СЭНСАЦЫЯ ПРАЦЯГВАЕЦЦА

Яшчэ адныя вынiкi перапiсу

 

У апошнiм нумары «НН» славуты навуковец д-р Ганорыс Каўза апублiкаваў вынiкi дасьледаваньня прозьвiшчаў у тэлефонных даведнiках, зь якiх вынiкае, што беларусаў няма, а ёсьць лiцьвiны й надзвычай агрэсіўная меншасьць — сакуны. Гэтыя зьвесткi я папрасiў пракамэнтаваць свайго блiзкага знаёмага, аднаго зь вядучых адмыслоўцаў у галiне этналёгii — прафэсара Тутсiфiловiча.

Факт несупадзеньня зьвестак афiцыйнага перапiсу з вынiкам аналiзу прозьвiшчаў у тэлефонных даведнiках зусiм не зьдзiвiў паважанага прафэсара. Ён растлумачыў, што афiцыйныя зьвесткi — гэта яшчэ толькi сьпiс нацыяў.

Каб атрымаць вынiкi перапiсу, iх, як паказвае само гэтае слова, трэба перапiсаць наноў, што й зрабiў паважаны д-р Ганорыс Каўза. Сп.Тутсiфiловiч ня згодны з тым, што новай нацыянальнай большасьцю сталiся лiцьвiны. Найбольшы з народаў — паказаў ён пальцам — пазначаны ў сьпiсе пад нумарам 8. Гэта агуламы, назва якiх памылкова пададзеная там у адзiночным лiку. Яны вызнаюць будызм (як вiдаць з назову — агу, ламы!) i, дасягнуўшы нiрваны, абыякавыя да становiшча ў краiне.

Згодна зь iншай гiпотэзай, ваяўнiчыя iндзейцы агуламы названыя так з-за воклiчу, якiм яны гукалi свойскую жывёлу. Яны перакачавалi на ўсход разам з NATO i сталiся велiзарнаю небясьпекай для свайго ўсходняга суседа — расейцаў. Напрыклад, яны сiлком адабралi ў iх лiтару «ё», так што яна больш не сустракаецца ў расейскiх газэтах i кнiгах — хто ня верыць, можа праверыць. Як паведаміла адна iншаземная выведка, апошнiя перамогi чачэнцаў тлумачацца якраз тым, што загады расейскім войскам аддавалi, не ўжываючы «ё» i выразу на яе аснове, i такiя загады аказаліся незразумелымi для жаўнераў.

Шаноўнага спадара Тутсiфiловiча надзвычай засмуцiла тое, што прадстаўнiкi двух вельмi слынных народаў, на жаль, цалкам зьнiклi з этнiчнай карты нашай краiны. Адныя зь iх ужо даўно жывуць тут i таму ўзялi сабе iмя «тутыя»; а другiя прыйшлi яшчэ за балцкiм субстратам, i таму яшчэ тутэйшыя за iх. Нечаканае й трагiчнае зьнiкненьне гэтых нацыяў, напэўна, i сталася галоўным вынiкам перапiсу.

 

Сержык Карбоўскi


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0