БТ вачыма беларуса

Урокі беларускай мовы

 

Кароткамэтражны фільм “Урокі беларускай мовы” быў, як і трэ было чакаць ад мастацкага кіно, ня тое каб пра беларускую мову. Даволі неблагі беларускамоўны фільм пра каханьне местачковага падлетка да маладой настаўніцы. 1939, Заходняя Беларусь. Настаўніца зь беларускім прозьвішчам прыехала з Усходу. Хлопец ёй спадабаўся, але раману ня выйшла, па вайне хлопец сам стаў настаўнікам, а ягоная былая навучыцелька так, відаць, па-беларуску й не навучылася… Як і большасьць аніматараў праграм Беларускага тэлебачаньня, трэба зазначыць.

А на гэтым тыдні будзе пара a priori цікавых пазнавальных праграмаў. Панядзелак і аўторак а 16-й у сэрыі “ТБ — школе” будзе пра рэлігію й гісторыю беларускіх земляў Х—ХІІІ ст. ды пра лірыку Багдановіча. З паўторам на наступную раніцу. У сераду ў 16.40 фільм пра маёнтак Чапскіх.

У гэты ж дзень тэма каналаў “Добрай раніцы” і “Добры вечар, Беларусь!” — беларускія імёны на мапе сьвету. Калі маеце што цікавае дадаць да сюжэтаў і размовы ў студыі — званіце ў жывы эфір. Дарэчы, у кіраўніцтва БТ была думка з Новага году зачыніць праграму “Добры вечар!” Пакуль не зачынілі, хто жадае падтрымаць ці параіць аўтарам чаго карыснага — пішыце на Макаёнка 9.

У пятніцу позна ўвечары пакажуць навагоднюю гулянку ў Менску — Новы год на Кастрычніцкай…

У чацьвер, як звычайна, “Акаляда”, у суботу — “Абібок”, у нядзелю для аўтамабілістаў з карыснай інфармацыяй “Аўта-парк”. А замест звычайных па суботах тыднёвых вынікаў беларускага гіт-параду — фэстываль кліпаў “Музычная манаграма-99”. Пазнавата, на жаль, у 0.30.

А ўвечары ў нядзелю — новая музычна-забаўляльная праграма “Сталічны гіт”, што выйдзе замест “Бархатнага сэзону”.

Арцём Лук’яновіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0