Страчаны скарб-3

 

Выставу «Хрысьціянскае мастацтва Літвы», якую дзяржаўныя й касьцельныя ўлады адкрылі напярэдадні 2000 году хрысьціянства, ужо сёньня называюць самай вялікай выставай у гісторыі Вільні. Справа ня толькі ў яе рэкордных экспазыцыйных плошчах, але і ў тым, што тут сабраныя разам самыя каштоўныя й сьвятыя рэчы.

 

Выстава складаецца з розных тэматычных разьдзелаў. Напрыклад, у першым, гістарычным, паказаныя дакумэнты, якія датычацца старой гісторыі хрысьціянства ў Вялікім Княстве. Тутака й першыя папскія булы з архіваў Ватыкану, адрасаваныя ў наш край, і арыгіналы граматаў Гедыміна й Вітаўта, і найстарэйшыя кнігі, ад рукапіснае Бібліі Сьвятога Гераніма да Берасьцейскае Бібліі і ўніяцкіх беларускіх малітоўнікаў. Але самы дарагі скарб, якім адкрываецца ўся выстава, — гэта Тураўскае Эвангельле ХІ ст., самы старажытны экспанат. Міжволі затойваеш дыханьне, углядаючыся ў беларускія словы, буквіцы й маргіналіі, якім амаль тысяча гадоў. А фарбы па-ранейшаму чыстыя й нятускныя...

Астатнія разьдзелы выставы па-рознаму аздобленыя й пабудаваныя на розных прынцыпах. Ёсьць, напрыклад асобны разьдзел скарбаў, царкоўнага ўбраньня й партрэтаў зь Віленскага біскупату (у ягоных традыцыйных межах). Сярод іншага тут паказаныя невядомыя ў Беларусі партрэты XVI ст. віленскага біскупа (1481—1491) Андрэя Гашкевіча й князя Паўла Гальшанскага, пэндзля Джавані дэль Монтэ.

Асобна прадстаўлены разьдзел некаталіцкіх канфэсіяў, зь вялікай сэкцыяй праваслаўных абразоў. Разьдзел народнага рэлігійнага мастацтва. І багата ўсяго яшчэ.

Але самае пачэснае месца на гэтай велізарнай выставе, як і чакалася, заняў скарб Віленскае Катэдры. Ён вылучаны ў асобны разьдзел і экспанаваны зусім па-іншаму. Для яго змантаваная асобная камэра, з ультрафіялетавымі лямпкамі, адмысловай вэнтыляцыяй і сыстэмамі аховы...

Гісторыя гэтага скарбу вельмі доўгая. Ведама, што першыя дарункі Катэдры рабілі яшчэ Вітаўт зь Ягайлам. Пазьней, усьлед за імі, сьвятыню адорвалі вялікія князі й каралі Сьвяты Казімер, Аляксандар, Жыгімонт Ваза, княгіні й каралевы Альжбэта Габсбург, Бона Сфорца, Барбара Радзівіл. Вялікія ахвяраваньні йшлі ў Катэдру з усяе Беларусі. Ад Радзівілаў, Сапегаў, Тышкевічаў ды іншых магнатаў, якія выкупалі гэткім чынам сабе збавеньне вечнае. Багата ахвяравалі Катэдры і самі віленскія біскупы, напрыклад, Пац, Война, Бржастоўскі...

Найперш дарыліся сакральныя рэчы, уласна для культу, накшталт манстранцаў, паціраў, рэлікварыяў, кандэлябраў і лямпадаў. Шмат было келіхаў, сподачкаў і лыжачак для прычасьця. Часьцяком гэта былі й гэтак званыя ватыўныя, альбо ахвярныя, выявы сэрцаў, рук і ног, з каштоўных мэталаў, а то й проста каралі, ружанцы й пацеркі з каштоўнага каменя, пярсьцёнкі, калечкі ці наагул залатыя й срэбныя манэты.

У ХVII ст. узьнікла патрэба хаваць вялізныя скарбы, сабраныя ў Катэдры, ад расейцаў і швэдаў. Да 1667 году большая частка скарбаў, пакуль быў біскупам Юры Белазор, перахоўвалася на Берасьцейшчыне, у рэзыдэнцыі Сапегаў, што ў Ружанах. Пазьнейшыя часы таксама не прынесьлі палёгкі. Багата чаго схавалі так, што й да сёньня ніхто не знайшоў. Дарэчы, паднашэньні Катэдры ад каралёў і князёў пакуль ня знойдзеныя. У 1939 годзе былі перахаваныя кароны й рэчы, што знайшлі археолягі ў саркафагах князя Аляксандра, Альжбэты Габсбург ды Барбары Радзівіл у 1931-м. Сэйф быў недзе замураваны ў сьценах бажніцы. Як і многія іншыя скарбы, адзін зь якіх паказаны на выставе.

У экспазыцыю ўвайшлі толькі прадметы культу й толькі тыя, што не патрабуюць дадатковай рэстаўрацыі, як напрыклад сьвяточныя ўборы сьвятароў, габэлены, рэлікварыі.

Адна з найбольш каштоўных рэчаў тут — залаты келіх, у духу беларускага рэнэсансу, падораны Катэдры пасьля 1583 году Юр’ем Радзівілам, князем зь Нясьвіжу, першым кадыналам у ВКЛ. Надзвычай тонкай ювэлірнай работаю ўражвае манстранц з золата, плаціны й рубінаў, падораны вялікім гетманам Аляксандрам Гасеўскім у 50-я гады XVII ст. сабору Сьв.Казімера, адкуль патрапіў у Катэдру за расейскім часам. Цяжка прайсьці міма вялізнага паціра, багата ўпрыгожанага эмалямі й рэльефамі са срэбра, падоранага Міхалам Тышкевічам. Тут агулам прадстаўленыя больш за тры сотні ўнікальных рэчаў, рэлікварыяў з часьцінкамі мошчаў Сьв.Марыі Магдалены, Пляцыда й Маўрыцыя, багата касьцельнага начыньня. Сярод усяго патрапілася й буйная пазалочаная срэбная чаша, з праваслаўнымі крыжамі й кірылічнай вязьзю, зь дзіўнай гравіраванай прыпіскаю на дзіўнай польскай мове: «katedry wilenskaj ad pfrancuzow Karola Bekina». Сапраўдны шэдэўр, Вялікі, альбо Гаштольдаў манстранц XVI ст., завяршае экспазыцыю. Гэта ўнікальная рэч, у чалавечы рост вышынёю, вырабленая нашымі майстрамі, была падораная вялікім канцлерам і старостам мазырскім і барысаўскім, ваяводам наваградзкім, полацкім і віленскім, графам з Геранёнаў, Альбрэхтам Гаштольдам у 1535 годзе.

Схаваныя ў 1939 годзе палякамі й адкрытыя літоўцамі ў 1985 годзе, скарбы нашае магнатэрыі зноў бачаць людзі. Шкада, іх ня бачаць самі беларусы, ці, прынамсі, нашы навукоўцы. Бо большасьць рэчаў, прадстаўленых і ў разьдзеле скарбу Віленскай Катэдры, і ў астатніх, атрыбутаваныя вельмі павярхоўна. Напрыклад, сотні цэтлікаў паведамляюць, што нейкія рэчы зробленыя ў «Сярэдняй Эўропе» альбо ў «Літве». Што такое «Літва» пачынаеш разумець, калі натрапляеш у залі «Жамойцкі біскупат» на цэлую шафу касьцельнага адзеньня, мітраў, арнатаў, шкаплераў, падпісаных: «Lietuva, Gardinas» (Літва, Горадня)... А праваслаўныя абразы наагул тэрытарыяльна не прывязаныя, а толькі прадатаваныя. Ды ўсё ж гэта выстаўлена. І для прыгажосьці й сьвятасьці няма межаў. Выстава працягнецца яшчэ 3 гады. І ў нас наперадзе багата часу, каб вывучыць і навучыцца цаніць і шанаваць свой страчаны скарб.

Антон Сіюль


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0