, а група «Дыліжанс» — джаз; чытаў са сцэны свае вершы Альгерд Бахарэвіч, колішні пралетар-трактаразаводзец з рок-каманды «Правакацыя»; былі рэпрэзэнтаваныя архітэктурныя, музычныя і тэлевізійныя праекты. Але, бадай, самым галоўным пэрфом-праектам акцыі былі міліцыянты. Бадай, іх было ня меней, чым гледачоў і ўдзельнікаў мерапрыемства. Яны былі ўсюды: сярод цывільных, перад сцэнамі і за сцэнамі, па пэрымэтры і пасярэдзіне. Яны дэманстравалі нам Гук сваіх рацыяў, Колер пярэстых бушлатаў, Формы кнырскіх фігур. Ствараць супэрвобраз ХХІ стагодзьдзя ім дапамагалі пажарныя начальнікі, кабета ў белым халаце з бэджам, пэрсанал аэрапорту, цывільная ахова мерапрыемства і дзьве-тры групы падазрона аднамерных мужычкоў у аднатонных касьцюмчыках. А вось абяцаных у запрашальніку піва-чыпсаў не было. Паддурылі. Дзеля гэтай «засады» заўважаная на акцыі рэінкарнацыя Лёліка Ушкіна бегала піць піва ў краму, а Гальляш Сін пранёс белую, разбаўленую градусам джыну. Але й бязь піва публіка інтэнсыўна спусташала вітрыну бару, паглынаючы булкі, кексы, піражкі, печыва, запіваючы ўсё гэта мінэралкай ды колай. Відаць, у ХХІ стагодзьдзі супэрвобразам Беларусі будзе заставацца жарлівы расейскамоўны плебей і мент з гумай.

Славамір Адамовіч


Конкурс «Супэрвобраз ХХІ стагодзьдзя» ладзілі Саюз пісьменьнікаў, Белдзяржунівэрсытэт і рэклямнае агенцтва Сашы Варламава. Журы конкурсу ў галіне літаратуры ачольвала Вольга Іпатава. Яна прысудзіла першыя прэміі празаікам Ігару Сідаруку і Лявону Вашко, эсэісту Юрасю Барысевічу, паэтам Юр’ю Гуменюку, Альгерду Бахарэвічу і Вальжыне Морт, а таксама Тэатру Псыхічнае Неўраўнаважанасьці — за пэрфоманс на тэму барацьбы з абортамі, у якім Гальляш Сін рабіў нелегальны спарон муміі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0