весткі зь Вільні

Выстава нашага мастацтва

 

У Вільні перад праваслаўным Раством Хрыстовым адкрылася новая выстава ў Музэі дэкаратыўнага і ўжытковага мастацтва. Яна завецца «Хрысьціянскае мастацтва Літвы». Упершыню за ўсю нашу гісторыю тут можна ўбачыць скарбы Віленскае Катэдры, якія былі адкрытыя роўна дзесяць гадоў таму (мы пра гэта пісалі). Нагадаем, што тады віленскія археолягі, баючыся савецкіх уладаў, перахавалі ўнікальны скарб. Некалькі гадоў ён зьберагаўся ў сховах розных банкаў. І нарэшце! Цяпер сотні ўнікальных рэчаў, якія датычацца гісторыі веры Хрыстовае ў нашым краі, можна пабачыць усім.

Апроч шматлікіх экспанатаў з Катэдры, ёсьць і рэчы, што паходзяць зь Беларусі з ХІ і да ХХ ст. Ёсьць багата абразоў, шатаў ды іншых культавых рэчаў усіх хрысьціянскіх канфэсіяў: каталікоў, праваслаўных, уніятаў, кальвіністаў, старавераў. Згадаем, што пасьля хросту Літвы Ягайлам у 1387 годзе першы касьцёл быў пастаўлены ў Гайне, што пад Лагойскам... Экспазыцыя заняла рэкордную плошчу — аж 3 тысячы квадратных мэтраў. Найбольш каштоўныя творы старасьвецкага мастацтва перахоўваюцца ў 12 адмысловых вітрынах, змантаваных швэйцарскімі інжынэрамі. Не шкадуюць літоўцы грошай на культуру.

Выстава будзе трываць да 2003 году. Усе пасьпеюць...

Віленскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0