БІБЛІЯТЭКА


 

СТО БЕЛАРУСКIХ КНIГ ХХ СТАГОДЗЬДЗЯ

Мы меркавалі завяршыць рэйтынг найлепшых беларускіх кніг напрыканцы мінулага году, ажно чытачы "НН" не пагадзіліся з гэтым. Акурат на Каляды пасыпаліся лісты, і агульны рэдакцыйны сьпіс дасягнуў 800 пазыцыяў. Гэта значыць, што мы будзем працягваць пачатую тры гады таму справу да матэматычнага канца тысячагодзьдзя -- да 2001 году. Тым больш, калі гэта мае водгук у чытачоў.

Алесь Цюленеў піша: "За восем гадоў "Наша Ніва" сталася часткаю мяне, таму з радасьцю дапамагу вам падпіскай". Далей наш карэспандэнт заўважае: "Трохі дзівіць мяне, спадарове, што сьпяшаецеся скончыць ХХ ст. Гэтага стагодзьдзя застаецца яшчэ ладны кавалак. Ажно да наступных Калядаў. Бо рымскі мніх Дыянісі Малы за пачатак нашае эры ўважаў 1 студзеня 1 году. Дык 2000 год мінецца рыхтык 1 студзеня 2001 году. Таму вельмі спадзяюся, што крыху счакаеце падрахоўваць вынікі беларускіх кнігаў ХХ ст."

Камэнтуючы свой сьпіс, сп.Алесь кажа: "У мінулым нумары газэты прэзэнтавалася кніжка Г.Сагановіча і У.Арлова "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі", што была выйшаўшы ў Вільні. Зважаючы на аўтараў і назву твору, маю вялікія спадзевы на ягоную каштоўнасьць. Дык, не чытаючы, узгадаў кніжку ў сваім сьпісе".

Дарэчы, шмат хто сьпяшаецца назваць гэтую кнігу, ня бачыўшы. Мусіць, сапраўды дзейнічае і аўтарытэт аўтараў і магія назвы -- маўляў, "10 вякоў" павінны прэтэндаваць на высокае месца ў сваім тысячагодзьдзі.

Паміж іншых пазыцыяў, сп.Цюленеў назваў і Міцкевічавага "Пана Тадэвуша". Гэты твор належыць мінуламу стагодзьдзю, таксама ў мінулым стагодзьдзі рабіліся і першыя яго беларускія пераклады. Праўда, найбольш дасканалыя былі зробленыя ўжо бліжэй да нашага часу. Таму можна залічыць гэтую кнігу да сьпісу, але варта абавязкова ўдакладніць, чый пераклад вы маеце на ўвазе.

Нехта S.K. даслаў свой сьпіс з Баранавічаў. Мы не аднойчы прасілі не даваць ананімных сьпісаў. Вы можаце дапісаць у лісьце, каб рэдакцыя ня згадвала вашага прозьвішча, але для справядлівага падліку, нам трэба ведаць, што допісы не паўтараюцца. Бо ў гэтым наша агульная з вамі зацікаўленасьць. Тое самае тычыцца і карэспандэнта, які падпісаўся "veresk" і даслаў свой сьпіс электроннай поштай. Дарэчы, ананім з Баранавічаў упершыню згадаў "Новы Дамавікамэрон" Адама Глёбуса.

А ўвогуле гэтым разам, нібы згаварыўшыся, амаль усе называлі "Беларуска-расейскі слоўнік" М.Байкова і С.Некрашэвіча.

Сяржук Шэлег зь Віцебску прасіць "Нашу Ніву" ня надта ўлягаць у Расею, а болей друкаваць навінаў зь Летувы і Польшчы, а таксама -- не здымаць з друку прыватных абвестак, бо гэта -- "найлепшы сродак сувязі з усёй беларускай грамадой". Абвесткі здымаць мы не плянавалі. Адно што ў разьвітых краінах такія абвесткі друкуюць за невялікую плату, з чаго ўрэшце складаюцца грошы на існаваньне газэты. У нас жа грамада яшчэ не дарасла да таго, каб сама сабою ўтрымліваць сваю газэту, і не абражаецца тым, што ейная газэта мусіць ісьці на паклон да чужых людзей, а найчасьцей -- гібець у нэндзы. А як падумаць, што для аднаго капітал, тое для ўсёй грамады -- дробязь. Ды толькі ня надта прапануе нам грамада свае абвесткі за невялікую плату. Зрэшты, гэта іншая тэма. Спадар Сяржук дадаў да агульнага сьпісу некалькі новых кніжак, між якіх ёсьць і зусім сьвежыя. Я б вылучыў падручнік "Судовае мэдыцыны", які можа крыху апярэдзіў свой час, але абавязкова спатрэбіцца беларускім спэцыялістым у новым стагодзьдзі.

Шмат новых кніг назваў і Н.Мысьнік зь Менску. Тут ёсьць і новыя ("Беларуская думка ХХ ст."), якія мала хто пакуль бачыў, і даўнаватыя, як зборнік Анатоля Сербантовіча "Жаваранак у зэніце".

Аляксей Плашчынскі нават пракамэнтаваў пэўныя кнігі з свайго сьпісу. Напрыклад, пра "Імя ў летапісе" Вітаўта Чаропкі: "Гэта тая кніга, зь якой пачаўся рост маёй нацыянальнай сьвядомасьці. Я страшна зацікавіўся беларускай гісторыяй (таму і паступіў на гістфак)". Або -- пра Багдановічаў "Вянок": "Проста гэта мой любімы паэт". І сп.Аляксей пералічыў шмат ня згадваных раней назваў. Тут ужо зусім ляснуў рэдакцыйны разьлік на тое, што шырыня прапановаў скончыцца. Праўда, усе гэтыя кнігі зьявіліся ў кнігарнях толькі зусім нядаўна. Таму ў выніковы рэйтынг яны патрапяць ня хутка.

Час, які мы складаем "Сто кніг", дазволіў нам назапасіць тую колькасьць сьпісаў, якая ўжо сёньня ператварылася ў якасьць. Ужо вымалявалася тая досыць пэўная карціна і зьмены ў ёй могуць быць толькі на ўзроўні, як той казаў, статыстычнай памылкі.

 

СТО ТВОРАЎ

Багдановiч Максiм. Вянок (47)
Караткевiч Уладзiмер. Дзiкае паляваньне караля Стаха (42)
Быкаў Васiль. Знак бяды (38)
Колас Якуб. Новая Зямля (35)
Караткевiч Уладзiмер. Каласы пад сярпом тваiм (34)
Сагановiч Генадзь. Невядомая вайна (34)
Караткевiч Уладзiмер. Чорны замак Альшанскi (32)
Генiюш Ларыса. Споведзь (31)
Тарашкевiч Бранiслаў. Беларуская граматыка для школаў (31)
Купала Янка. Спадчына (30)
Ермаловiч Мiкола. Старажытная Беларусь (28)
Быкаў Васiль. Сотнiкаў (27)
Iгнатоўскi Усевалад. Кароткi нарыс гiсторыi Беларусi (27)
Смолiч Аркадзь. Геаграфiя Беларусi (27)
Ластоўскi Вацлаў. Кароткая гiсторыя Беларусi (26)
Маўр Янка. Палескiя рабiнзоны (26)
Аляхновiч Францiшак. У кiпцюрох ГПУ (25)
Арлоў Уладзiмер. Таямнiцы полацкай гiсторыi (25)
Арсеньнева Натальля. Пад сiнiм небам (25)
Тарасаў Кастусь. Памяць пра легенды (25)
Купала Янка. Жалейка (24)
Мележ Iван. Людзi на балоце (24)
Гарэцкi Максiм. Рунь (2З)
Караткевiч Уладзiмер. Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi (23)
Колас Якуб. На ростанях (23)
Туронак Юры. Беларусь пад нямецкай акупацыяй (23)
Чаропка Вiтаўт. Iмя ў летапiсе (23)
Ермаловiч Мiкола. Па сьлядах аднаго мiту (22)
Караткевiч Уладзiмер. Зямля пад белымi крыламi (22)
Быкаў Васiль. Сьцяна (21)
Энцыкляпэдыя гiсторыi Беларусi (21)
Колас Якуб. Сымон-музыка (20)
Ластоўскi В. Падручны расейска-крыўскi (бел.) слоўнiк (20)
Быкаў Васiль. Альпiйская баляда (19)
Архiтэктура Беларусi. Энцыкляпэдыя (18)
Вiцьбiч Юрка. Плыве з-пад сьвятое гары Нёман (18)
Гарэцкi Максiм. Дзьве душы (18)
Гарун Алесь. Матчын дар (17)
Генiюш Ларыса. Ад родных нiў (17)
Цётка. Хрэст на свабоду (16)
Акула Кастусь. Змагарныя дарогi (15)
Гарэцкi Максiм. Гiсторыя беларускай лiтаратуры (15)
Гiлевiч Нiл. Родныя дзецi (15)
Дайнека Леанiд. Сьлед ваўкалака (15)
Кiпель Вiтаўт. Беларусы ў ЗША (15)
Адамовiч А., Брыль Я., Калесьнiк Ул. Я з вогненнай вёскi (14)
Алексiевiч Сьвятлана. У вайны не жаночае аблiчча (14)
Беларусь. Энцыкляпэдычны даведнiк (14)
Доўнар-Запольскi Мiтрафан. Гiсторыя Беларусi (14)
Калубовiч Аўген. Крокi гiсторыi (14)
Ластоўскi Вацлаў. Гiсторыя беларускай (крыўскай) кнiгi (14)
Мысьлiцелi й асьветнiкi Беларусi (14)
Разанаў Алесь. Вастрыё стралы (14)
Тарасаў Кастусь. Пагоня на Грунвальд (14)
Ткачоў Мiхась. Замкi Беларусi (14)
Цьвiкевiч Аляксандар. "Западно-руссизм" (14)
Абдзiраловiч Iгнат. Адвечным шляхам (13)
Купала Янка. Тутэйшыя (13)
Мрый А. Запiскi Самсона Самасуя (13)
Сямашка Яўген. Армiя Краёва на Беларусi (13)
Найдзюк i Касяк. Беларусь учора i сяньня (12)
Быкаў Васiль. Аблава (11)
Барадулiн Рыгор. Эвангельле ад мамы (10)
Дайнека Леанiд. Меч князя Вячкi (10)
Караткевiч Уладзiмер. Быў. Ёсьць. Буду (10)
Карскi Яўхiм. Беларусы (10)
Станкевiч Адам. Родная мова ў сьвятынях (10)

СТО АЎТАРАЎ

Тое самае тычыцца і рэйтынгу аўтараў, які мы робім паводле сумарнага кніжнага сьпісу. І тут гіерархія сфармавалася і наўрад ці ўжо істотна зьменіцца, прынамсі ў верхняй частцы. У сьпісе аўтараў зроблена выключэньне для Кастуся Каліноўскага, які храналягічна належыць да ХІХ ст., але толькі ў ХХ-м быў апублікаваны ў кніжным фармаце.

1. Караткевiч Уладзiмер 190
2. Быкаў Васiль 155
3. Купала Янка 107
4. Колас Якуб 90
5. Гарэцкi Максiм 76
6. Ластоўскi Вацлаў 68
7. Арлоў Уладзiмер 58
8. Генiюш Ларыса 53
9. Багдановiч Максiм 50
10. Ермаловiч Мiкола 50
11. Тарасаў Кастусь 44
12. Сагановiч Генадзь 39
13. Гілевіч Ніл 38
14. Мележ Іван 38
15. Маўр Янка 35
16. Чаропка Вiтаўт 35
17. Арсеньнева Натальля 34
18. Брыль Янка 32
19. Дайнека Леанiд 32
20. Тарашкевiч Бранiслаў 31
21. Адамовiч Алесь 29
22. Аляхновiч Францiшак 27
23. Iгнатоўскi Усевалад 27
24. Разанаў Алесь 27
25. Смолiч Аркадзь 27
26. Алексіевіч Сьвятлана 26
27. Цётка 26
28. Барадулiн Рыгор 23
29. Вiцьбiч Юрка 23
30. Туронак Юры 23
31. Гарун Алесь 20
32. Акула Кастусь 18
33. Чорны Кузьма 18
34. Глёбус Адам 17
35. Калесьнiк Уладзiмер 17
36. Калубовiч Аўген 17
37. Ткачоў Мiхась 17
38. Цiтоў Анатоль 17
39. Доўнар-Запольскi Мiтрафан 16
40. Кiпель Вiтаўт 16
41. Крапiва Кандрат 15
42. Мальдзiс Адам 15
43. Шамякін Іван 15
44. Адамовiч Славамiр 14
45. Далiдовiч Генрых 14
46. Касяк 14
47. Мрый Андрэй 14
48. Станкевiч Ян 14
49. Танк Максiм 14
50. Цьвiкевiч Аляксандар 14
51. Абдзiраловiч Iгнат 13
52. Дубоўка Уладзiмер 13
53. Жылка Уладзiмер 13
54. Лынькоў Мiхась 13
55. Станкевіч Адам 13
56. Сямашка Яўген 13
57. Пазьняк Зянон 13
58. Вядзьмак Лысагорскi 12
59. Найдзюк 12
60. Улашчык Мiкола 12
61. Адамчык Вячаслаў 11
62. Лёсiк Язэп 11
63. Стральцоў Мiхась 11
64. Сяднёў Масей 11
65. Бядуля Зьмiтрок 10
66. Грахоўскi Сяргей 10
67. Карскi Яўхiм 10
68. Iпатава Вольга 9
69. Лойка Алег 9
70. Каліноўскі Кастусь 8
71. Лукашук Аляксандар 8
72. Луцкевiч Антон 8
73. Яновiч Сакрат 8
74. Бутрамееў Уладзiмер 7
75. Карпюк Аляксей 7
76. Некрашэвiч і Байкоў 7
77. Панчанка Пімен 7
78. Раманюк Мiхась 7
79. Салавей Алесь 7
80. Сачанка Барыс 7
81. Шчакацiхiн Мiкола 7
82. Юхо Язэп 7
83. Ядвігін Ш. 7
84. Буйло Канстанцыя 6
85. Гайдук Мiкола 6
86. Зарэцкi Мiхась 6
87. Кiсялёў Генадзь 6
88. Пташнiкаў Iван 6
89. Сыс Анатоль 6
90. Александровiч Сьцяпан 5
91. Запруднiк Ян 5
92. Каганец Карусь 5
93. Лыч Леанід 5
94. Рубанаў Уладзiслаў 5
95. Сёмуха Васіль 5
96. Сокалаў-Воюш Сяржук 5
97. Янкоўскi Фёдар 5

Яшчэ адна заўвага для сп. Кастуся Балахоўскага з Мар'інай Горкі, які пытаўся пра 100 найлепшых кніг сусьветнай клясыкі. Нагадаю, што ўласна з такой публікацыі і нарадзілася ідэя беларускага рэйтынгу. А было гэта ў 1996 годзе, у "Нашай Ніве" за 24 чэрвеня (№ 15 (53)), дзе мы надрукавалі Сьпіс найлепшых кніг сьвету ХХ ст. паводле апытаньня супрацоўнікаў Нью-Ёрскай публічнай бібліятэкі. Там, праўда, ня сто кніг было, а нашмат болей.

Крыт.

 


CD, чытай!

Часопіс "Студэнцкая Думка", нумары 7-10 за 1999 год.

Гадоў дзесяць таму маленькаму хлопчыку Толю, які прагнуў дарвацца да парасткаў беларускага адраджэньня, прынесьлі друкаваную на жаўтлявай паперы танюткую “часапісь” “Студэнцкая Думка”, якую выдаваў нехта сп.Гуркоў. Разам са “свабодаўскім” “Гаварыў Язэп Барэйка”, якое гучала з мэмбранаў старога дзедаўскага самапальнага прыймача, выданьне, бадай, і сталася тым, што вызначыла грамадзянскую пазыцыю ды сьветапогляд яшчэ далёка не студэнта Прасаловіча.

Прайшоў час, “інжынэры лесу” з БДзТУ недзе згубілі эстафэтную палачку стварэньня “Студэнцкае Думкі”, але неўзабаве яна зьявілася зноў, акрылела, перайшла на легальную аснову (зь невядомай ступеньню пераймальнасьці), выбілася на нармальную паперу, а ад сёлета ўжо мы маем “СD” каляровую. Выданьне ня зьнікла зь беларускае інфармацыйнае прасторы, нягледзячы на быццам перажытую летась глыбокую творчую крызу ў калектыве.

Да зьместу. Мала што засталося ад лесгасфакаўскае выдаванкі ў кампазыцыі, дызайне, складзе аўтараў, але сутнасьць тая самая: “Студэнцкая Думка” -- гэтым разам проста “штомесячнае выданьне” -- скіраваная выключна на студэнтаў, прычым збольшага зарыентаваных у беларускім “раскладзе”.

Тэматыку часопіса нельга назваць вузкай, хоць усе артыкулы так ці неяк зьвязаныя з жыцьцём ды зацікаўленьнямі грызуноў каменя акадэмічнае навукі. Шмат месца прысьвячаецца заўсёдным сацыяльным праблемам студэнтаў, аднак бракуе пры гэтым шляхоў змаганьня за свае правы. Аўтары “CD” з задавальненьнем распавядуць вам пра тое, як яны вучыліся ў Латвіі ці гасьцявалі ў сваіх праскіх, варшаўскіх, віленскіх ды ці мала якіх яшчэ сяброў Задзіночаньня Беларускіх Студэнтаў, раскіданых па ўсім белым сьвеце. Магчыма, гэтак ЗБС намагаецца пашырыць кола сваіх сымпатызантаў, завабіць іх прыгожымі цацкамі ў замежнай абгортцы. Але ці варта пакідаць часопіс на ўзроўні органу адной арганізацыі, калі ёсьць цалкам відавочная пэрспэктыва заняцьця зусім вольнае нішы прафэсійнага выданьня для моладзі?

У астатнім часопіс цікавы ды непаўторны: ну, дзе яшчэ па-беларуску студэнт дастане інфармацыі пра тое, як правільна нацягваць кандом, прычым фінальнай фразай ідзе “Вашае здароўе ў вашых руках. Беражыце адзін аднаго. Беражыце сваё каханьне!” Цнатлявыя беларускія студэнтачкі, мусіць, млеюць ад такое непрыхаванае мужчынскае самазакаханасьці не зусім мачысцкага ЗБСу. З апошніх артыкулаў можна адзначыць зацемку сп.Мухіна пра анархістаў ды ягонае ж інтэрвію з контракультурным Лёлікам Ушкіным, Гардзіенкаў “Кalandar” і сэрыю “Millenium”, у якой, праўда, кожны з аўтараў апэруе аднымі й тымі ж фактамі. Не застануцца па-за ўвагай чытачоў артыкулы, прысьвечаныя музыцы, спорту, вандроўкам.

Аднак, не зважаючы на досыць шырокі тэматычны спэктар матар'ялаў, яны ўсе абмежаваныя канцэптуальна: аддаецца перавага апісаньню сваіх уражаньняў ды тлумачэньням тое ці іншае зьявы, “Студэнцкая думка” губляе ці, хутчэй, не знаходзіць новае чытацкае аўдыторыі. Хочацца верыць, што пэўная ступень графаманства, у якім можна абгрунтавана абвінаваціць і аўтара гэтае рэцэнзіі, будзе характэрная для “CD” толькі на этапе станаўленьня.

Анатоль Прасаловіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0