Барацьба за нацыянальны ўнівэрсытэт

 

Настаўнікі Пухавіцкага раёну пішуць нам, што, сабраўшыся на ўстаноўчы сход, каб стварыць суполку Таварыства Беларускай Школы, прынялі зварот да сваіх калег. «Бацькі выбіраюць расейскамоўную адукацыю для сваіх дзяцей, — сьцьвярджаюць яны, — бо беларуская мова не патрэбная ні ў якіх дзяржаўных установах, у войску, у міліцыі, бо няма ніводнай ВНУ, тэхнікуму на беларускай мове». Каб абараніць правы беларусаў, яны прапануюць ажыцьцявіць наступныя захады: «Стварыць Нацыянальны ўнівэрсытэт, ва ўсіх вышэйшых і сярэдніх спэцыяльных навучальных установах стварыць два патокі — беларускамоўны і расейскамоўны, аднавіць даплаты выкладчыкам школ, тэхнікумаў, ВНУ, якія вядуць свае прадметы па-беларуску». Мар’інагорцы клічуць усіх далучацца да акцыяў ТБМ і ТБШ і да патрабаваньня аб адкрыцьці Нацыянальнага ўнівэрсытэту.

Дарэчы, 2000 год можа стаць годам адкрыцьця першага беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту, — паведаміў старшыня ТБМ Алег Трусаў — на ўзор францускае Сарбоны ці брытанскага Кембрыджу. Ужо набылі абрысы статутныя палажэньні новае ўстановы. Яна мае рыхтаваць адмыслоўцаў у двух кірунках: навуковыя кадры для Акадэміі навук і мэнэджэры, кіраўнікі для гаспадаркі краіны. Адсюль плянаваныя факультэты. Ужо амаль гатовы да адкрыцьця прыродазнаўчы. Рыхтуюцца літаратуразнаўчы, філязофскі, юрыдычны, гісторыка-філялягічны, эканамічны. Апошнім мае кіраваць акадэмік трох замежных акадэміяў прафэсар эканомікі Сямён Шарэцкі. У зьмест навучаньня, апрача спэцдысцыплінаў, мяркуецца ўвесьці лаціну, дзьве сучасныя замежныя мовы, а таксама краіназнаўства. Набор выкладчыкаў пачаўся, і ўжо выказалі жаданьне рыхтаваць маладую нацыянальную эліту больш за 40 чалавек. Кіраўнік ініцыятыўнае групы Алег Трусаў сказаў, што першы нацыянальны ўнівэрсытэт будзе дзяржаўным. Праўда, як гэта магчыма ва ўмовах каляніяльнае дзяржавы?

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0