Ад рэдактара

Рана надзімаць шчокі

 

Нязгоду спадара Крукоўскага выклікалі словы: «... з гэтага пачалося ўсё, што было пасьля — адраджэнскі рух, незалежнасьць, цяперашняя апазыцыя...» «З «гэтага» — значыць са сьвяткаваньня студэнтамі Калядаў у дварах на Карла Маркса», — піша мастак. Асабліва ж абурыла яго тое, што ўсе, хто датуль шчыраваў на незалежніцкай ніве, названыя «інтравэртамі-падпольшчыкамі» і «адраджэнцамі» — у двукосьсі.

Трэба прызнаць справядлівасьць гэтае нязгоды. Але пры тым варта ўсьведамляць сабе і прыроду гэтага канфлікту, для якога, на маю думку, няма ніякіх сутнасных падставаў. Зразумелае памкненьне выстраіць найноўшую беларускую гісторыю ў пэўны храналягічны парадак, ды, мабыць, яшчэ не прыйшоў на тое час. Хоць, зь іншага боку, заўсёды памкненьне спарадкаваць гісторыю будзе выклікаць непазьбежныя «спрашчэньні» з боку тых, хто бярэцца за такую работу, і нязгоду ды абурэньне іншых.

Майстроўня была сапраўды першай легальнай арганізацыяй, арыентаванай навонкі, на прыцягненьне да сябе чым большае колькасьці людзей. Але яна зьявілася не на пустым месцы. «Усё спляжана двума-трыма сказамі гэтай самай публікацыі, — піша, спадар Крукоўскі. — Не было Разанава і Яраца, не было ўнівэрсытэцкай справы (1968); не было геніяльнай працы Ермаловіча «Па сьлядах аднаго міту» (1968); не было Пазьняка зь сябрамі ды іхнай барацьбы за стары Менск; не было акадэмічнай справы (Чарняўскі зь сябрамі, 1973); не было ліста Мацея Бурачка да зьезду пісьменьнікаў (1976). А сьвяткаваньне 1000-годзьдзя Беларусі (1980) з КГБэшным працягам? А шматлікія выставы, ладжаныя групай мастакоў-дысыдэнтаў: Цётка (1976), Сергіевіч (1978), Драздовіч (1979), Сеўрук (1980), Гусоўскі (1980)?»

«Адсюль вы, хлопчыкі, адсюль! — працягвае спадар Крукоўскі. — Ня зь вёскі Задрыпанкі і не з зашмальцаванага мястэчка. Тут была і вашая пачатковая школа, і вашыя ўнівэрсытэты. А нашыя дарагія, незабыўныя нябожчыкі: Мікола Ўлашчык, Уладзімер Караткевіч, Міхась Ткачоў, Міхась Дубянецкі, Міхась Раманюк, Генадзь Сакалоў-Кубай? Няўжо Караткевіч варты ўсяго 3-4-х радкоў? Ды адна Ларыса Геніюш сваім фактам існаваньня на нашай зямлі, сваёй адмовай прыняць бэсэсэраўскае грамадзянства (да сьмерці!) зрабіла для нашай незалежнасьці больш, чым тысячы каляднікаў разам зь іх зоркамі, сьпевамі, козамі і кілбасой. З усяго гэтага нарадзілася і Майстроўня, ролю каторай я зусім не зьбіраюся прынізіць.

Не было ў Майстроўні рабочага Івашкевіча, вайскоўца Статкевіча, навукоўцаў Смаленчука ці Насевіча, барда Мельнікава. Недзе ж яны вырасьлі? Не было маладэчанцаў і пінчукоў, гарадзенцаў ці аршанцаў, не было моладзі віцебскай, берасьцейскай або магілёўскай. Гэта была лякальная менская студэнцкая тусоўка, праўда, на высакародным, шляхетным грунце.

Не ў дваровых гульнях студэнтаў нарадзіўся Беларускі Народны Фронт, а ў разумных, дасьведчаных, адважных, нацыянальна-сьведамых галовах беларускай інтэлігенцыі».

Нарэшце, істотнае ўдакладненьне: «Апісаньне калядных прыгодаў (з Караткевічавым дваром і міліцэйскім хапуном) дакладна адпавядае 7-му студзеня 1981 году. Ды й Майстроўня ўзьнікла напрыканцы 1980 году. Так што рана надзімаць шчокі ды калаціць у барабаны, да слаўнага юбілею трэба пацярпець год».

Прызнаючы пэўную некарэктнасьць у дачыненьні да людзей, што названыя ў публікацыі «ранейшымі адраджэнцамі» ды яшчэ ў двукосьсі, мушу cказаць наступнае. Сапраўды, у беларускай незалежніцкай або адраджэнскай гісторыі нішто не ўзьнікала на голым месцы. І тая ж Майстроўня — гэта лягічны працяг (адзін з працягаў) ранейшых чынаў. Дастаткова згадаць, што вярнуліся студэнты пасьля сутычкі зь міліцыяй якраз у майстэрню да старэйшых мастакоў, якія шмат апекаваліся маладымі. Гэта непадзельная гісторыя.

На хвалі нязгоды спадар Крукоўскі кароткімі штрыхамі азначыў этапы беларускай адраджэнскай гісторыі канца ХХ ст. Мабыць, без такое нагоды ён бы гэтага не зрабіў. Як ня робяць гэтага дзясяткі й сотні ўдзельнікаў нашай найноўшай гісторыі. Зразумела, што яна яшчэ не ўспрымаецца як гісторыя. Але колькі ўсяго зрабілася за гэтыя дваццаць гадоў! І ўрэшце — як даўно тое было! Так даўно, што ўжо блытаюцца факты, даты, прозьвішчы.

Поступ пачынаецца зь фіксацыі папярэдняга кроку або этапу. Было б у нас сёньня хаця б столькі ж успамінаў пра Майстроўню, колькі пісала пра яе тагачасная прэса — можна было б з гэтага акрэсьліць карціну і — зафіксаваць. Прычым тое тычыцца ня толькі Майстроўні. І нават ня толькі ранейшых этапаў, пералічаных спадаром Крукоўскім. У цэлым гэта тычыцца найноўшага беларускага адраджэньня, зьмест якога — калясальныя выдаткі часу, энэргіі, сродкаў — аніяк не ўбярэцца ў форму і застаецца незафіксаваным. Між тым, чым ранейшы ў часе той чын, тым цяжэй дастаць пра яго зьвесткі. Урэшце за такую справу бяруцца людзі, якія ў тым ня ўдзельнічалі і якім тое элемэнтарна ня грэе сэрца.

На вялікі жаль, мы пакуль што асуджаныя на канфлікты, для якіх няма ніякіх падставаў. І праблема гэта наша агульная, як нас ні дзялі. Таму каторы раз запрашаю шаноўных чытачоў «НН» — успамінаць, удакладняць і спрачацца пра тое, што так імкліва пакідае нашу супольную памяць.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0